1 Пятра 4 разьдзел

Першае пасланьне Пятра
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Дык вось, як Хрыстос пацярпеў за нас целам, дык і вы ўзбройцеся тою самаю думкаю; бо хто пакутуе целам, той перастае грашыць,
 
Калі ж Хрыстос цярпеў целам [за нас], дык і вы ўзбройцеся тою самаю думкаю, што той, хто церпіць целам, адыходзіць ад граху,

каб рэшту часу ў целе ўжо жыць не паводле людзкіх пахацінстваў, а паводле волі Божай.
 
каб той час, што застаўся для жыцця ў целе, пражыць не для пажаданняў чалавечых, але для волі Божай.

Бо досыць, што вы ў мінулым часе жыцьця чынілі волю язычніцкую, аддаючыся нечысьці, пажадзе (мужаложству, скаталожству, непатрэбным помыслам), п’янству, лішніцы ў ежы і пітве і недарэчнаму ідаласлужэньню;
 
Бо даволі, што ўжо ў мінулыя часы вы, дзеля выканання волі паганаў, жылі ў раскошы, пажадлівасцях, у злоўжыванні віном, абжорстве, п’янстве і ў агідным балванахвальстве.

таму яны і зьдзіўляюцца, што вы ня маеце ўдзелу зь імі ў той самай распусьце, і бэсьцяць вас;
 
Дзеля таго яны дзівяцца, што вы не топіцеся разам з імі ў тым самым віры распусты, ды таму блага аб вас гавораць.

яны дадуць адказ Таму, Хто неўзабаве мае судзіць жывых і мёртвых.
 
Яны здадуць справаздачу Таму, Хто прыгатаваны судзіць жывых і мёртвых.

Бо на тое і мёртвым было зьвеставана, каб яны па-людзку целам суд прыняўшы, жылі пабожна духам.
 
Таму была абвешчана добрая вестка нават мёртвым, каб яны, хоць суджаныя целам па-чалавечы, жылі духам па Божым.

Зрэшты, блізкі ўсяму канец. Дык вось будзьце ў добрым розуме і чувайце ў малітвах.
 
Канец усяго ўжо наблізіўся. Дык будзьце цвярозага мыслення і чувайце ў малітвах.

А найболей за ўсё майце шчырую любоў адно да аднаго, бо любоў пакрывае мноства грахоў;
 
Перад усім майце заўсёды нязменную любоў між сабою, бо любоў закрывае многа грахоў.

будзьце гасьцінныя адно да аднаго без нарокаў;
 
Будзьце адны да адных без наракання гасціннымі.

служэце адно аднаму, кожны тым дарам, які атрымаў, як добрыя дойліды разнастайнай мілаты Божай.
 
Служыце адны адным тым дарам, які хто атрымаў, як добрыя раздаўцы разнастайнай ласкі Божай.

Калі гаворыць хто, гавары як словы Божыя; ці калі служыць хто, служы сілаю, якую дае Бог, каб ва ўсім ўслаўляўся Бог празь Ісуса Хрыста, Якому слава і ўлада навекі вечныя. Амін.
 
Калі хто прамаўляе, хай гаворыць як словы Божыя; калі хто паслугуе, хай паслугуе сілай, дадзенай яму Богам, каб ва ўсім быў праслаўлены Бог праз Ісуса Хрыста: Яму слава і валадаранне ў векі вечныя. Амін.

Любасныя! вогненнай спакусы, што пасылаецца на выпрабаваньне вам, ня цурайцеся, быццам прыгоды вам чужой,
 
Дарагія! Не дзівіцеся агню, які дзеля выпрабавання вам з’явіўся, як бы што нечаканае вас напаткала,

але як што вы маеце долю ў Хрыстовых цярпеньнях, радуйцеся, ды і ў зьяўленьні славы Ягонай узрадуецеся і ўзьвесялецеся.
 
але, калі вы ўдзельнічаеце ў цярпеннях Хрыстовых, радуйцеся, каб і ў аб’яўленні славы Яго цешыліся вы з весялосцю.

Калі клянуць вас за імя Хрыстовае, дык вы дабрашчасныя, бо Дух славы, Дух Божы спачывае на вас: тыя ганяць Яго, а вы ўслаўляйце.
 
Калі зневажаюць вас за імя Хрыста, вы шчасныя, бо славы і Бога Дух на вас супачывае. [Імі Ён зневажаецца, а вамі праслаўляецца.]

Толькі б не пацярпеў хто з вас як забойца, альбо злодзей, альбо як ліхадзей, альбо як захопнік чужога;
 
Хай толькі ніхто з вас не церпіць як забойца, або злодзей, або ліхадзей, або зайздроснік чужому.

а калі як Хрысьціянін, дык не саромейся, а ўслаўляй Бога за такую долю.
 
Калі ж церпіць як хрысціянін, хай не саромеецца, але хай услаўляе Бога за гэтае імя.

Бо пара пачынацца суду з дома Божага; а калі найперш з нас пачнецца, дык які канец тым, хто не скараецца Дабравесьцю Божаму?
 
Бо час, каб суд распачаўся ад дома Божага. Калі перш ад нас, дык які канец будзе тых, што не слухаюць Божага Евангелля?

І калі праведнік ледзьве ратуецца, дык бязбожнік і грэшны дзе апынецца?
 
І калі справядлівы ледзь будзе збаўлены, дык бязбожнік і грэшнік дзе апынецца?

Дык вось, пакутнікі па волі Божай няхай аддадуць Яму, як праўдзіваму Садзецелю, душы свае, робячы дабро.
 
Дык тыя, што церпяць згодна з воляй Божай, хай аддаюць свае душы вернаму Творцы, робячы дабро.