2 да Карынфянаў 5 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Бо ведаем, што калі зямны наш дом, гэтая хацíна, разбу́рыцца, то мы маем жыллё ад Бога: дом нерукатворны, вечны, на нябёсах.
 
Бо мы ведаем, што калі зямны наш дом, гэта хаціна, разваліцца, то маем ад Бога дом нерукатворны, але вечны ў небе.

І таму тут мы стогнем, жада́ючы апрану́цца ў нябеснае наша жыллё;
 
Таму мы цяпер уздыхаем, прагнучы апрануцца ў наша прыстанішча, якое ёсць у небе,

толькі б нам і апра́нутым не апынуцца голымі.
 
каб толькі, і адзетыя, мы не апынуліся голымі.

Бо мы, знаходзячыся ў гэтай хаціне, стогнем ад цяжа́ру, бо не хочам распрану́цца, а хочам апрану́цца, каб смяротнае было́ паглыну́та жыццём.
 
Вось мы, знаходзячыся ў гэтай хаціне, згараваныя, уздыхаем, хочучы не пазбыцца яе, але прыадзецца, каб тое, што смяротнае, ахоплена было жыццём.

На гэта ж і стварыў нас Бог, і даў нам залог Духа.
 
На гэта і стварыў нас Бог, і даў нам заруку Духа.

Дык вось, мы заўсёды маем пэўнасць; і паколькі ведаем, што, жывучы ў целе, мы адда́лены ад Госпада, —
 
Дзеля таго мы заўсёды радуемся, хоць ведаем, што, пакуль жывем у целе, мы далёкія ад Госпада,

бо мы жывём вераю, а не ба́чаннем, —
 
бо жывем вераю, а не бачаннем.

то маем пэўнасць і жадаем лепш вы́селіцца з цела і пасяліцца ў Госпада,
 
Мы, аднак, радуемся ды маем добрую волю лепш быць далёкімі ад цела і апынуцца перад Госпадам.

і таму старанна імкнёмся — ці пасяля́ючыся, ці высяля́ючыся — быць угоднымі Яму;
 
І таму імкнемся падабацца Яму, ці мы з Ім, ці далёка ад Яго.

бо ўсім нам належыць з’явíцца на суд Хрыстоў, каб кожнаму атрымаць паводле таго, што ён рабіў, жывучы́ ў целе — ці добрае, ці дрэннае.
 
Бо ўсе мы мусім з’явіцца перад судом Хрыста, каб кожны атрымаў належную яму плату за тое, што зрабіў ён у целе, — ці добрае, ці ліхое.

Дык вось, ведаючы страх Гасподні, мы пераконваем людзей, для Бога ж мы адкрытыя; спадзяюся, што адкрытыя і вашаму сумленню.
 
Дык, ведаючы страх Госпадаў, мы пераконваем людзей, а перад Богам мы адкрытыя. Спадзяюся, што і для сумленняў вашых мы адкрытыя.

Бо мы не зноў прадстаўляем сябе вам, а даём вам нагоду хвалíцца намі, каб мелі вы адказ для тых, якія хва́ляцца знешнім, а не тым, што ў сэрцы.
 
Кажам вам гэта не каб зноў сябе прадставіць вам, але каб даць вам магчымасць пахваліцца намі, каб мелі вы [што сказаць] перад тымі, што хваляцца абліччам, а не сэрцам.

Бо калі мы бываем не ў сабе, то дзеля Бога; калі ж мы ў здаровым розуме, то дзеля вас.
 
Бо калі мы не вылучаемся розумам, дык для Бога; а калі цвярозыя, дык дзеля вас.

Бо любоў Хрыстова прымушае нас разважа́ць так: калі адзін памёр за ўсіх, то ўсе памерлі.
 
Бо любоў Хрыста прынукае нас, якія разумеюць, што калі адзін памёр за ўсіх, дык усе памерлі.

А Хрыстос за ўсіх памёр, каб тыя, хто жыве, жылí ўжо не дзе́ля сябе, а дзе́ля Таго, Хто памёр за іх і ўваскрэс.
 
І Ён памёр за ўсіх, каб тыя, што жывуць, ужо не для сябе жылі, але для Таго, Хто за іх памёр і ўваскрос.

Так што мы з гэтага часу нікога не знаем па плоці; калі ж і зналі мы Хрыста па плоці, то цяпер ужо не знаем.
 
Таму і мы ад гэтага часу не ведаем нікога паводле цела; і калі мы Хрыста спазналі паводле цела, дык ужо ад цяпер не ведаем.

Дык вось, хто ў Хрысце, той — новае стварэнне; старое прайшло, цяпер настала ўсё новае.
 
Бо хто ў Хрысце, той новае стварэнне; старое мінула, вось, [усё] сталася новае.

А ўсё гэта — ад Бога, Які праз Іісуса Хрыста прымірыў нас з Сабою і даў нам служэнне прымірэння,
 
Усё ж ад Бога, Які пагадзіў нас з Сабою праз [Ісуса] Хрыста і даў нам служэнне прымірэння,

таму што Бог у Хрысце прымірыў з Сабою свет, не залічваючы лю́дзям правін іх, і даручыў нам слова прымірэння.
 
бо, вось, Бог у Хрысце пагадзіў свет з Сабою, не ўлічваючы ім злачынстваў іх, ды ўсклаў на нас слова прымірэння.

Дык вось, мы — пасланнікі ад імя́ Хрыста, нíбы Сам Бог просіць праз нас, ад імя́ Хрыста мы просім: прымірыцеся з Богам.
 
Дык мы замест Хрыста пасланы, як бы Сам Бог просіць праз нас: за Хрыста просім, пагадзіцеся з Богам!

Бо Таго, Хто не спазнаў граху, Ён дзеля нас зрабіўся грахом, каб мы сталі ў Ім праведнасцю Божай.
 
Бо Ён Таго, Хто не ведаў граху, учыніў за нас грахом, каб мы ў Ім сталіся справядлівасцю Божай.