Да Рымлянаў 15 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Мы, моцныя, павінны немачы сла́бых насіць, а не сабе дагаджа́ць:
 
Мы, дужэйшыя, павінны цярпліва зносіць недахопы слабых, а не сабе дагаджаць.

кожны з нас павінен дагаджаць бліжняму на дабро, для ўмацавання.
 
Хай кожны з нас дагаджае бліжняму на дабро дзеля збудавання.

Бо і Хрыстос не Сабе дагаджа́ў, а як напісана: «знявагі тых, што зневажа́юць Цябе, па́лі на Мяне».
 
Так і Хрыстос не дагаджаў Сабе, але як напісана: «Знявагі Цябе зневажаючых зваліліся на Мяне».

А ўсё, што было напíсана раней, для нашага настаўлення напíсана, каб мы праз цярпенне і суцяшэнне з Пісанняў захоўвалі надзею.
 
Бо ўсё, што было калісьці напісана, у павучанне нам напісана, каб мы праз цярплівасць і пацяшэнне з Пісання мелі надзею.

Бог жа цярпення і суцяшэння няхай дасць вам быць у аднадумстве паміж сабою па Хрысту Іісусу,
 
А Бог, Які дае цярплівасць і пацеху, хай дасць вам быць між сабой адной думкі на ўзор Ісуса Хрыста,

каб вы аднадушна, адзінымі вуснамі славілі Бога і Айца Госпада нашага Іісуса Хрыста.
 
каб вы аднадушна ў адзін голас славілі Бога і Айца Госпада нашага Ісуса Хрыста.

Таму прымайце адзін аднаго, як і Хрыстос прыняў вас у славу Божую.
 
Дзеля таго прымайце адзін аднаго, як і Хрыстос прыняў вас у славу Божую.

Бо кажу я, што Іісус Хрыстос стаў служыцелем для абрэзаных — дзеля ісціны Божай, каб сцве́рдзіць абяцанае айцам,
 
Кажу бо, што Хрыстос стаўся паслугачом абрэзаным дзеля праўды Божай дзеля таго, каб выканаць абяцанае бацькам,

а для язычнікаў — па міласці, каб яны славілі Бога, як напісана: «за гэта буду славіць Цябе сярод язычнікаў і буду спяваць íмені Твайму».
 
ды каб пагане славілі Бога за міласэрнасць, як напісана: «Дзеля таго будуць славіць Цябе між паганамі і спяваць імені Твайму».

І яшчэ ска́зана: «узвесяліцеся, язычнікі, з народам Яго».
 
І далей сказана: «Весяліцеся, пагане, з народам Яго!»

І яшчэ: «хваліце Госпада, усе язычнікі, і ўсхваляйце Яго, усе народы».
 
І зноў: «Хваліце Госпада, усе пагане, і слаўце Яго, усе народы».

І яшчэ Ісаія кажа: «будзе корань Іесе́еў і Той, Хто ўздымецца, каб валодаць язычнікамі; на Яго язычнікі спадзявацца будуць».
 
А Ісая таксама гаворыць: «Будзе корань Ясэя і Той, Хто паўстане, валадарыць над паганамі: у Ім пагане будуць мець надзею».

Бог жа надзеі няхай напоўніць вас ўсякаю радасцю і мірам у веры, каб вы, сілаю Духа Святога, узбагаціліся надзеяй.
 
А Бог надзеі хай напоўніць вас усякаю радасцю і супакоем у веры, каб праз моц Духа Святога вы ўзбагаціліся надзеяй.

Я і сам упэўнены ў вас, браты мае́, што і вы поўныя добрасці, напоўненыя ўсякімі ведамі і можаце настаўляць адзін аднаго;
 
Браты мае, што да вас, я перакананы, што вы поўныя дабраты, напоўненыя ўсякім веданнем, так што можаце адзін аднаго ўшчуваць.

але напісаў я вам, браты, з некато́рай смеласцю, як бы ў напамін вам, паводле дадзенай мне Богам благадаці
 
Я, можа, вам засмела пісаў у лісце, як бы вам прыводзячы на памяць ласку, якая мне дадзена Богам,

быць служыцелем Іісуса Хрыста сярод язычнікаў, свяшчэннадзе́ючы дабравесце Божае, каб язычнікі сталі прынашэннем, угодным Богу, асвячонае Духам Святым.
 
каб быў я паслугачом Хрыста Ісуса для паганаў, асвячаючы добрую вестку Божую, каб ахвяра паганаў, асвечаная Духам Святым, была прынята.

