Да Рымлянаў 6 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Дык што скажам? Ці заставацца нам у граху, каб памножылася ласка?
 
Дык што скажам? Ці будзем трываць у граху, каб памнажалася ласка? Ніякім чынам!

Зусім не. Мы, якія памерлі для граху, як жа яшчэ будзем жыць у ім?
 
Бо калі мы памерлі для граху, дык як жа можам жыць у ім далей?

Ці вы не ведаеце, што ўсе мы, хто быў ахрышчаны ў Хрыста Ісуса, ахрышчаны ў Яго смерць?
 
Ці ж вы не ведаеце, што мы ўсе, ахрышчаныя ў Ісуса Хрыста, ахрышчаны ў смерць Яго?

Дык мы былі з Ім пахаваныя праз хрышчэнне ў смерць, каб як быў уваскрэшаны Хрыстос з мёртвых славаю Бацькі, так і мыпачалі хадзіць ў навізне жыцця.
 
Таму праз хрост мы разам з Ім пахаваны ў смерць, каб, як Хрыстос быў уваскрашоны з мёртвых славаю Айца, так і мы пачалі жыць абноўленым жыццём.

Бо калі мы зрасліся з Ім падабенствам Яго смерці, то мы будзем і падабенствам уваскрашэння;
 
Бо калі мы аб’яднаны з Ім падобнасцю Яго смерці, дык [будзем аб’яднаны падобнасцю] і ўваскрэсення.

ведаючы тое, што наш стары чалавек быў укрыжаваныз Ім, каб было знішчана цела граху, каб мы ўжо не служылі граху;
 
Ведаем гэта, што для знішчэння грэшнага цела даўнейшы наш чалавек быў разам з Ім укрыжаваны на тое, каб мы больш не служылі граху.

бо памерлы апраўданы ад граху.
 
Хто бо памёр, апраўдаўся ад граху.

Калі ж мы памерлі з Хрыстом, то верым, што і жыць будзем з Ім,
 
Калі ж мы памерлі разам з Хрыстом, дык верым, што разам з Ім і жыць будзем,

ведаючы, што Хрыстос, уваскрэшаны з мёртвых, ужо не памірае, смерць над Ім ужо не мае ўлады.
 
ведаючы, што Хрыстос, уваскросшы з мёртвых, ужо не памірае, смерць над Ім не мае ўлады.

Бо смерцю, якой Ён памёр, Ён памёр для граху раз і назаўсёды, а жыццём, якім Ён жыве, Ён жыве для Бога.
 
Калі Ён памёр, дык памёр толькі раз для граху, а што жыве, то жыве для Бога.

Гэтак і вы — лічыце, што вы самі мёртвыя для граху, але жывыя для Бога ў Хрысце Ісусе, [нашым Госпадзе].
 
Так і вы лічыце сябе памерлымі для граху, а жывымі для Бога ў Хрысце Ісусе.

Дык няхай не ўладарыць грэх у вашым смяротным целе, каб вам слухацца яго пажадлівасцяў;
 
Дык хай жа грэх не валадарыць у вашым смяротным целе, каб вам слухацца пажадлівасці яго.

і не аддавайцеграху вашы органы ў зброю няправеднасці, а аддавайце сябе Богу, як ажыўленыя з мёртвых і вашы органы — у зброю праведнасці Богу.
 
Не аддавайце граху члены вашы як зброю несправядлівасці, але аддавайце сябе Богу як тыя, што пасля смерці ажылі, ды члены вашы Богу як зброю справядлівасці.

Бо грэх не будзе над вамі панаваць: бо вы не пад законам, а пад ласкаю.
 
Няхай грэх не пануе над вамі, бо вы не пад законам, але пад ласкаю.

Дык што? Ці грашыць нам, таму што мы не пад законам, але пад ласкаю? Зусім не.
 
Дык што ж? Будзем грашыць, бо мы не пад законам, але пад ласкай? Аніяк!

Хіба вы не ведаеце, што каму вы аддаяце сябе рабамі ў паслушэнства, таго вы і рабы, каго слухаецеся, — ці то граху на смерць, ці паслушэнству на праведнасць?
 
Ці ж не ведаеце, што, каму аддаяце сябе паслугачом на паслухмянасць, становіцеся таго паслугачамі, каму паслухмяныя: ці граху на смерць, ці паслухмянасці на справядлівасць.

Але ўдзячнасць Богу, бо вы былі рабы граху, але ад сэрца паслухаліся таму вобразу навукі, якому былі аддадзены.
 
Дзякуй Богу, што вы, якія былі нявольнікамі граху, ад шчырага сэрца паслухаліся таго ладу навукі, у якую вы аддалі сябе.

І вызваленыя ад граху, вы зрабіліся рабамі праведнасці.
 
Вызваленыя ж ад граху, вы сталіся паслугачамі справядлівасці.

Па-чалавечы кажу з-за слабасці вашага цела. Бо як вы аддалі вашы органы ў рабы нячыстасці і беззаконню на беззаконне, так цяпер аддайце вашы органы ў рабыправеднасці наасвячэнне.
 
Гавару, як прынята ў людзей, дзеля кволасці цела вашага. Як аддавалі вы члены вашы на службу нячыстасці і нягоднасці на беззаконне, так аддавайце цяпер члены вашы на службу справядлівасці на асвячэнне.

Бо калі вы былі рабамі граху, вы былі вольныя ад праведнасці.
 
Калі вы былі нявольнікамі граху, тады былі вы свабоднымі ад справядлівасці.

Які ж плод вы мелі тады? Учынкі, якіх вы цяпер саромеецеся, бо канец тых учынкаў — смерць.
 
Які ж вы мелі плод тады з таго, чаго цяпер саромеецеся? Бо канец гэтага — смерць!

Але цяпер вызваленыя ад граху і стаўшы рабамі Богу, вы маеце свой плод да асвячэння і канец — вечнае жыццё.
 
Цяпер жа, вызваленыя ад граху ды ўчыненыя паслугачамі Бога, маеце плод ваш на асвячэнне, а на канец — жыццё вечнае!

Бо плата грэху — смерць, а дар Божы — вечнае жыццё ў Хрысце Ісусе, нашым Госпадзе.
 
Бо плата за грэх — смерць, а дар Божы — жыццё вечнае ў Хрысце Ісусе, Госпадзе нашым.