Мацьвея 7 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Міцкевіча (Прускага)
Ня судзіце, каб і вам ня быць засуджанымі.
Ня судзеце, каб ня былі суджаны.
Бо якім судом судзіце, (такім і) будзеце суджаны. І якою меркаю мераеце, гэткай і вам будзе адмерана.
Бо якім судом судзіце, такім і вас будуць судзіць, і якою меркаю мераеце, такою адмераюць і вам.
І што ты выглядаеш парушынку ў воку брата твайго, а бервяна ў сваім воку ня адчуваеш?
І што ты ўглядаесься на шчэпку ў воку брата твайго, а палена ў сваім воку не адчуваеш?
Альбо як скажаш брату твайму: дай, я выму парушынку з вока твайго; а вось у тваім воку бервяно?
Або, як скажаш брату свайму: Дай я выйму шчэпку з вока твайго, а вось у тваім воку палена.
Крывадушнік! Вымі спачатку бервяно з вока твайго і тады ўбачыш, як выняць парушынку з вока брата твайго.
Крывадушнік! Выкінь перш палена з вока твайго, а тады пабачыш, як дастаць шчэпку з вока брата твайго.
Ня давайце сьвятога сабакам і ня кíдайце пэрлаў вашых перад сьвіньнямі, каб ня патапталі іх нагамі сваімі, і адвярнуўшыся, ня разарвалі вас.
Не давайце сьвятога псом, і ня кідайце пэрлаў вашых перад сьвіньнямі, каб не патапталі іх нагамі ды, абярнуўшыся, не разарвалі вас.
Прасеце, і будзе вам дадзена; шукайце, і знойдзеце; стукайцеся, і будзе вам адчынена.
Прасеце, і будзе вам дадзена; шукайце й знойдзеце, стукайце, і адчыняць вам.
Бо кожны, хто просіць, атрымлівае, і, хто шукае, знаходзіць, і хто стукаецца, таму будзе адчынена.
Бо кожны, хто просіць, — атрымоўвае; і хто шукае, — знайходзіць, і хто стукае, таму адчыняюць.
Ці ёсьць сярод вас які чалавек, калі сын ягоны папросіць у яго хлеба, то падасьць яму камень?
Або ці ёсьць між вамі такі чалавек, у каго сын папрасіў-бы хлеба, а ён даў-бы яму камень?
І калі папросіць рыбы, то падасьць яму зьмяю?
А калі папрасіў-бы рыбы, даў-бы яму зьмяю?
Дык вось, калі вы, будучы благімі, умееце даваць дары добрыя дзецям вашым, тым больш Ба́цька ваш, Які ёсьць у Нябёсах, дасьць даброты тым, хто папросіць у Яго.
Вось-жа, калі вы, самі благія, умееце абдорваць дабром дзяцей вашых, тым болей Айцец ваш Нябесны абдорыць дабром тых, хто просіць у Яго.
Пагэтаму заўсёды, як хочаце, каб людзі ставіліся да вас, так і вы стаўцеся да іх. Бо ў гэтым ёсьць (сэнс) Закону і Прарокаў.
Гэтак да ўсяго: як вы хочаце, каб вам людзі рабілі, так і вы рабеце ім, бо ў гэтым закон і прарокі.
Уваходзьце цераз уваход вузкі, бо шырокі ўваход і вольны той шлях, які вядзе да загубы, і многія ідуць па ім;
Увайходзьце праз вузкія вароты, бо шырокія вароты, і шырокі шлях вядуць да пагібелі, і шматлікія прайходзяць імі.
бо вузкі ўваход і цесны той шлях, які вядзе ў жыцьцё, і нямногія знаходзяць яго.
Таму цесныя вароты й вузкі шлях вядуць да жыцьця, і мала такіх, якія знайходзяць іх.
Дык асьцерагайцеся ад ілжывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечым выглядзе, а ўнутры (яны) ваўкі драпежныя.
