Псалтыр 139 псалом

Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

Кіраўніку хору. Псальм Давідавы. Ягова, Ты мяне выспрабаваў і ведаеш (мяне).
 

Ты ведаеш, калі я сядаю і калі я ўстаю. Ты разумееш думкі мае здаля.
 

Ці хаджу я, ці ляжу я — Ты акружаеш мяне, і ўсе дарогі мае Табе ве́дамы.
 

Бо няма яшчэ слова на языку маім, але Ты, Ягова, ведаеш яго ўжо дасканала.
 

Ззаду і сьпераду Ты атача́еш мяне, і Далонь Тваю Ты кладзеш на мяне.
 

Лíшне дзіўнае для мяне (Тваё) веданьне. Яно лíшне высака для мяне, і сьцяміць яго я ня магу.
 

Куды я пайду ад Духа Твайго? і куды я ўцяку ад Аблічча Твайго?
 

Калі б я ўзыйшоў на Нябёсы, Ты ёсьць там. Калі б я ложкам сваім зрабіў апраме́тную, Ты — там.
 

Калі б я ўзяў крылы сьвітаньня і асеў на ўскрайку мора,
 

то і там вяла бы мяне Рука Твая, і Правіца Твая трымала б мяне.
 

Калі б я сказаў: «Сапраўды, хай цемра пакрые мяне, і ноч стане сьвятлом вакол мяне»,
 

то цемра ня за́сьціла б мяне перад Табой, і ноч стала б сьветлай, як дзень. Цемра стала б, як сьвятло. —
 

Бо Ты стварыў нутро маё, (і) выткаў мяне ва ўлоньні маткі маёй.
 

Я буду славіць Цябе за тое, што я створаны так цудоўна і поўны страху (Божага). Цудоўныя творы твае, і душа мая поўнасьцю ўсьведамляе гэта.
 

Ня схаванымі былі ад Цябе косткі мае, калі я быў ствараемы ў тайне, цудоўна сатканы ў глыбінях зямлі.
 

Мой (вельмі далёкі) зародак бачылі Вочы Твае; і ў Тваёй кнізе былі запісаны ўсе дні, якія мусяць быць створанымі, калі ніводнага зь іх яшчэ ня было.
 

Якія дарагія для мяне думкі Твае, о Божа, і як многа іх лíкам.
 

Калі б захацеў я іх палічыць, іх было б больш, чым пяску. Калі я прачынаюся, я ўсё яшчэ з Табой.
 

О, каб Ты, Божа, забіў бязбожніка! І вы, крывапіўцы, адыдзеце ад мяне!
 

Яны гавораць пра Цябе ліха, (якія як) ворагі Твае ўзьнімаюць (руку сваю) да ілжы.
 

Хíба я ня маю іх нянавідзіць, якія Цябе, Ягова, нянавідзяць? Хíба я ня павінен мець агіды супраць тых, якія паўстаюць супраць Цябе?
 

Я нянавіджу іх поўнай нянавісьцю. Яны сталі для мяне ворагамі.
 

Выпрабуй мяне, о Божа, і ўведай сэрца маё. Выпрабуй мяне і ўведай думкі мае.
 

І ўгледзь Ты, ці ня на дарозе ліха я, і накіруй мяне на дарогу вечную.