Марка 1 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Міцкевіча (Прускага)
Пачатак Эвангельля Ісуса Хрыста Сына Бога.
Пачатак Евангельля Ісуса Хрыста, Сына Божага.
Як напíсана ў Прарокаў: вось Я пасылаю Ангела Майго перад Абліччам Тваім, які падрыхтуе шлях Твой перад Табою.
Як напісана ў прарокаў: «Вось Я пасылаю ангела Майго прад абліччам Тваім, які выправіць шлях Твой прад Табою».
Голас крычачага ў пустэльні: падрыхтуйце шлях Госпада, простымі рабіце сьцежкі Ягоныя.
Голас зоўны ў пустыні: «Прыгатуйце шлях Госпаду, прастуйце сьцежкі Яму».
Зьявіўся Яан хрысьцячы ў пустэльні і абвяшчаючы хрышчэньне пакаяньня дзеля дараваньня грахоў.
Зьявіўся Ян, хрысьцячы ў пустыні, і абвяшчаючы хрышчэньне пакаяньня дзеля адпушчэньня грахоў.
І выходзіла да яго ўся краіна Юдава і ярузалімцы, і ўсе прымалі хрышчэньне ад яго ў вадзе Ярдана, спавядаючы грахі свае.
І прыходзілі да Яго з усёй краіны Юдэйскай, і жыхары Ерусаліму, і хрысьціліся ад яго ў рацэ Ярдане, спавядаючыся ў грахох сваіх.
Быў жа Яан апрануты (у адзежу) зь вярблюдавага воласу і скураны пояс на паясьніцы ягонай, і еў (ён) саранчу і дзікі мёд.
Вопратка-ж Яна была зь вярблюжага воласу й скураны пояс на паясьніцы яго, а ежаю яго была саранча й дзікі мёд.
І прапаведаваў кажучы: ідзе за мною Мацнейшы за мяне, Якому я ня варты нахіліўшыся разьвязаць рэмень сандаляў Ягоных.
І прадвяшчаў, кажучы: «Ідзе за мною мацнейшы за мяне, Яму я недастойны, нахіліўшыся, разьвязаць рамень абутку Ягонага.
Я ахрысьціў вас у вадзе, а Ён ахрысьціць вас у Духу Сьвятым.
Я хрысьціў вас вадою, Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым.»
І сталася ў тыя дні: прыйшоў Ісус з Назарэту, з Галілеі, і быў ахрышчаны Яанам у Ярдане.
І сталася ў дні тыя, прыйшоў Ісус з Назарэту Галілейскага й хрысьціўся ад Яна ў Ярдане.
І зараз жа выйшаўшы з вады (ён) убачыў расхінаямыя Нябёсы і Духа, быццам галуба, Які зыходзіў на Яго;
І ў момант, калі выходзіў з вады, убачыў Ян расхіняныя нябёсы й Духа ў выглядзе голуба, які зыходзіў на Яго.
і Голас быў зь Нябёсаў: Ты ёсьць Сын Мой любасны, Якім (Я) задаволены.
І пачуў голас зь неба: «Ты Сын Мой улюбёны, ка Кім Маё Дабраволеньне».
І зараз жа Дух вядзе Яго ў пустэльню.
І зараз-жа Дух павёў Яго ў пустыню.
І быў (Ён) там у пустэльні сорак дзён, спакуша́ны ад шатана, і быў са зьвярамі, і Ангелы служылі Яму.
І быў Ён там, у пустыні, сорак дзён, спакушаны праз шатана, і быў побач зьвяратаў, і ангелы слугавалі Яму.
А пасьля арышту Яана прыйшоў Ісус у Галілею прапаведуючы Эвангельле Валадарства Бога
Пасьля-ж таго, калі быў выданы Ян, прыйшоў Ісус у Галілею, абвяшчаючы Евангельле Ўладарства Божага.
і кажучы: споўніўся час і наблізілася Валадарства Бога: пакайцеся і верце ў Эвангельле.
І кажучы, што прыйшла поўня часу, і наблізілася Ўладарства Божае: пакайцеся й верце ў Евангельле.
