Адкрыцьцё 4 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Пасьля гэтага я глянуў, і вось дзьверы адчыненыя на небе, і ранейшы голас, які я чуў быццам (гук) трубы, які гаварыў да мяне, кажа: узыйдзі сюды, і (Я) пакажу табе, што мусіць стацца пасьля гэтага.
 
Пасьля гэтага ўбачыў я: вось дзьверы адчыненыя ў небе, і голас першы, які я пачуў, быў як быццам голасам трубы, размаўляючай са мною і кажучай: Увайдзі сюды, і я пакажу табе тое, што павінна стацца пасьля.

І я ўраз стаўся ў духу; і вось Пасад стаяў на небе, а на Пасадзе — Сядзячы.
 
І адразу папаў я ў захапленьне духам: і вось трон стаяў у небе, а на троне нехта сядзеў.

І Сядзячы быў падобны выглядам да каменю ясьпісу і сардісу; і вясёлка навакол Пасаду, з выгляду падобная да смарагдавай.
 
А той, хто сядзеў, падобны быў з выгляду да каменя з яспіса і сардзія, і вясёлка вакруг трона была падобная з выгляду на смарагд.

І вакол Пасаду — дваццаць чатыры пасады; і на пасадах я ўбачыў дваццаць чатыры старэйшыны, якія сядзяць, апра́нутыя ў белыя вопраткі, і яны мелі на галовах сваіх вянкі залатыя.
 
А вакол трона-дваццаць чатыры троны, а на тронах сядзела дваццаць чатыры старэйшын, адзетых у белыя вопрадкі, а на галавах іхніх-залатыя кароны.

І ад Пасаду выходзяць маланкі і грымоты, і галасы, і сем сьветачаў агнявых, (якія) гараць перад Пасадам, якія ёсьць сем духаў Бога.
 
А ад трона ўспыхвалі маланкі і галасы, і громы ды сем сьвяцілаў палаючых перад тронам: яны ж гэта-сем Духаў Божых.

І перад Пасадам мора шкляное, падобнае да крышталю. А пасярэдзіне Пасаду і вакол Пасаду — чатыры жывёлы, поўныя вачэй сьпераду і ззаду.
 
Перад тронам зьзяла нібы шклянае мора, падобнае на крышталь, а на сярэдзіне трона і навокал трона-чатыры жывёліны, поўныя вачэй і наперадзе, і ззаду.

І першая жывёла падобная да льва, і другая жывёла падобная да маладога быка, і трэйцяя жывёла, (якая) мела аблічча, як чалавек, і чацьвёртая жывёла падобная да арла ляту́чага.
 
А першы зьвер падобен на льва, а другі зьвер падобны да вала, а трэці зьвер меў твар быццам чалавечы, а чацьвёрты зьвер меў падабенства да арла лятаючага.

І чатыры жывёлы, кожная наўкола на сабе мела па шэсьць крылаў, а ўнутры (яны) поўны вачэй; і (яны) ня маюць спакою ні ўдзень, ні ўначы, кажучы: Сьвяты, Сьвяты, Сьвяты Госпад Бог Усемагутны, Каторы быў і Каторы ёсьць, і Каторы ідзе.
 
А чатыры зьвяры паасобку мелі па сем крыляў і вакруг, і ўсярэдзіне мелі поўна вачэй і бесьперапынна днём і ноччу яны ўскліквалі: Сьвяты, Сьвяты, Сьвяты Госпад Бог Усемагутны, Які быў і Які ёсьць, і Які прыходзіць.

І калі жывёлы аддадуць славу і чэсьць, і падзяку Сядзячаму на Пасадзе, Жыву́чаму ў вяках вякоў,
 
І калі аддавалі тыя жывёліны паклон і хвалу, і падзяку Седзячаму на троне, Жывучаму на векі вечныя,

упадуць дваццаць чатыры старэйшыны перад Сядзячым на Пасадзе і кланяюцца Жыву́чаму ў вяках вякоў, і кладуць вянкі свае перад Пасадам, кажучы:
 
падала перад Седзячым на троне дваццаць чатыры старэйшын, і кланяліся яны Жывучаму на векі вечныя, і клалі кароны свае перад тронам, кажучы:

Ты годны, Госпадзе, прыняць славу і гонар, і сілу, таму што Ты стварыў усё, і па Тваёй волі (усё) створана і існу́е.
 
"Дастойны Госпад Бог наш прымаць хвалу і паклон, і моц, бо Ты стварыў усё, і ўсё з волі Тавёй існавала і было створана".