Мацьвея 8 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Біблія Скарыны (Бразгуноў)
Калі ж Ён зышоў з гары, услед за Ім пайшлі вялікія натоўпы.
І вось, пракажоны, падышоўшы, упаў перад Ім, кажучы: Госпадзе, калі хочаш, Ты можаш ачысціць мяне.
І [Ісус], працягнуўшы руку, дакрануўся да яго, кажучы: Хачу, ачысціся. — І ён адразу ачысціўся ад праказы.
І кажа яму Ісус: Глядзі, не расказвай нікому; а ідзі, пакажы сябе святару, і прынясі дар, які запаведаў Маісей, на сведчанне ім.
І калі Ён18 увайшоў у Капернаум, да Яго падышоў сотнік, просячы Яго:
і кажучы: Госпадзе, мой слуга ляжыць дома спаралізаваны і страшэнна мучыцца.
І кажа яму [Ісус]: Я прыйду і вылечу яго.
А ў адказ сотнік сказаў: Госпадзе! Я не варты, каб Ты ўвайшоў пад мой дах, але толькі скажы слова і мой слуга паправіцца.
Бо і я чалавек падуладны і, маючы пад сабою воінаў, кажу гэтаму: «Пайдзі», і ён ідзе; а другому: «Прыйдзі», і ён прыходзіць; і свайму слугу: «Зрабі гэта», і ён робіць.
Пачуўшы ж, Ісус здзівіўся і сказаў тым, што ішлі ўслед: Сапраўды кажу вам: ні ў кога ў Ізраілі Я не знайшоў такой вялікай веры.
Кажу ж вам, што шмат хто прыйдзе з усходу і захаду і ўзляжа з Аўраамам, Ісаакам і Іякавам у Царстве Нябёсаў,
а сыны царства будуць выкінуты ў знадворную цемру; там будзе плач і скрыгат зубоў.
І Ісус сказаў сотніку: Ідзі, як паверыў ты, няхай так і будзе табе. — І паправіўся яго слуга ў тую ж гадзіну.
І Ісус, прыйшоўшы ў дом Пятра, убачыў, што яго цешча ляжыць і ў яе гарачка.
І Ён дакрануўся да яе рукі, і гарачка пакінула яе, і ўстала яна і прыслугоўвала Яму19.
А калі звечарэла, да Яго прывялі шмат апантаных; і Ён выгнаў духаў словам і вылечыў усіх хворых;
каб спраўдзілася сказанае праз Ісаію, прарока, які кажа: «Ён узяў на Сябе нашы немачы і панёс нашы хваробы».
А Ісус, убачыўшы натоўп вакол Сябе, загадаў вучням адплыць на другі бок.
І адзін кніжнік, падышоўшы, сказаў Яму: Настаўніку, я пайду ўслед за Табою, куды б Ты ні пайшоў.
А Ісус кажа яму: У лісіц ёсць норы, і ў нябесных птушак — гнёзды, а Сыну Чалавечаму няма дзе галаву прыхіліць.
Другі ж з [Яго] вучняў сказаў Яму: Госпадзе, дазволь мне спярша пайсці і пахаваць свайго бацьку.
Але Ісус кажа20 яму: Ідзі ўслед за Мною і пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых.
І калі Ён ўвайшоў у лодку, пайшлі ўслед за Ім вучні.
І вось, вялікая бура ўзнялася на моры, так што лодку накрывала хвалямі; а Ён спаў.
І [Яго вучні], падышоўшы, пабудзілі Яго, кажучы: Госпадзе, ратуй [нас], гінем.
А Ён кажа ім: Чаму вы такія баязлівыя, малаверы? — Тады Ён устаў і забараніў вятрам і мору, і настала вялікая ціша.
І людзі дзівіліся, кажучы: Хто Гэты такі, што і вятры, і мора слухаюцца Яго?
І калі Ён прыплыў на другі бок, у зямлю Гадарынскую21, сустрэлі Яго, выходзячы з магільняў, два апантаныя, вельмі лютыя, так што ніхто не мог прайсці тою дарогаю.
І вось, яны закрычалі, кажучы: Што Табе да нас, [Ісусе], Сыне Божы? Ты прыйшоў сюды, каб заўчасна мучыць нас.
А ўдалечыні ад іх пасвіўся вялікі гурт свіней.
І дэманы прасіліся ў Яго, кажучы: Калі Ты выганяеш нас, пашлі нас у гурт свіней.
І Ён сказаў ім: Ідзіце! — І яны, выйшаўшы, пайшлі ў [гурт] свіней; і вось, кінуўся ўвесь гурт [свіней] са стромы ў мора і загінуў у водах.
А пастухі паўцякалі і, прыйшоўшы ў горад, расказалі пра ўсё і пра тое, што было з апантанымі.
І вось, увесь горад выйшаў насустрач Ісусу, і, убачыўшы Яго, яны прасілі, каб Ён адышоў з іх межаў.