Праходзячы ж ля мора Галілеі убачыў Ён Сымона і Андрэя, брата ягонага, якія закідвалі сетку ў мора; бо (яны) былі рыбаловы.
Праходзячы-ж каля мора Галілейскага, убачыў Сымона й Андрэя, брата яго, якія закідалі сеткі ў мора, бо былі рыбаловамі.
І сказаў ім Ісус: ідзіце ўсьлед за Мною і зраблю вас лаўцамі людзей.
І сказаў ім Ісус: «Ідзеце сьледам за Мною, і Я ўчыню вас, што станецеся лаўцамі людзей».
І зараз жа пакінуўшы сеткі свае (яны) пайшлі ўсьлед за Ім.
І яны зараз-жа, пакінуўшы сеткі свае, пайшлі за Ім.
І прайшоўшы адтуль (яшчэ) трохі (Ён) убачыў Якуба Завядзеявага і Яана, брата яго́нага, а яны правілі ў чаўне сеткі,
І адыйшоўшы крыху далей, Ён убачыў Якуба Завядэевага й Яна, брата яго, якія таксама ў чаўне папраўлялі сеткі свае.
і тут жа паклікаў іх, і (яны) пакінуўшы бацьку свайго Завядзея ў чаўне з работнікамі пайшлі ўсьлед за Ім.
І зараз-жа паклікаў іх, і яны, пакінуўшы ў чаўне бацьку свайго Завядэя з наймітамі, пайшлі за Ім.
І прыхо́дзяць у Капэрнавум, і адразу ў суботу увайшоўшы ў сынагогу вучыў.
І, прыходзяць у Капэрнаум, і незабавам у сыботу ўвайшоў Ён у сынагогу й навучаў.
І былі зьдзіўлены Ягонай навукай, бо (Ён) вучыў іх як Той, Хто ўладу мае, а ня як кніжнікі.
І дзівіліся з навукі Ягонае, бо наўчаў іх, як поўнаўладны, а не як кніжнікі.
У сынагозе іхняй быў чалавек (апанаваны) духам нячыстым і закрычаў,
Быў у сынагозе іхняй чалавек, апанаваны духам нячыстым, які закрычаў,
кажучы: Во! што табе да нас, Ісус Назаранін? Ты прыйшоў загубіць нас! Ведаю Цябе, Хто Ты, Сьвяты Божы.
кажучы: «Пакінь! Што Табе да нас, Ісус Назаранін? Прыйшоў Ты загубіць нас! Ведаю Цябе, Хто Ты ёсьць — Сьвяты Божы».
А Ісус забараніў яму кажучы: змоўкні і выйдзі зь яго.
Але Ісус забараніў яму, сказаўшы: «Змоўкні й выйдзі зь яго».
Тады дух нячысты страсянуўшы яго і, загаласіўшы моцным голасам, выйшаў зь яго.
Тады нячысты дух, скалануўшы яго й закрычаўушы моцным голасам, выйшаў зь яго.
І жахнуліся ўсе так што пачалі пытацца адзін воднага, кажучы: што гэта? што гэта за новае вучэньне; што ўладарна нават духам нячыстым загадвае, і пакараюцца Яму?
I жахнуліся ўсе, і адзін у аднаго пыталіся, кажучы: «Што гэта такое? Што гэта за вучэньне новае, што й нячыстым духам загадвае ўладарна, і слухаюцца Яго».
І зараз жа разыйшлася чутка пра Яго па ўсяму навакольлю Галілеі.
I хутка разыйшлася пагалоска пра Яго па ўсіх аколіцах Галілейскіх.
І тут жа, выйшаўшы з сынагогі, прыйшлі (яны) у дом Сымона і Андрэя зь Якубам і Яанам.
Тады, зараз-жа, выйшауўшы із сынагогі, прыйшлі ў дом Сымона й Андрэя, разам зь Якубам і Янам.
А цешча Сымона ляжала ў гарачцы, і адразу кажуць Яму пра яе.
Цешча-ж Сымонава ляжала ў гарачцы, і адразу-ж сказалі Яму пра яе.
