Якава 4 разьдзел

Пасланьне Якава
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Адкуль спрэ́чкі і сва́ркі паміж вамí ці не адсюль, з пажа́днасцей вашых, якія ваю́юць у чле́нах вашых?
 
Адкуль узнікаюць войны ды адкуль сваркі паміж вамі? Не адкуль інакш, як з пажадлівасці вашай, што бунтуецца ў членах вашых.

Жада́еце — і не ма́еце; забіва́еце і зайздро́сціце — і не мо́жаце дасягну́ць; сва́рыцеся і варагу́еце — і не ма́еце, таму што не про́сіце сабе;
 
Жадаеце і не маеце; забіваеце і зайздросціце, і не можаце здабыць; сварыцеся ды ваюеце. Не маеце, бо не ўпрошваеце,

про́сіце — і не атры́мліваеце, таму што не на дабро про́сіце сабе, а каб у пажа́днасцях сваіх растра́ціць.
 
просіце і не атрымоўваеце, бо блага просіце, каб толькі задаволіць сваю пажадлівасць.

Пралюбадзе́і і пралюбадзе́йкі! хіба́ не ве́даеце вы, што дружба са светам ёсць варо́жасць су́праць Бога́ Дык вось, хто хоча быць дру́гам свету, той стано́віцца во́рагам Богу.
 
Чужаложнікі, ці вы не ведаеце, што сяброўства з гэтым светам ёсць варожасць Богу? Дык хто хацеў бы стацца прыяцелем гэтага веку, той робіцца ворагам Бога.

Хіба́ вы думаеце, што ма́рна гаворыць Пісанне: «раўнíва Ён лю́біць дух, які ўсялíўся ў нас»?
 
Можа ўважаеце, што дарма Пісанне кажа: «Зайздросна любіць Дух, Які пражывае ў нас»?

І бо́льшую дае́ благадаць; таму ска́зана: «Бог ганарлíвым працíвіцца, а пако́рлівым дае́ благада́ць».
 
Дык большую дае ласку паводле таго, як кажа: «Бог супрацівіцца пыхлівым, а пакорлівым ласку дае».

Дык пакары́цеся Богу; супрацьста́ньце дыявалу, і ўцячэ́ ад вас;
 
Дык пакарыцеся Богу; а супраціўцеся д’яблу, і ён уцячэ ад вас.

наблíзьцеся да Бога, і Ён наблíзіцца да вас; абмы́йце ру́кі, грэшнікі, ачы́сціце сэрцы, двуду́шнікі;
 
Туліцеся да Бога, і Ён прытуліць вас. Абмыйце рукі, грэшнікі, ачысціце сэрцы, двудушнікі.

бяду́йце, смутку́йце і пла́чце: смех ваш у сму́так няхай ператво́рыцца, і ра́дасць — у сум;
 
Смуткуйце, жальцеся і плачце: хай смех ваш абернецца ў жалобу, а радасць — у тугу.

скары́цеся перад Госпадам, і Ён узвы́сіць вас.
 
Спакарыцеся перад абліччам Госпада, і Ён падыме вас.

Не зласло́ўце адзін на аднаго, браты́: хто зласло́віць на брата ці су́дзіць брата свайго, той зласло́віць на закон і су́дзіць закон; а калі ты су́дзіш закон, то ты не выкана́ўца закону, а суддзя́.
 
Браты, не ачарняйце адзін аднаго. Хто ачарняе брата свайго або асуджае брата свайго, той ачарняе закон ды асуджае закон. А калі ты асуджаеш закон, дык ты не выканаўца закону, але суддзя.

Адзін ёсць Заканада́вец і Суддзя́, Які можа спасцí і загубíць: а ты хто такі, што су́дзіш іншага?
 
Адзін жа Заканадавец і Суддзя, Які можа збавіць і загубіць. А ты хто такі, што судзіш бліжняга?

Цяпер паслу́хайце вы, якія гаво́рыце: «сёння ці заўтра адпра́вімся ў такі і такі горад, і пражывём там адзін год, і будзем гандлява́ць і атры́мліваць прыбы́так»;
 
А ну цяпер вы, што кажаце: «Сёння або заўтра пойдзем у той ці іншы горад, і пражывём там год, і зоймемся гандлем, і атрымаем прыбытак»;

вы, якія не ве́даеце, што будзе заўтра; бо што такое жыццё ваша́ — па́ра, што з’я́ўля́ецца на кароткі час, а потым зніка́е.
 
вы не ведаеце, якім будзе заўтра жыццё ваша. Бо вы пара, што на хвіліну з’яўляецца, а потым прападае.

Заме́ст таго, каб каза́ць: «калі ўгодна будзе Госпаду і жывы́я будзем, то зробім тое ці іншае», —
 
Замест таго казаць бы вам: «Калі Госпад захоча, будзем жыць і рабіць тое ці іншае».

вы, пахваля́ецеся з-за ганарлíвасці сваёй; а ўсякая такая пахвальба́ — зло.
 
Вы цяпер пахваляецеся ў сваёй пыхлівасці. Кожнае такое пустахвальства ліхое.

Дык вось, хто ўмее рабíць дабро, і не ро́біць, грэх яму́.
 
Таму той, хто ўмее рабіць дабро і не робіць, грэх таму!