Адкрыцьцё 1 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Адкрыцьцё Ісуса Хрыста, якое даў Яму Бог, каб паказаў рабам Сваім, што мае стацца няўзабаве. І (Ён) паказаў, паслаўшы праз Ангела Свайго, рабу Свайму Яану,
 
Аб'ява Езусу Хрыстуса, якую яму даў Бог, каб адсланіць слугам сваім, што павінна стацца ў хуткім часе. І паслаўшы анёла паведаміў слузе свайму знакамі.

каторы засьведчыў Слова Бога і сьведчаньне Ісуса Хрыста: і ўсё, што ўбачыў.
 
Ён сьведчыць аб Слове Божым і аб Езусе Хрыстусе, і аб усім, што бачыў.

Шчасьлівы той, хто чытае і тыя, што слухаюць словы гэтага прароцтва і (тыя, што) спаўняюць у ім напíсанае, таму што час блізка.
 
Шчасьлівы той, хто чытае і чуе Слова гэтага прароцтва і захавае тое, што ў іх напісана, час бо блізкі.

Яан сямі цэрквам, якія ў Азіі: Багадаць вам і Мір ад Таго, Каторы ёсьць і Каторы быў, і Каторы ідзе, і ад сямі духаў, якія ёсьць перад Пасадам Ягоным,
 
Ян сямі касьцёлам у Азіі. Ласка вам і супакой ад Таго,Каторы ёсць, Які быў, і Які надыдзе і ад сямі Духаў, што перад тронам Ягоным,

і ад Ісуса Хрыста, Сьведкі вернага, Першароднага зь мёртвых і Валадара каралёў зямлі. Яму, палюбіўшаму нас і абмыўшаму нас ад грахоў нашых Крывёю Сваёй,
 
і ад Езуса Хрыстуса, вернага Сьведкі, першароднага з ускросшых, і Ўладара зямных каралёў. Ён узлюбіў нас і абмыў нас ад грахоў нашых крывёй сваёй,

і зрабіў нас каралямі і сьвятарамі Богу і Бацьку Свайму: Яму слава і валадарства на векі вякоў. Амін.
 
і зрабіў нас валадарствам і сьвятарамі Богу і Айцу Свайму: Яму хвала і валаданьне на векі вечныя. Аман.

Вось, (Ён) ідзе ў аблоках, і ўгледзіць Яго кожнае вока, і тыя, што пракалолі Яго; і загалосяць перад Ім усе плямёны зямлі. Так, амін!
 
Вось жа прыходзіць у хмарах, і ўбачыць Яго ўсякае вока і ўсе якія Яго пракалолі. І залямантуюць над Ім усе пакаленьні зямлі. Так. Аман.

Я ёсьць Альфа і Омэга, Пачатак і Канец, — кажа Госпад, — Які ёсьць і Які быў і Які прыходзе, Уседзяржыцель.
 
Я — Альфа і Омега, пачатак і канец,-кажа Госпад Бог. Які ёсьць, Які быў і Які прыйдзе, Усемагутны.

Я, Яан, і брат ваш, і супольнік у горы, і ў Валадарстве, і ў цярпеньні Ісуса Хрыста, быў на востраве, называным Па́тмас, за Слова Бога і за сьведчаньне Ісуса Хрыста.
 
Я Ян, брат ваш, удзельнік у прыгнёце, у валадарстве і цярплівасьці ў Хрысце Езусе быў на востраве Патмас для слова Божага і сьведчаньня аб Езусе.

Я быў у духу ў дзень Госпадаў, і пачуў ззаду сябе голас гучны, як бы трубы,
 
Я быў у захапленьні духа ў дзень Госпадаў і пачуў за сабою зычны голас, быццам трубы, які казаў: "Што бачыш, запішы ў кнізе і пашлі сямі касьцёлам у Азіі: што ў Эфезе, і ў Смырне, і ў Пергаме, Тыятыры, і ў Сардзе,і ў Філадэльфіі і ў Лаодэцыі".

які сказаў: «Я ёсьць Альфа і Омэга, Першы і Апошні; і што ты бачыш, запішы ў скрутак і пашлі цэрквам, якія ў Азіі: у Эхвес, і ў Сьмірну, і ў Пэргам, і ў Тыатыры, і ў Сарды, і ў Хвілядэльхву, і ў Ляодыку».
 
Я адвярнуўся, каб зірнуць, адкуль быў голас, што да мяне гаварыў, а адвярнуўшыся ўбачыў сем залатых сьвяцільнікаў

І я павярнуўся, каб убачыць Таго, Чый голас сказаў мне; і, павярнуўшыся, убачыў сем сьветачаў залатых,
 
і паміж сьвяцільнікаў залатых некага падобнага да Сына Чалавечага, адзетага ў доўгую сукню сьвятарскую, падперазанага пад грудзі залатой павязкай,

а пасярод сямёх сьветачаў — падобнага да Сына Чалавечага, апранутага ў падзір і падпераза́нага вакол грудзёў поясам залатым.
 
галава ж ягоная і валасы былі белыя, як воўна, былі, як быццам снег, і вочы яго як полымя агня.

А Галава і валасы Ягоныя белыя, як белая воўна, як сьнег; і Вочы Ягоныя, як полымя агню;
 
І ногі Яго падобныя да бронзы, распаленай у печы, а голас Ягоны падобны на гук бурных водаў.

і Ногі Ягоныя падобныя да халкаліва́ну, быццам у печы распа́леныя; і голас Ягоны, як шум водаў многіх.
 
І Ён трымаў у руцэ сваёй правай сем зорак, з вуснаў жа Яго вытыркаў меч двухбакова востры, а твар Ягоны зіхацеў, як сонца ў магутнасьці сваёй.

І меў (Ён) у правай Руцэ Сваёй сем зор, і з Вуснаў Ягоных выходзіў (вялікі) меч двусечны востры; і Аблічча Ягонае, як сонца, што сьвеціць у сіле сваёй.
 
Убачыўшы Яго, упаў я да ног Яго, быццам нежывы. А Ён паклаў правую руку сваю на мяне, кажучы: "Ня бойся! Я-Першы і Апошні і Жывы.

І калі я ўбачыў Яго, (я) упаў да Ягоных Ног, як мёртвы. І Ён паклаў на мяне Сваю правую Руку́, кажучы мне: Ня бойся; Я ёсьць Першы і Апошні,
 
Я быў памёршым, а вось жа жывы на векі вечныя і маю ключы ад сьмерці і пекла.

і Жывы, і быў мёртвы; і вось, Я жывы на вечныя вякі, амін. І маю ключы пекла і сьмерці.
 
Дык напішы, што ты ўбачыў, што ёсьць і што павінна стацца пасьля.

Напішы, што (ты) убачыў, і што ёсьць, і што мае стацца пасьля гэтага.
 
Таямніца сямі зорак, якія ты бачыў у маёй правай руцэ, і сямі сьвяцільнікаў залатых вось якая: сем зорак-гэта сем анёлаў сямі касьцёлаў, а сем сьвяцільнікаў-гэта сем касьцёлаў.

Тайна сямі зор, якія ты ўбачыў у правай (Руцэ) Маёй, і сямі сьветачаў залатых: сем зор ёсьць ангелы сямёх цэркваў, а сем сьветачаў, якія ты ўбачыў, ёсьць сем цэркваў.