І, падыйшоўшы, (Ён) падняў яе, узяўшы за руку́ ейную; і зараз жа гарачка пакінула яе, і (яна) служыла ім.
I, падыйшоўшы, Ён падняў яе, узяўшы за руку; і ўраз зьнікла гарачка яе, і яна пачала прыслугоўваць ім.
Калі настаў вечар, як зайшло сонца, прынесьлі да Яго ўсіх хворых і апанаваных дэманамі.
Калі надыйшоў вечар, на захадзе сонца прынесьлі да Яго ўсіх нядужых і апанаваных нячыстым.
І ўсё места было сабраным каля дзьвярэй.
Усё места зыйшлося каля дзьвярэй.
І (Ён) аздаравіў многіх хворых, рознага роду немачных, і выгнаў многа дэманаў і ня дазваляў гаварыць дэманам, што ведаюць Яго.
І Ён ацаліў многіх, якія цярпелі ад цяжкіх нядугаў, і павыганяў шмат злыдухаў і не дазваляў злыдухам гаварыць, што яны ведаюць Яго — Хрыста.
А нараніцы, устаўшы на досьвітку, выйшаў і пайшоў у пустэльнае мейсца, і там маліўся.
А нараніцы, устаўшы на сьвітаньні, выйшаў і аддаліўся ў пустыннае месца й там маліўся.
І пайшлі за Ім Сымон і тыя, хто быў зь Ім.
Сымон-жа й тыя, што былі зь Ім, пайшлі за Ім.
І, знайшоўшы Яго, кажуць Яму: усе шукаюць Цябе.
І, знайшоўшы Яго, кажуць Яму: «Усе шукаюць Цябе».
І кажа ім: пойдзем у астатнія сёлы і месты, каб (Мне) і там навучаць: бо для гэтага (Я) прыйшоў.
Ён-жа сказаў ім: «Пойдзем у бліжэйшыя вёскі й месты, каб там Мне навучаць, бо дзеля гэтага Я прыйшоу».
І (Ён) навучаў у сынагогах іхных па ўсёй Галілеі і выганяў дэманаў.
I навучаў у сынагогах іхных усюды па ўсёй Галілеі й выганяў таксама злыдухаў.
І прыходзіць да Яго пракажоны, молячы Яго і падаючы перад Ім на калені і кажучы Яму: калі хо́чаш, можаш мяне ачысьціць.
Прыходзіць да Яго запракáжаны і, молячы й пáдаючы прад Ім на калены, кажа Яму: «Калі хочаш, можаш мяне ачысьціць».
А Ісус, зьлітаваўшыся, працягнуў Руку́, дакрануўся яго і кажа яму: хачу, будзь ачышчаны.
Ісус, зьлітаваўшыся над ім, працягнуў руку, дакрануўся да яго й сказаў яму: «Хачу, станься чыстым».
І калі Ён сказаў, праказа зараз жа сыйшла зь яго, і (ён) стаў ачышчаным.
I, як толькі гэта сказаў, праказа ўраз зыйшла й стаў чыстым.
І строга папярэдзіўшы яго зараз жа адаслаў яго,
I, прыгразіўшы яму, зараз-жа адправіў яго.
і кажа яму: глядзі, нікому нічога ня кажы, але пайдзі пакажыся сьвятару і ахвяруй за ачышчэньне тваё, што загадаў Масей дзеля сьведчаньня ім.
I сказаў яму: «Глядзі, нікому нічога не кажы, але пайдзі, пакажыся ярэю й ахвяруй за ачышчэньне тваё, як загадаў Майсей, у сьведчаньне ім».
А ён выйшаўшы пачаў многа абвяшчаць і шырыць вестку, так што Ён больш ня мог адкрыта ўвайсьці ў места, але быў вонках у мясцох пустэльных; і прыходзілі да Яго адусюль.
А ён, выйшаўшы, пачаў абвяшчаць і разгалошваць усюды; дзеля гэтага Ісус, каб не выяўляцца, ня йшоў ужо ў места, але трымаўся вонках, у месцах пустынных; і прыходзілі да Яго адусюль.