Дык я магу пахвалíцца ў Хрысце Іісусе сваім служэннем Богу,
 
Я маю чым пахваліцца перад Хрыстом Ісусам адносна Бога;

бо не адважуся гаварыць ні пра што такое, чаго не здзейсніў Хрыстос праз мяне для паслушэнства язычнікаў, словам і справаю,
 
не адважуся, аднак, гаварыць пра штосьці такое, чаго не ўчыніў Хрыстос праз мяне дзеля падпарадкавання паганаў, словам і справамі,

сілаю знаме́нняў і цудаў, сілаю Духа Божага, так што ад Іерусаліма і яго наваколляў да Іліры́ка я распаўсюдзіў дабравесце Хрыстова.
 
моцаю знакаў і цудаў, моцаю Духа Святога, так што ад Ерузаліма і ваколіц аж да Ілірыка пашыраў я добрую вестку Хрыстову.

Прытым я лічы́ў за гонар дабраве́сціць не там, дзе ўжо было вядома імя́ Хрыстова, каб не будаваць на чужым падмурку,
 
Прытым я стараўся прапаведаваць добрую вестку там, дзе не ўспаміналася імя Хрыста, каб не будаваць на чужым падмурку,

а як напісана: «каму не было абвешчана пра Яго, тыя ўбачаць, і хто не чуў, тыя зразумеюць».
 
але як напісана: «Тыя, якім аб Ім не было абвешчана, убачаць, і тыя, што не чулі, даведаюцца».

Гэта шмат разоў перашкаджала мне прыйсці да вас.
 
З-за гэтага многае перашкаджала мне прыйсці да вас.

Цяпер жа, не маючы больш поля дзейнасці ў тых краях, а многія гады жадаючы прыйсці да вас,
 
Цяпер, не маючы больш месца ў гэтых краінах і многа ўжо гадоў жадаючы прыбыць да вас,

як толькі вы́праўлюся ў Іспанію, прыду да вас. Бо спадзяюся, што, праходзячы, пабачуся з вамі і што вы праведзяце́ мяне туды, пасля таго як я нацешуся вамі, хоць трохі.
 
як толькі выпраўлюся ў Гішпанію, спадзяюся, што, праходзячы міма, пабачу вас, і вы праведзяце мяне туды, калі перш крыху пацешуся вамі.

А цяпер я іду ў Іерусалім, каб паслужы́ць святым,
 
Цяпер жа я збіраюся ў Ерузалім паслужыць святым.

бо Македонія і Ахаія пажадалі сабраць нейкія сродкі для дапамогі бедным сярод святых у Іерусаліме.
 
Бо Мацэдонія і Ахая вырашылі зрабіць нейкую перадачу для бедных з ліку святых, што ў Ерузаліме.

Пажадалі, аднак яны і даўжнікі перад імі. Бо калі язычнікі сталі іх супольнікамі ў духоўным, то павінны і ў цялесным паслужы́ць ім.
 
Спадабалася бо ім, і яны — даўжнікі іх. Бо калі пагане прынялі ўдзел у іх даброццях духоўных, дык і яны павінны паслужыць ім у цялесных.

Вы́канаўшы гэта і ў цэласці перадаўшы ім сабра́нае, я пайду праз вашы мясціны ў Іспанію,
 
Калі гэтую справу выканаю і перадам ім плод гэты, праз вас рушу ў Гішпанію.

і ведаю, што калі прыйду да вас, дык прыйду з паўнатою благаславення дабраве́сця Хрыстовага.
 
А ведаю я, што, прыходзячы да вас, прыйду ў дабраславенні [Евангелля] Хрыстова.

Але прашу вас, браты, дзеля Госпада нашага Іісуса Хрыста і дзеля любові Духа, аказаць мне падтрымку ў малітвах Богу за мяне,
 
Дык прашу вас, браты, праз Госпада нашага Ісуса Хрыста і праз любоў Духа, каб са мною разам памаліліся да Бога за мяне,

каб мне быць збаўленым ад няверуючых у Іудзеі, і каб служэнне маё ў Іерусаліме было добра прыня́та святымі,
 
каб вызваліцца мне ад няверных, што ёсць у Юдэі, ды каб мая паслуга для Ерузаліма была прыемнай святым,

каб я з радасцю прыйшоў да вас, калі на гэта воля Божая, і адпачыў разам з вамі.
 
каб з волі Божай у радасці прыбыўшы да вас, супачыў з вамі.

Бог жа міру няхай будзе з усімі вамі. Амінь.
 
Хай Бог супакою будзе з усімі вамі. Амін.