1 да Карынфянаў 8 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Л. Дзекуць-Малея
Пра ідалаахвя́рнае ж нам вядома, бо ўсе мы маем веды. Але веды надзіма́юць, а любоў настаўля́е.
Аб жэртвах ідальскіх ве́даем, бо ўсе́ маем ве́ду. Але ве́да надзімае, а любоў будуе.
Хто думае, быццам ведае нешта, той яшчэ нічога не ведае так, як нале́жыць ведаць;
Хто думае, што ён не́шта ве́дае, той ніколі йшчэ нічога ня ве́даў, як трэба ве́даць;
але хто лю́біць Бога, таму да́дзены веды ад Яго.
але хто любіць Бога, таго Ён пазнае́.
Дык вось, наконт спажыва́ння ідалаахвя́рнага мы ведаем, што ідал у свеце — нішто, і што няма іншага Бога, акрамя Адзінага.
Аб спажываньні-ж ахвяр ідальскіх ве́даем, што ідал на сьве́це нішто, і што няма іншага Бога, апрача Аднаго.
Калі ж і ёсць так зва́ныя багí ці то на небе, ці на зямлі — бо шмат такіх багоў і шмат валадароў, —
Бо, хаця і ёсьць гэтакзваныя богі, ці на не́бе, ці на зямлі, (бо-ж многа багоў і многа паноў), —
але ў нас адзін Бог Айцец, ад Якога — ўсё, і мы — для Яго, і адзін Гасподзь Іісус Хрыстос, праз Якога — ўсё, і мы — праз Яго.
але ў нас адзін Бог Аце́ц, з якога ўсё, і мы для Яго; ды адзін Госпад Ісус Хрыстос, праз Якога ўсё, і мы праз Яго.
Але не ва ўсіх такія веды: некаторыя і дагэтуль з сумле́ннем, якое прызнае́ ідалаў, ядуць нешта як ідалаахвярнае, і сумле́нне іх, будучы сла́бым, апаганьваецца.
Але не ў-ва ўсіх гэткая ве́да: некаторыя і дагэтуль з ідальскай сьвядомасьцяй, што ядуць, як жэртву ідалам, і сьве́дамасьць іх, як нядужая, апаганіваецца.
Ежа не набліжа́е нас да Бога, бо і калі ядзім, то нічога не набыва́ем, і калі не ядзім, то нічога не стра́чваем.
Ежа-ж не набліжае нас да Бога, бо ці ямо́, ня робімся лепшымі, ці не ямо, ня робімся горшымі.
Але сцеражы́цеся, каб гэтая свабода ваша не стала спатыкне́ннем для сла́бых.
Глядзе́це-ж аднак, каб вашая ўлада ня ста́лася спакусай для слабых.
Бо калі нехта ўбачыць, што ты, маючы веды, сядзіш за сталом у ка́пішчы, то сумле́нне яго, як слабага, ці не схíліцца да таго, каб есці ідалаахвярнае?
Бо, калі хто ўгле́дзіць, што ты, маючы ве́ду, за сталом у паганскай бажніцы, дык ці сьве́дамасьць яго, як слабога, ня збудуецца, каб е́сьці жэртвы ідальскія?
І загіне з-за тваіх ведаў сла́бы брат, за якога памёр Хрыстос.
І ад твае́й ве́ды загіне слабы брат, за якога паме́р Хрыстос.
А саграша́ючы так су́праць братоў і ра́нячы сла́бае сумленне іх, вы саграшаеце су́праць Хрыста.
А, грэшачы гэтак супраць братоў і б’ючы па сьве́дамасьці іх, якая нядужая, вы грашыцё супраць Хрыста.
І таму, калі ежа спакуша́е брата майго, дык не буду есці мяса даве́ку, каб не спакусíць брата майго.
Дзеля гэтага, калі е́жа спакушае брата майго, ня буду е́сьці мяса даве́ку, каб не спакусіць брата майго.