Да Рымлянаў 4 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 2012
Што ж, ска́жам, Аўраам, айцец наш, набы́ў па плоці?
Дык што, скажам, здабыў наш прабацька Абрагам паводле цела?
Бо калі Аўраам быў апраўда́ны спра́вамі, ён ма́е чым хвалíцца, але не перад Богам.
Бо калі Абрагам апраўданы з учынкаў, — мае славу, але не перад Богам.
Бо што гаво́рыць Пісанне? «Паве́рыў Аўраам Богу, і гэта залічы́лася яму як пра́веднасць».
Бо што кажа Пісанне? «Паверыў Абрагам Богу, і залічана Абрагаму вера за справядлівасць».
Таму, хто выко́нвае працу, аплата налíчваецца не па мíласці, а па абавя́зку;
Вось жа, таму, хто працаваў, плата налічваецца не з ласкі, але з доўгу або павіннасці.
а таму, хто не выко́нвае, але ве́руе ў Таго, Хто апра́ўдвае грэ́шніка, вера яго залíчваецца як пра́веднасць.
Таму, аднак, хто не працаваў, але верыць у Таго, Хто апраўдвае бязбожніка, яго вера залічваецца за справядлівасць.
Так і Давід называ́е блажэ́нным чалавека, якому Бог залíчвае пра́веднасць незале́жна ад спраў:
Так і Давід называе шчасным чалавека, якога Бог без заслугі залічвае справядлівым:
«блажэ́нныя тыя, чые беззако́нні праба́чаны і чые грахí пакры́ты;
«Шчасныя тыя, якім адпушчаны беззаконні ды якіх грахі закрыты.
блажэ́нны чалавек, якому Гасподзь не залíчыць граху́».
Шчасны чалавек, якому Госпад не палічыць граху».
Дык блажэ́нства гэтае даты́чыцца абрэ́заных ці і неабрэ́заных? Мы ка́жам, што Аўрааму вера залічы́лася як пра́веднасць.
Дык ці гэта шчаснасць датычыцца абрэзаных, ці таксама і неабрэзаных? Мы кажам: «Залічана Абрагаму вера за справядлівасць».
Калі залічы́лася? пасля абрэ́зання ці да абрэ́зання? Не пасля абрэ́зання, а да абрэ́зання.
Калі была залічана: ці калі быў абрэзаны, ці ў неабрэзанасці? Не пасля абразання, але ў неабрэзанасці;
І знак абрэ́зання ён атрымаў як пяча́ць пра́веднасці па веры, якую меў у неабрэ́занні, так што ён стаў айцом усіх ве́руючых у неабрэ́занні, каб і ім залічы́лася пра́веднасць,
і ён атрымаў знак абразання, як пячатку справядлівасці праз веру, якую меў яшчэ ў неабрэзанасці, каб стаўся ён бацькам усіх тых, хто верыць у неабрэзанасці, каб і ім была залічана справядлівасць,
і айцом абрэ́заных, якія не толькі абрэ́заны, але і ідуць сляда́мі веры айца нашага Аўраама, якую меў ён у неабрэ́занні.
і бацькам не толькі тых абрэзаных, што прынялі абразанне, але і тых, якія ідуць слядамі той веры бацькі нашага Абрагама, якая была ў ім у неабрэзанасці.
Бо не праз закон Аўрааму, ці пато́мству яго, да́дзена абяца́нне быць спадкае́мцам свету, а праз пра́веднасць веры.
Бо не законам было дадзена Абрагаму і нашчадкам яго абяцанне, што ён стане спадкаемцам свету, але справядлівасцю веры.
Бо калі тыя, што выко́нваюць закон, — спадкае́мцы, то вера ма́рная, абяца́нне бяздзе́йнае;
Бо калі спадкаемцы тыя, што з закону, дык вера пустая і абяцанне без вартасці.
бо закон спараджа́е гнеў, а дзе няма закону, няма і парушэ́ння.
Бо закон выклікае гнеў, а дзе няма закону, там няма і злачынства.
Таму спадкае́мства — па веры, каб было́ па благада́ці, каб абяца́нне было́ неадме́нным для ўсяго, не толькі па закону, але і па веры, пато́мства Аўраама, які з’яўля́ецца айцом для ўсіх нас, —
Таму [спадкаемцы] — па веры, каб з ласкі, каб абяцанне было надзейным для кожнага нашчадка, не толькі для таго аднаго, хто з закону, але і для таго, хто з веры Абрагама, — ён жа бацька ўсіх нас, —
як напíсана: «Я паста́віў цябе айцом многіх народаў», — перад Богам, Якому ён паве́рыў, Які ажыўля́е мёртвых і выкліка́е не існу́ючае да існава́ння.
як напісана: «Устанавіў Я цябе бацькам многіх народаў», — перад Богам, Якому ён паверыў, як Таму, Які ажыўляе мёртвых і называе няіснае існым.
Ён, насу́перак надзе́і, паве́рыў з надзе́яй, што ста́не айцом многіх народаў, паво́дле ска́занага: «такім будзе пато́мства тваё».
Ён насуперак надзеі паверыў надзеі стацца бацькам многіх народаў, як было сказана: «Такім будзе патомства тваё».
І, не аслабе́ўшы ў веры, не зважа́ў на цела сваё, амярцве́лае ўжо, бо яму было́ каля ста гадоў, і на амярцве́нне ўло́ння Са́ррынага;
І, непахісны ў веры, ён не звярнуў увагі, што цела яго ўжо амярцвела, бо было яму каля ста гадоў, і нутро Сары таксама амярцвела.
і ў абяца́нні Божым не ўсумнíўся няве́р’ем, а ўмацава́ўся ў веры, узнёсшы славу Богу
І ў абяцанні Божым не засумняваўся ў бязвер’і, але ўмацаваўся вераю, аддаўшы славу Богу,
і бу́дучы по́ўнасцю ўпэ́ўненым, што Ён мае сілу вы́канаць абяца́нае.
і быў упэўнены, што Бог мае моц і здзейсніць абяцанае.
Таму і залічы́лася яму гэта за пра́веднасць.
Таму гэта залічана было яму за справядлівасць.
Аднак не толькі ў адносінах да яго напíсана, што залічы́лася яму,
А гэта напісана не толькі дзеля яго аднаго, штозалічана яму,
але і адно́сна нас: залíчыцца і нам, ве́руючым у Таго, Хто ўваскрасíў з мёртвых Іісуса, Госпада нашага,
але і дзеля нас, бо будзе залічана і нам, веруючым у Таго, Хто ўваскрасіў з мёртвых Ісуса, Госпада нашага,
Які адда́дзены быў за грахí нашы і ўваскрэ́с для апраўда́ння нашага.
Які быў выдадзены за грахі нашы і ўваскрос дзеля апраўдання нашага.