1 да Цімафея 6 разьдзел
Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 1999
Рабы, якія пад ярмом жывуць, павінны ганараваць гаспадароў сваіх як годных усялякае пашаны, каб ня было наганы імю Божаму і вучэньню.
Нявольнікі, якія пад ярмом, няхай лічаць сваіх паноў дастойнымі ўсякай павагі, каб імя Божае і навука не зьневажаліся.
Тыя, якія маюць гаспадарамі веруючых, не павінны абыходзіцца зь імі нядбайна, бо яны браты; але тым болей павінны служыць ім, бо яны веруючыя і любасныя і дабрачыняць ім. Вучы гэтаму і ўмаўляй.
Якія маюць паноў веручых, няхай імі не пагарджаюць, хоць яны і браты, але няхай больш служаць ім, бо яны веручыя і ўмілаваныя, і спрыяюць ім. Вучы гэтаму і заклікай.
Хто навучае інакш і ня сьледуе здаровым словам Госпада нашага Ісуса Хрыста і вучэньню пра пабожнасьць,
Калі хто вучыць інакш і не прытрымліваецца здаровых словаў Госпада нашага Езуса Хрыста і навукі, згоднай з пабожнасьцю,
той — гардзей і няўмека, захапіўся выпярэдніцтвам і словаблудзьдзем, ад чаго паходзяць зайздрасьць, разлад, намовы, хітрае недавярства,
той ганарлівец, які нічога не разумее, але мае схільнасьць спрачацца ў справах і кідаць словамі, з якіх паўстаюць нянавісьць, звадкі, блюзьнерствы, ліхія падазрэньні,
пустыя спрэчкі паміж людзьмі папсаванага розуму, што занядбалі ісьціну, якія думаюць, быццам пабожнасьць служыць прыбытку. Трымайся далей ад такіх.
пустыя спрэчкі між людзьмі папсаванага розуму, пазбаўленых праўды і думаючых, што пабожнасьць служыць для ўзбагачэньня.
Вялікі набытак — быць пабожным і задаволеным.
Але вялікім набыткам ёсьць пабожнасьць і заспакаеньнем немалым.
Бо мы нічога ня прынесьлі ў сьвет; ясна, што нічога ня можам і вынесьці зь яго.
Нічога бо мы не прынесьлі на гэты сьвет, і нічога, як вядома, ня вынесем.
Маючы наедак і вопратку, будзем задаволеныя гэтым.
Маючы ж ежу і ў-ва што апрануцца, будзьма гэтым задаволены.
А ахвотнікі ўзбагачацца ўпадаюць у спакусу і ў нерат і ў многія безразважныя і шкодныя пажадлівасьці, якія ўкідаюць чалавека ў паглум і пагібель;
А вось тыя, што хочуць стаць багатымі, трапляюць у спакусу і ў (д'ябальскую) пятлю ды ў многія некарысныя, а то і шкодныя пажаданьні, якія топяць людзей у бездані загубы.
бо корань усякага ліха ёсьць срэбралюбства, аддаўшыся якому, некаторыя ўхіліліся ад веры і самі на сябе наклікалі многія смуткі.
Корань бо ўсякіх няшчасьцяў ёсьць сквапнасьць, за якой гонячыся, некаторыя адпалі ад веры і мучацца вялікімі пакутамі.
А ты, чалавеча Божы, пазьбягай гэтага, і шчасьліўся ў праўдзе, пабожнасьці, веры, любові, цярплівасьці, слухмянасьці;
А ты, чалавек Божы, высьцерагайся гэтага. Шукай справядлівасьці, пабожнасьці, веры, любові, цярплівасьці, лагоднасьці.
пасабляй добрым подзьвігам веры, трымайся вечнага жыцьця, да якога ты і пакліканы і вызнаў добрую споведзь перад многімі сьведкамі.
Змагайся добрым змаганьнем веры, здабудзь жыцьцё вечнае, да якога ты пакліканы і дзеля якога ты вызнаў добрае сьведчаньне перад шматлікімі сьведкамі.
Перад Богам жыцьцядайным і перад Хрыстом Ісусам, Які засьведчыў перад Понціем Пілатам добрае вызнаньне, наказваю табе
Загадваю табе перад Богам, які ажыўляе ўсё, і Езусам Хрыстом, які даў добрае сьведчаньне і вызнаньне перад Понціем Пілатам,
захаваць запаведзь чыста і бездакорна аж да прышэсьця Госпада нашага Ісуса Хрыста,
каб ты спаўняў прыказаньне беззаганна і няўхільна аж да прыходу Госпада нашага Езуса Хрыста,
якое ў свой час адчыніць дабрашчасны і адзіны моцны Цар над царамі і Гасподзь над гаспадарамі,
якое выявіць у свой час багаслаўлены і адзіна магутны Валадар валадароў і Госпад валодаючых,
адзіны несьмяротны, Які жыве ў недаступным сьвятле, Якога ніхто зь людзей ня бачыў і бачыць ня можа. Яму гонар і ўлада вечная! Амін.
які сам адзін мае несьмяротнасьць і жыве ў сьветласьці недаступнай, якога ніхто з людзей ня бачыў і бачыць ня можа; Яму чэсьць і панаваньне вечнае. Амэн.
Багатых у сёньняшнім веку ўмаўляй, каб яны высока не заносіліся і спадзяваліся не на багацьце няправеднае, а на Бога жывога, Які дае нам усё шчодра на асалоды;
Багатым гэтага веку загадвай, каб лішне высока пра сябе ня думалі і не пакладалі надзеі ў няпэўным багацьці, але спадзяваліся на Бога, які шчодра дае нам усё патрэбнае для жыцьця,
каб яны дабрачынілі, заможнелі добрымі дзеямі, былі шчодрыя і дзяліліся,
каб як найбольш рабілі дабра, багацелі добрымі ўчынкамі, былі шчодрымі, дзяліліся з іншымі,
зьбіраючы сабе скарб, добрую аснову на час наступны, каб дасягнуць вечнага жыцьця.
зьбіралі сабе добры грунт на будучае, каб атрымаць жыцьцё вечнае.
О Цімафею! захавай даверанае табе, цураючыся марнага пустаслоўя і супярэчак, што фальшыва названы ведамі,
О, Цімафею, беражы перададзенае табе, абмінай навінкі пустаслоўя і супярэчлівых цьверджаньняў фальшывай навукі,
аддаўшыся якім, некаторыя ўхіліліся ад веры. Мілата з табою. Амін.
прыхільнікі якой страцілі веру. Ласка з вамі.