Яна 19 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Тады Пілат узяў Ісуса і учыніў Яму бічаваньне.
Тады Пілат узяў Езуса і аддаў на бічаванне.
І воіны, сплёўшы вянец з цярніны, узлажылі Яму на галаву, і адзелі Яго ў баграніцу, —
А жаўнеры, сплёўшы вянок з церняў, усклалі Яму на галаву і апранулі Яго ў пурпуровы плашч.
І гаварылі: — радуйся, Кароль Юдэйскі, і білі Яго па абліччы.
Падыходзілі да Яго і казалі: «Вітай, кароль юдэйскі!» І білі Яго па твары.
Пілат-жа зноў выйшаў навонкі і сказаў ім: — вось я выводжу Яго да вас, каб вы ведалі, што я не знайходжу ў Ім ніякае віны.
А Пілат зноў выйшаў і сказаў ім: «Вось я выводжу Яго да вас, каб вы ведалі, што я не знаходжу ў ім ніякай віны».
І выйшаў Ісус у церневым вянцы і ў рызе — баграніцы; і сказаў ім Пілат: — во, Чалавек!
Езус выйшаў у цярновым вянку і пурпуровым плашчы. І сказаў ім Пілат: «Вось чалавек!»
Калі-ж убачылі Яго архісьвятары і слугі іхныя, то пачалі крычаць, кажучы: — укрыжуй, укрыжуй Яго. Гаворыць ім Пілат: — вазьмеце Яго вы і ўкрыжуйце, бо я не знайходжу ў Ім віны.
Калі ўбачылі Яго першасвятары і прыслужнікі, закрычалі: «Укрыжуй, укрыжуй!» Сказаў ім Пілат: «Вазьміце Яго вы і ўкрыжуйце, бо я не знаходжу ў Ім віны».
Юдэі адказалі яму: — мы маем закон, і подля закону нашага Ён мусіць умерці, бо Ён удае Сябе за Сына Божага.
Юдэі адказалі яму: «Мы маем Закон, і паводле Закону Ён павінен памерці, бо ўчыніў сябе Сынам Божым».
Пілат, пачуўшы гэтае слова, яшчэ больш затрывожыўся.
Калі Пілат пачуў гэтыя словы, спалохаўся яшчэ больш.
І зноў увайшоў у Прэторыю і прамовіў да Ісуса: — адкуль Ты? — але Ісус ня даў яму адказу.
Ён зноў увайшоў у прэторыю і спытаў Езуса: «Адкуль Ты?» Але Езус не адказаў яму.
І сказаў Яму Пілат: — Ты не адказваеш мне? ці ня ведаеш, што я маю ўладу ўкрыжаваць Цябе, і маю ўладу адпусьціць Цябе.
Тады Пілат сказаў Яму: «Не размаўляеш са мною? Ці не ведаеш, што я маю ўладу адпусціць Цябе і маю ўладу ўкрыжаваць Цябе?»
Ісус-жа адказаў: — ня меў-бы ты нада Мною ніякае ўлады, калі-б ня было табе дадзена зузвыш; дзеля таго, больш грэху на тым, хто прадаў Мяне табе.
Езус адказаў: «Ты не меў бы нада Мною ніякай ўлады, калі б не было дадзена табе з вышыні. Таму большы грэх на тым, хто Мяне выдаў табе».
З таго маменту Пілат стараўся звольніць Ісуса, але юдэі крычалі, вымаўляючы: — калі звольніш Яго, ты ня прыяцель кесару; кажны, хто робіць сябе каралём, ёсьць праціўнік кесара.
Адгэтуль Пілат намагаўся адпусціць Яго. Але юдэі крычалі: «Калі адпусціш Яго, ты непрыяцель цэзара! Кожны, хто чыніць сябе каралём, той супраць цэзара».
Пілат, пачуўшы гэтыя словы, вывеў Ісуса навонкі, і сеў на судовым пасадзе, на месцы, званым Літостратон, а пагэбрайску Гаўвафа.
Калі Пілат пачуў гэтыя словы, вывеў Езуса вонкі і сеў на судовым пасадзе на месцы, якое называлі Літастрот, а па-габрэйску Габата.
Была-ж тады пятніца перад Пасхай і гадзіна шостая; і сказаў Пілат юдэям: — вось, кароль ваш.
Быў гэта дзень прыгатавання Пасхі, каля шостай гадзіны. І сказаў ён юдэям: «Вось кароль ваш!»
