Мацьвея 2 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Біблія Скарыны (Бразгуноў)
Калі ж Ісус нарадзіўся ў Віфлееме Іудзейскім у дні цара Ірада, вось, прыйшлі ў Іерусалім магі з усходу,
кажучы: Дзе народжаны Цар Іудзейскі? Бо мы бачылі Яго зорку на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму.
Пачуўшы ж гэта, цар Ірад устрывожыўся, і ўвесь Іерусалім з ім.
І, сабраўшы ўсіх першасвятароў і народных кніжнікаў, ён пытаўся ў іх, дзе належыць нарадзіцца Хрысту.
І яны сказалі яму: У Віфлееме Іудзейскім, бо так напісана праз прарока:
«І ты, Віфлееме, зямля Іудава, нічым не меншы сярод галоўных гарадоў Іудавых; бо з цябе выйдзе Правадыр, Які будзе пасвіць Мой народ, Ізраіля».
Тады Ірад, употай паклікаўшы магаў, дакладна выведаў ад іх час, калі з’явілася зорка,
і, паслаўшы іх у Віфлеем, сказаў: Пайдзіце, дакладна разведайце пра Дзіця, а як знойдзеце, паведаміце мне, каб і я прыйшоў пакланіцца Яму.
Яны ж, выслухаўшы цара, пайшлі, і вось, зорка, якую яны бачылі на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль, прыйшоўшы, не стала над месцам, дзе было Дзіця.
Убачыўшы ж зорку, яны ўзрадаваліся вельмі вялікаю радасцю.
І, увайшоўшы ў дом, яны ўбачылі Дзіця з Марыяй, Яго Маці, і, упаўшы, пакланіліся Яму і, адкрыўшы свае скарбонкі, паднеслі Яму дары: золата, ладан і смірну.
І, атрымаўшы ў сне засцярогу не вяртацца да Ірада, яны іншаю дарогаю адышлі ў сваю краіну.
Калі ж яны адышлі, вось, Анёл Гасподні з’яўляецца ў сне Іосіфу, кажучы: Устань, вазьмі Дзіця і Яго Маці, і ўцякай у Егіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе; бо Ірад збіраецца шукаць Дзіця, каб згубіць Яго.
І, устаўшы, ён узяў Дзіця і Яго Маці ўночы, і адышоў у Егіпет,
і быў там да Ірадавай смерці: каб спраўдзілася сказанае Госпадам праз прарока, які кажа: «З Егіпта Я паклікаў Майго Сына».
Тады Ірад, убачыўшы, што мгі насмяяліся з яго, моцна разгневаўся і, паслаўшы людзей, выбіў усіх хлопчыкаў у Віфлееме і ва ўсіх яго межах, ад двух гадоў і менш, згодна з часам, які дакладна ўведаў ад магаў.
Тады спраўдзілася сказанае праз Іерамію, прарока, які кажа:
«Голас у Раме чуваць быў, плач і вялікае галашэнне, Рахіль аплаквала сваіх дзяцей і не хацела суцешыцца, бо няма іх».
Калі ж Ірад памёр, вось, Анёл Гасподні з’яўляецца ў сне Іосіфу ў Егіпце,
кажучы: Устань, вазьмі Дзіця і Яго Маці і ідзі ў зямлю Ізраілеву: бо памерлі тыя, хто шукаў душы Дзіцяці.
І ён устаў і ўзяў Дзіця і Яго Маці і ўвайшоў2 у зямлю Ізраілеву.
Але, пачуўшы, што ў Іудзеі царуе Архелай замест свайго бацькі Ірада, ён пабаяўся туды ісці; і, атымаўшы ў сне засцярогу, адышоў у межы Галілейскія,
і, прыйшоўшы, пасяліўся ў горадзе, які называецца Назарэт: каб спраўдзілася сказанае праз прарокаў, што Яго назавуць Назаранінам.