1 Яна 1 разьдзел

Першае пасланьне Яна
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Аб Тым, Хто быў ад пачатку, Каго мы чулі, Каго ба́чылі сваімі вачыма, да Каго прыглядаліся і да Каго датыкаліся рукі нашыя, аб Слову Жыцьця,
 
Што было ад пачатку (спрадвеку), што мы чулі, што бачылі сваімі вачыма, што назіралі ды чаго дакраналіся нашыя рукі — гэта аб Слове жыцьця —

і Жыцьцё быў зьяўлены, і мы бачылі, і мы сьведчым, і мы абвяшчаем вам Гэтага Жыцьцё Ве́чнага, Які быў у Ба́цькі і зьяўлены нам.
 
бо жыцьцё аб'явілася. Мы Яго бачылі, аб Ім сьведчым, дый вам вясьцім жыцьцё вечнае, якое было ў Айцу, а нам было аб'яўлена —

Каго мы ба́чылі і чулі абвяшчаем вам, каб і вы мелі лучнасьць з намі, а наша ж лучнасьць — з Ба́цькам і з Сынам Ягоным, Ісусам Хрыстом.
 
вясьцім вам, што мы ўбачылі і пачулі, каб і вы мелі удзел з намі. А мець з намі саўдзел, значыць: мець яго з Айцом і Яго Сынам Езусам Хрыстом.

І гэтае пішам вам, каб радасьць наша была поўная.
 
Пішам гэта з мэтаю, каб наша радасьць была поўнаю.

І гэткае ёсьць абвяшчэньне, якое мы чулі ад Яго і абвяшчаем вам: Бог ёсьць Сьвятло, і няма ў Ім ніякае цемры.
 
Такая вось вестка, якую мы пачулі ад Яго ды перадаём вам: Бог — сьвятло і няма ў Ім ніякай цемры.

Калі скажам, што маем лучнасьць зь Ім, а ходзім у цемры, дык ма́нім і ня чынім праўды.
 
Калі мы сказалі, што маем з Ім удзел, а ходзім у цемры — мы лжом (ня праўду кажам) і разьмінаемся (не спаганяем) з праўдай.

А калі ходзім у сьвятле, падобна як Ён ёсьць у сьвятле, дык маем лучнасьць між сабою, і Кроў Ісуса Хрыста, Сына Ягонага, ачышчае нас ад усякага грэху.
 
Калі мы ходзім у сьвятле, так як Ён у сьвятле, тады маем адны з другімі ўзаемны ўдзел, а Кроў Езуса, Сына Яго, ачышчае нас ад усякага граха,

Калі, ска́жам, што ня маем грэху, ашукваем самых сябе, і няма ў нас праўды
 
Калі б мы казалі, што ня маем граха, дык абманавалі б саміж сябе і праўды не было б у нас.

Калі вызнаём грахі нашыя, (дык) Ён — верны і праведны, каб дараваць нам грахі (нашыя) і ачысьціць нас ад усякае няправеднасьці.
 
А калі вызнаём (кажам) свае грахі, дык Бог (Ён) верны і справядлівы, адпусьціць нам грахі ды ачысьціць нас ад усякае несправядлівасьці.

Калі ска́жам, што мы ня саграшылі, (дык) робім Яго ілгуном, і Слова Ягонага няма ў нас.
 
А калі б мы сказалі, што не грашым, дык мы зрабілі б ілгуном і слова Яго не было б у нас.