Ёва 37 разьдзел
Кніга Ёва
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
І ад гэтага дрыжыць сэрца маё і зрушылася зь месца свайго.
Гэтага спалохалася маё сэрца, і зрушылася яно са свайго месца.
Слухайце, слухайце голас Яго і гром з вуснаў Ягоных.
Слухайце гук голасу Яго і грымоты, якія выходзяць з Яго вуснаў.
Пад усім небам раскаты Ягоныя, і бляск Ягоны — да краёў.
Праз усе нябёсы Ён коціць яго, і бляск яго аж да краю зямлі.
За ім грыміць голас; грыміць Ён голасам велічы Сваёй і ня спыняе яго, калі голас Ягоны пачуты.
За ім прагрыміць гром, загучыць голасам велічы сваёй; і не затрымае яго, пакуль не будзе пачуты голас Яго.
Даўно грыміць Бог голасам Сваім, чыніць дзеі вялікія, нам не спасьцігальныя.
Будзе грымець дзівосна голасам Сваім Бог, Які чыніць вялікае і непазнавальнае.
Бо сьнегу Ён кажа: будзь на зямлі; гэтак сама дробны дождж і вялікі дождж у Ягонай уладзе.
Ён загадвае снегу, каб сышоў на зямлю, і дажджам зімовым, і ліўню, каб яны ўзмацняліся.
Ён кладзе пячатку на руку кожнаму чалавеку, каб усе людзі ведалі дзею Яго.
Ён кладзе пячатку на руку ўсіх людзей, каб кожны ведаў справы свае.
Тады зьвер сыходзіць у сховішча і застаецца ў сваіх логавах.
Увойдзе звер у логавішча і будзе жыць у пячоры сваёй.
З поўдня прыходзіць бура, а з поўначы — сьцюжа.
З поўдня прыйдзе навальніца, а з поўначы — холад.
Ад павеву Божага паходзіць лёд, і паверхня вады сьціскаецца.
З подыхам Божым з’яўляецца лёд, і паверхня вады [льдом] сціскаецца.
Гэтак сама вільгацьцю напаўняе Ён хмары, і воблакі сеюць сьвятло Ягонае,
Маланка вылятае з хмары, і хмары распускаюць святло сваё;
і яны кіруюцца паводле намераў Ягоных, каб выканаць тое, што Ён загадае ім на ўлоньні населенай зямлі.
яны асвятляюць усё наўкола, куды б ні накіравала іх воля Стырнавога, да ўсяго, пра што б ні загадваў Ён ім на абліччы зямнога свету,
Ён загадвае ім ісьці альбо дзеля пакараньня, альбо ў дабраволеньне, альбо дзеля памілаваньня.
ці то на пакаранне зямлі сваёй, ці то з міласэрнасці Ён загадвае, каб яны з’явіліся.
Слухай гэтага, Ёў; стой і разумей дзівосныя дзеі Божыя.
Выслухай гэта, Ёве, і ўстань і паразважай пра Божыя цуды.
Ці ведаеш, як Бог кіруе імі і загадвае сьвятлу зьзяць з воблака Свайго?
Ці ты ведаеш, калі загадаў Бог, каб хмары Яго заяснелі святлом?
Ці разумееш раўнавагу воблакаў, дзівосную дзею Найдасканалейшага ў веданьні?
Ці зведаў ты вялікія шляхі хмар і пра цуды Таго, Хто ў мудрасці дасканалы?
Як награваецца твая вопратка, калі Ён супакойвае зямлю з поўдня?
Ці не цёплае тваё адзенне, калі зямля супачыла ад паўднёвага ветру?
Ці ж ты зь Ім распасьцёр нябёсы, цьвёрдыя, як літае люстра?
Ты, можа, з Ім расцягнуў нябёсы, надзвычай цвёрдыя, быццам вылітыя з медзі?
Навучы нас, што сказаць Яму? Мы ў гэтай цемры нічога ня можам ведаць.
Навучы нас, што маем сказаць Яму? Мы ў гэтай цемры не можам выбраць слоў.
Ці будзе абвешчана Яму, што я кажу? Ці сказаў хто, што сказанае даносіцца Яму?
Хто раскажа Яму, што я гавару? А калі б і сказаў, чалавек будзе паглынуты.
Цяпер ня бачна яркага сьвятла ў воблаках, але праляціць вецер і расчысьціць іх.
А цяпер яны не бачаць святла: паветра закрыта хмарамі, але пройдзе вецер і разгоніць іх.
Сьветлае надвор’е прыходзіць з поўначы, і вакол Бога страшэнная прыгажосьць.
З поўначы прыходзіць залатое надвор’е, а вакол Бога — велічнасць страшлівая.
Усеўладца! мы не дасягаем Яго. Ён вялікі сілаю і поўніцаю правасудзьдзя. Ён ні на кога не гняце.
Спасцігнуць Усемагутнага мы не можам: Ён магутны ў сіле; і ўсё ж такі і суд, і вялікую справядлівасць не прыціскае.
Таму хай багавеюць прад Ім людзі, і хай дрыжаць прад Ім усе мудрыя сэрцам!
Дзеля таго хай шануюць Яго людзі, бо не паглядзіць Ён на ўсіх тых, што здаюцца сабе мудрымі сэрцам».