Яны-ж закрычалі: — вазьмі, вазьмі! укрыжуй Яго! Пілат сказаў ім: — ці-ж маю ўкрыжаваць караля вашага? архісьвятары адказалі: — няма ў нас караля, апроча кесара.
А яны закрычалі: «Вазьмі, вазьмі, укрыжуй Яго!» Пілат кажа ім: «Я павінен укрыжаваць вашага караля?» Першасвятары адказалі: «Не маем караля, апроч цэзара».
Тады аддаў Яго ім на ўкрыжаваньне; і ўзялі Ісуса і павялі.
Тады ён выдаў ім Езуса на ўкрыжаванне. І ўзялі Езуса.
І, нясучы на Сабе крыж, выйшаў на пляц, званы Чараповішча, а пагэбрайску Галгофа.
Несучы свой крыж, Ён выйшаў на месца, якое называлася Месцам Чэрапа, па-габрэйску — Галгота.
І там укрыжавалі Яго, а з Ім двух іншых, з аднаго і другога боку, а пасяродку Ісуса.
Там укрыжавалі Яго, а з Ім двух іншых, з аднаго і з другога боку, а пасярэдзіне Езуса.
Пілат і надпіс напісаў і прылажыў на крыжы; а напісана было: — Ісус Назаранін Кароль Юдэйскі.
Пілат жа зрабіў надпіс віны і змясціў на крыжы. Было ж напісана: «Езус Назаранін, кароль юдэйскі».
Многія з юдэяў чыталі гэты надпіс, бо пляц, дзе быў укрыжаваны Ісус, быў недалёка ад места, і напісана было пагэбрайску, пагрэцку і палатінску.
Гэты надпіс чыталі многія з юдэяў, бо месца, дзе ўкрыжавалі Езуса, было блізка ад горада. І напісана было па-габрэйску, па-лацінску і па-грэцку.
Гаварылі-ж архісьвятары юдэйскія Пілату: — ня пішы — Кароль Юдэйскі, — але што Ён Сам казаў: — Я Кароль Юдэйскі.
Першасвятары юдэяў казалі Пілату: «Не пішы: “Кароль юдэйскі”, але што Ён сказаў: “Я — кароль юдэйскі”».
Пілат адказаў: — што я напісаў, то напісаў.
Пілат адказаў: «Што напісаў, тое напісаў!»
Воіны-ж, укрыжаваўшы Ісуса, узялі адзеньне Ягонае і падзялілі на чатыры часьці, кажнаму па аднэй, таксама і хітон; а хітон-жа ня быў шыты, але вытканы ўвесь ад самага верху.
Жаўнеры ж, якія ўкрыжавалі Езуса, узялі Ягоную вопратку і падзялілі на чатыры часткі, кожнаму жаўнеру па частцы; узялі і туніку. Туніка была не шытая, уся ад верху тканая.
Тады гаварылі між сабою: — ня будзем разьдзіраць яго, але кінем на яго жэрабе, каму дастанецца; — і збылося сказанае ў Пісаньні: — падзялілі адзеньне Мае між сабою, і на вопратку Маю жэрабе кідалі; гэтак і воіны учынілі.
Таму сказалі адзін аднаму: «Не будзем разрываць яе, але кінем лёсы, каму дастанецца». Так збылося сказанае ў Пісанні: «Падзялілі між сабою маю вопратку і аб адзежыне маёй кінулі лёсы». Жаўнеры так і зрабілі.
Стаялі-ж пры Крыжы Ісусавым — Маці Ягоная і сястра Маці Яго, Марыя Клеопава і Марыя Магдалена.
Стаялі ж каля крыжа Езуса Маці Ягоная і сястра Маці Ягонай, Марыя Клеопава, і Марыя Магдалена.
Ісус, угледзеўшы Маці і вучня, які стаяў тут, і якога любіў, сказаў Маці Сваёй: — жанчына! вось сын Твой.
Езус, убачыўшы Маці і вучня, які стаяў побач і якога Ён любіў, сказаў Маці: «Жанчына, вось сын Твой».
Пасля кажа вучню: — вось Маці твая; і з таго часу вучань узяў Яе да сябе.
Потым сказаў вучню: «Вось Маці твая». І з гэтага часу вучань узяў Яе да сябе.
Пасьля гэтага Ісус, ведаючы, што ўсё ўжо даканалася, каб збылося Пісаньне, прамовіў: — смагну!