Сьцеражэцеся йлжывых прарокаў, якія падыйходзяць да вас у авечай вопратцы, нутро-ж у іх — ваўкоў драпежных.
Па пладох іхніх пазнаеце іх. Ці зьбіраюць зь цярноўніку вінаград, альбо зь дзядоўніку смоквы?
Па пладох іхных пазнаеце іх. Ці-ж зьбіраюць зь цярніны вінаград, ці з асоту — фігі?
Гэтак, усякае дрэва добрае прыносіць плады добрыя, а пашкоджанае дрэва прыносіць плады благія.
Гэтак усякае дрэва добрае дае й плады добрыя; благое ж дрэва дае благія плады.
Ня можа дрэва добрае прыносіць плады благія, а дрэва сапсаванае — прыносіць плады добрыя.
Ня можа добрае дрэва выдаць плады добрыя.
Усякае дрэва, якое ня прыносіць плоду добрага, сьсякаюць і кіда́юць у вагонь.
Усякае дрэва, якое не выдае добрага плоду, сьсякаюць і кідаюць у агонь.
Дык вось, па пладох іхніх пазнаеце іх.
Дык па пладох іхных пазнаеце іх.
Ня ўсякі, хто кажа Мне: Госпадзе! Госпадзе! увойдзе ў Валадарства Нябёсаў, а той, хто выконвае волю Ба́цькі Майго, Які (ёсьць) у Нябёсах.
Ня ўсякі, хто кажа мне — Госпадзе, Госпадзе! — увойдзе ў Валадарства Нябеснае.
Многія скажуць Мне ў той дзень: Госпадзе! Госпадзе! ці ня Тваім Імем (мы) прарочылі? і ці ня Тваім Імем (мы) выганялі дэманаў, і ці ня Тваім Імем (мы) многія цуды ўчынялі?
Многія скажуць Мне ў той дзень: Госпадзе, Госпадзе! Ці не ў Тваё імя прарочылі мы? І ці не Тваім імем выганялі злыдняў? І це не Тваім імем шмат цудаў тварылі?
І тады абвяшчу ім: (Я) ніколі ня ведаў вас; адыйдзецеся ад Мяне (вы), што чыніце бяззаконьне.
І тады скажу ім: Я ніколі ня ведаў вас, адступецеся ад Мяне, спраўцы беззаконьня.
Дык вось, кожнага, хто слухае Словы Мае гэтыя і выконвае іх, прыпадоблю яго да чалавека мудрага, які пабудаваў дом свой на камені.
Вось-жа, усякага, хто слухае словы Мае гэтыя і выпаўняе іх, прыпадобню да чалавека мудрага, які збудаваў дом свой на камені.
І пайшоў дождж, і разліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і рынуліся на той дом; і ён ня ўпаў, бо быў пастаўлены на камені.
І пайшоў дождж, і разьліліся рэкі, і ўсхадзіліся вятры, і наляглі на дом той, і ён не заваліўся, бо быў пастаўлены на камені.
А ўсякі, хто слухае Словы Мае гэтыя і ня выконвае іх, прыпадоблены будзе чалавеку няразумному, які пабудаваў дом свой на пяску;
Усякі-ж той, хто слухае словы Мае й не выпаўняе іх, падобны будзе да чалавека бесталковага, які пабудаваў дом свой на пяску.
і пайшоў дождж, і разліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і налеглі на дом той, і ён заваліўся, і было падзеньне ягонае вялікае.
І пайшоў дождж, і разьліліся рэкі, і ўсхадзіліся вятры, і наваліліся на дом той, і ён заваліўся, і вялікая была руіна яго».
І сталася, калі скончыў Ісус словы гэтыя, людзі дзівіліся вучэньню Ягонаму:
І сталася, калі кончыў Ісус гэтыя словы, народ дзіваваўся ў навукі Ягонае.
бо Ён вучыў іх, як Той, Хто мае ўладу, а ня як кніжнікі.
Бо вучыў іх, як Той, хто ўладу мае, і ня так, як кніжнікі й фарысеі.