Якава 5 разьдзел

Пасланьне Якава
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

Цяпер паслухайце вы, багатыя: плачце, галосячы над злыбедамі, што ідуць на вас.
 
Плачце восьжа, багацеі, не ацягайцеся, галасіце над вашымі злыбедамі, што прыйходзяць на вас.

Ваша багацце згніло і вашы адзенні моль стачыла,
 
Вашае багацьце збуцьвела, а шаты моль стачыла.

ваша золата і серабро праржавела, і іх іржа будзе сведчаннем супроць вас і з’есць ваша цела, як агонь. Вы сабралі скарб у апошнія дні.
 
Золата й серабро вашае сацьмела, а іхні грышпан будзе на вас сьветчыць і мой агонь стравіць вашае цела. Прыспасалі сабе гневу на апошнія дні.

Вось, плата работнікаў, якія зжалі вашы палеткі і якую вы ўтрымалі, крычыць, і лямант жнеяроў увайшоў у вушы Госпада Саваофа.
 
Ось заработак жанцоў з вашых палёў затрыманы адзываецца й голас іх дайшоў да Усеспадара нябесных сіл.

Вы раскашавалі на зямлі і цешыліся асалодамі, вы адкармілі вашы сэрцы ў дзень ахвяры,
 
Раскашаваліся вы на зямлі і ў збытках упасьвілі сэрцы вашыя, моў на убой.

вы асудзілі, забілі Праведнага, Ён не супраціўляўся вам.
 
Вы засудзілі й забілі справядлівага, а ня супраціўляліся вам.

Дык, браты, будзьце доўгацярплівыя да прышэсця Госпада. Вось, земляроб чакае з доўгацярплівасцю каштоўнага плоду зямлі, пакуль атрымае дождж ранні і позні.
 
Дык цярплівымі будзьце, браты, аж да прыйсьця Госпада. Як земляроб вычэквае дарагога плоду цярпліва пакуль атрымае дождж ранні ды пазьнейшы.

Будзьце доўгацярплівыя і вы, умацуйце вашы сэрцы, бо прышэсце Госпада наблізілася.
 
Таму цярплівымі будзьце і вы, мацуючы сэрцы вашыя, прыйсьцё Госпада недалёкае.

Не скардзіцеся, браты, адзін на аднаго, каб вы не былі асуджаны; вось, Суддзя стаіць перад дзвярыма.
 
Не маракуйце, браты мае, адзін на другога, каб ня быць асуджанымі; судзьдзя вось за дзьвярыма стаіць.

За прыклад таго, як трываць ліха і мець доўгацярпенне, браты [мае], вазьміце прарокаў, якія прамаўлялі ад імя Госпада.
 
За прыклад зыйсьця злыбядаў, трудоў і цярплівасьці вазьмеце, браты мае, прарокаў, што прамаўлялі ў імя Божае.

Вось мы называем шчаслівымі тых, якія выстаялі: аб вытрываласці Іова вы чулі і бачылі яго канец ад Госпада, бо шматміласэрны Госпад і спагадлівы.
 
Мы вось беатыфікуем вытрываўшых. Чулі аб цярплівасьці Гёба і канец ад Бога відзелі, Бог бо літасьцівы і міласэрны.

Але перш за ўсё, браты мае, не кляніцеся ні небам, ні зямлёю, ніякай іншаю клятваю; няхай жа ваша «так» будзе «так», а «не» — «не», каб вам не падпасці пад суд.
 
Дык перш за ўсё, браты мае, не клянецеся ні небам, ні зямлёю, ці якою іншаю прысягаю, а хай вашая мова будзе: «так, так — не, не», каб не падпалі пад суд.

Хтосьці між вас трывае ліха? Няхай моліцца; хтосьці вясёлы — няхай спявае псалмы.
 
Сумуе хто з вас? Няхай моліцца; весела каму? Хай пяе псалмы.

Хварэе хтосьці між вас — няхай пакліча старэйшынаў царквы, і няхай яны памоляцца над ім, памазаўшы [яго] алеем у імя Госпада.
 
Занядужаў хто з вас, хай пакліча прэзбытэраў Эклезіі ды хай моляцца над ім, намашчаюччы яго ў імя Божае алеем,

І малітва веры выратуе знядужанага і падыме яго Госпад; і калі ён зрабіў грахі, даруецца яму.
 
і малітва веры аздаровіць немачнага, а калі меў грахі, будуць яму адпушчаны. (Ап. Дз. 28:8).

Таму прызнавайцеся адзін перад адным у грахах6 і маліцеся адзін за аднаго, каб быць вылечанымі. Многае можа ў сваім дзеянні малітва праведнага.
 
прызнавайцеся адзін перад другім у праступках і малецеся адзін за другога, каб збавіцца, шмат бо памагае натужная малітва.

Ілія быў чалавек падобны да нас і малітваю памаліўся, каб не было дажджу, і не ішоў дождж на зямлю тры гады і шэсць месяцаў;
 
Гальяш быў чалавек падобны нам, падлеглы цярпенню, а як малітваю памаліўся, каб ня было дажджу на зямлі, дык і ня было праз тры годы й шэсьць месяцаў. (ІІІ Кн. Кар. 17−18).

і зноў памаліўся, і неба дало дождж, і зямля ўрадзіла свой плод.
 
ды зноў памаліўся, й неба спусьціла дождж, а зямля выдала свой плод.

Браты мае, калі хтосьці між вас адступіцца ад праўды і хтосьці верне яго,
 
Браты мае, каліб хто з вас зблукаў ад праўды, а нехта навярнуўбы яго,

няхай той ведае, што вярнуўшы грэшніка з яго распуснай дарогі, выратуе яго7 душу ад смерці і пакрые мноства грахоў.
 
хай ведае — хто навяртае грэшніка з блуднай дарогі, выбаўляе душу ягоную ад сьмерці й мноства грахоў пакрывае.