Пасля гэтага Езус, ведаючы, што ўжо ўсё збылося, каб здзейснілася Пісанне, кажа: «Прагну».
Стаяла-ж тут посудзіна, поўная воцту; воіны, напаішы губку воцтам і насадзіўшы яе на трысьціну, паднясьлі да вуснаў Ягоных.
Стаяла пасудзіна, поўная воцату. Тады ўздзелі на ісоп губку, намочаную воцатам, і паднеслі да Ягоных вуснаў.
І калі Ісус прыняў воцту, прамовіў: — зьдзейсьнілася! і скланіўшы галаву, аддаў дух.
Калі Езус пакаштаваў воцату, сказаў: «Здзейснілася!» І, схіліўшы галаву, аддаў духа.
Юдэі-ж, дзеля таго што была пятніца (Дзень Прыгатовы), і подля звычаю, целы ўкрыжаваных не павінны былі заставацца на сыботу, бо быў Вялікі той дзень сыботні, прасілі Пілата, каб перабіць ім галені ды пазьнімаць іх.
Юдэі, паколькі быў дзень прыгатавання Пасхі, каб не заставаліся целы на крыжы ў шабат, бо гэты дзень шабату быў вялікі, папрасілі Пілата, каб укрыжаваным паламалі галені і знялі іхнія целы.
І вось воіны прыйшлі і перабілі галені першаму і другому, укрыжаванаму з Ім.
Таму прыйшлі жаўнеры і паламалі галені першаму і другому, якія былі ўкрыжаваныя разам з Ім.
Калі-ж падыйшлі да Ісуса, то ўбачылі, што Ён ужо ўмершы, і не перабівалі Яму галеняў.
Калі падышлі да Езуса і ўбачылі, што Ён ужо памёр, не ламалі Яму галені,
Толькі адзін з воінаў дзідай прабіў Яму бок, і ўраз-жа пацякла кроў і вада.
толькі адзін з жаўнераў прабіў дзідаю Ягоны бок, і адразу выцекла кроў і вада.
І той, хто бачыў, засьветчыў, і праўдзівае ёсьць сьветчаньне яго; і ён ведае, што гаворыць праўду, каб і вы веру мелі.
А той, хто ўбачыў, засведчыў, і сведчанне яго праўдзівае. І ён ведае, што кажа праўду, каб і вы паверылі.
Сталася-ж гэта, каб спраўдзілася Пісаньне: — косьць Яго няхай ня скрушыцца.
Бо сталася гэта, каб збылося Пісанне: «Косць Ягоная не будзе зламаная».
І яшчэ ў іншым Пісаньні гаворыцца: — узглянуць на Таго, Каго прабілі.
І ў іншым месцы Пісанне кажа: «Будуць глядзець на таго, каго прабілі».
Пасьля гэтага Язэп з Арымафеі — вучань Ісуса, але скрытны з-за страху прад юдэямі, прасіў Пілата, каб зьняць Цела Ісуса, і Пілат дазволіў. Ён прыйшоў і зьняў Цела Ісусава.
Пасля гэтага Юзаф з Арыматэі, які быў вучнем Езуса, але тайна, з-за страху перад юдэямі, папрасіў Пілата, каб дазволіў забраць цела Езуса. І Пілат згадзіўся. Той пайшоў і забраў Яго цела.
Прыйшоў і Нікадым, які раней прыйходзіў да Ісуса ўначы, і прынёс блізу сто фунтаў мірра, зьмешанага з алоэ.
Прыйшоў і Нікадэм, які раней прыходзіў да Езуса ўначы, і прынёс сумесь смірны і альясу, каля ста фунтаў.
І ўзялі яны Цела Ісуса, і авінулі Яго надухмяненымі пялёнамі, як звычайна хаваюць у юдэяў.
Яны ўзялі цела Езуса і закруцілі яго ў палатно з духмянасцямі, як звычайна хаваюць юдэі.
У тым-жа месцы, дзе Ён быў укрыжаваны, быў сад, а ў садзе новы гроб, у якім яшчэ ніхто ня быў паложаны.
На месцы, дзе Ён быў укрыжаваны, быў сад, а ў садзе — новая магіла, у якую яшчэ нікога не клалі.
І там, дзеля таго, што было сьвята юдэйскае Дня Прыгатовы, а гроб быў блізка, палажылі Цела Ісуса.
Там з прычыны прыгатавання юдэйскага паклалі Езуса, бо магіла была блізка.