1 Яна 3 разьдзел
Першае пасланьне Яна
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Л. Гарошка
Глядзіце, якую любоў даў нам Ба́цька, каб нам называцца дзецьмі Бога. Сьвет таму ня ведае нас, таму што ня спасьціг Яго.
Любасныя! мы цяпер дзеці Бога, але яшчэ ня выявілася, кім будзем. Але ведаем, што калі выявіцца, будзем падобныя да Яго, таму што ўбачым Яго, як Ён ёсьць.
І кожны, хто мае гэтую надзею на Яго, ачышчае сябе так, як Ён чысты.
Кожны, хто робіць грэх, робіць і бяззаконьне, і грэх ёсьць бяззаконьне.
І вы ведаеце, што Ён зьяўлены быў, каб узяць грахі нашыя, і што ў Ім няма грэху.
Кожны, хто ў Ім прабыва́е, ня грашыць; кожны, хто грашыць, ня бачыў Яго і ня спасьціг Яго.
Дзеці! хай ніхто вас ня зводзіць. Хто чыніць праўду, той праведны, як Ён праведны.
Хто робіць грэх, той ад д’ябла, бо ад пачатку д’ябал грашыць. Для гэтага быў зьяўлены Сын Бога, каб разбурыць учынкі д’ябла.
Усякі, хто народжаны ад Бога, грэху ня робіць, бо Насеньне Ягонае прабывае ў ім, і ён ня можа грашыць, таму што ад Бога народжаны.
У гэтым вачавíдны дзеці Бога і дзеці д’ябла: кожны, хто ня робіць праўды, ня ёсьць ад Бога, а таксама і той, хто ня любіць брата свайго.
Бо такое ёсьць прыказа́ньне, якое вы пачулі ад пачатку, каб мы любілі адзін аднаго;
ня як Каін, што быў ад д’ябла і забіў брата свайго. Па якой прычыне забіў яго? Таму што, учынкі ягоныя былí злыя, а (учынкі) брата ягонага — справядлівыя.
Ня зьдзіўляйцеся, браты мае, калі сьвет нянавíдзіць вас.
Мы ведаем, што перайшлі ад сьмерці ў жыцьцё, таму што любім братоў; хто ня любіць брата, прабывае ў сьмерці.
Кожны, хто нянавíдзіць брата свайго, ёсьць забойца; а вы ведаеце, што ніякі забойца ня мае жыцьця вечнага, у ім прабываючага.
З таго спасьціглі мы любоў, што Ён за нас паклаў жыцьцё Сваё; і мы павінны за братоў пакладаць жыцьці.
А хто мае сродкі для жыцьця ў сьвеце гэтым і бачыць брата свайго, які мае патрэбу, і запірае сэрца сваё ад яго, дык як прабывае ў ім любоў Бога?
Дзеці мае! будзем любіць ня словам ці языком, але справай і праўдай.
І па гэтаму пазнаём, што мы ад праўды, і супакоім перад Ім сэрцы нашыя,
бо калі сэрца на́шае нас вінаваціць: Бог большы за сэрца нашае і ведае ўсё.
Любасныя! калі сэрца нашае ня вінава́ціць нас, дык мы маем адвагу перад Богам,
і чаго ні папросім, атрымаем ад Яго, таму што прыказаньні Ягоныя выпаўняем і заўгоднае перад Ім робім.
І прыказаньне Ягонае ёсьць такое, каб мы верылі ў Імя Сына Ягонага Ісуса Хрыста, і любілі адзін аднаго, як Ён даў нам прыказаньне.
І хто выконвае прыказаньні Ягоныя, той у Ім прабывае, і Ён — у тым, і па гэтаму пазнаём, што Ён прабывае ў нас: па Духу, Якога Ён даў нам.