Да Эфэсянаў 2 разьдзел

Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І вас, мёртвых за злачынствы і грахі вашыя,
 
І вы былі памерлымі праз правіны і грахі вашы,

у якіх вы калісьці жылі, згодна са звычаямі сьвету гэтага, па волі князя, які ўладарыць у паветры, духа, які дзее цяпер у сынах супраціву,
 
у якіх калісьці хадзілі паводле гэтага веку, па волі князя ўлады паветранай, духа, які дзейнічае цяпер у сынах бунту.

сярод якіх і мы калісьці жылі ў нашых плоцкіх жадобах, выконваючы пахаценьне плоці і помыслаў, і былі па прыродзе дзецьмі гневу, як і астатнія,
 
Між імі і мы калісьці жылі ўсе ў пажадлівасцях цела нашага, выконваючы волю цела і думак, і былі мы па прыродзе дзецьмі гневу, як і іншыя.

Бог, багаты міласэрнасьцю, зь вялікай сваёй любові, якою палюбіў вас,
 
Але Бог, багаты міласэрнасцю, праз бязмежную любоў Сваю, якою ўзлюбіў нас

і нас, мёртвых за злачынствы, ажыватварыў з Хрыстом, — мілатою вы ўратаваныя,
 
і, хоць былі мы мёртвымі праз грахі, ажывіў нас з Хрыстом, — ласкаю вы збаўлены, —

і ўваскрэсіў зь Ім і пасадзіў на нябёсах у Хрысьце Ісусе,
 
і ўваскрасіў, і пасадзіў у нябёсах у Хрысце Ісусе,

каб зьявіць у наступных вяках найшчадрэйшае багацьце мілаты Сваёй у даброці да нас у Хрысьце Ісусе.
 
каб у наступных вяках выявіць нам незвычайныя багацці ласкі Сваёй у ласкавасці да нас у Хрысце Ісусе.

Бо мілатою вы ўратаваныя празь веру, і гэта не ад вас, — Божы дар:
 
Бо ласкаю вы збаўлены праз веру, і гэта не ад вас, але Божы дар;

не ад дзеяў, каб ніхто не хваліўся.
 
не праз учынкі, каб ніхто не хваліўся.

Бо мы — Ягоныя стварэньні, створаныя ў Хрысьце Ісусе на добрыя дзеі, якія Бог быў назначыў нам выконваць.
 
Бо мы — Яго стварэнне, створаныя ў Хрысце Ісусе для добрых спраў, якія Бог загадзя прыгатаваў, каб мы ў іх жылі.

Дык вось памятайце, што вы, колісь язычнікі па плоці, якіх называлі «неабрэзанымі», так званыя «рукатворна абрэзаныя на плоці»,
 
Дзеля таго памятайце, што вы, калісьці пагане целам, якіх завуць неабрэзанымі тыя, што называюцца абрэзанымі [абразаннем] на целе рукатворным,

што вы былі ў той час бяз Хрыста, адсечаныя ад грамадзтва Ізраільскага, чужыя запаветам абяцаньня, ня мелі надзеі і былі бязбожнікі ў сьвеце;
 
у той час былі без Хрыста, адчужаныя ад супольнасці з Ізраэлем і аддаленыя ад абяцанняў запаветаў, не маючы надзеі і без Бога ў свеце.

а цяпер у Хрысьце Ісусе вы, што былі колісь далёка, сталіся блізкімі Крывёю Хрыстоваю:
 
Цяпер жа ў Хрысце Ісусе вы, што калісьці былі далёка, сталіся блізкімі праз Кроў Хрыстову.

бо Ён ёсьць мір наш, Які зрабіў з двух адно і зруйнаваў перашкоду пасярэдзіне —
 
Бо Ён — супакой наш, Які злучыў абодвух у адно і зруйнаваў сцяну між імі і варожасць — целам Сваім,

скасаваўшы варожасьць Плоцьцю Сваёю, — а закон запаведзяў — вучэньнем, каб з двух стварыць у Сабе Самім аднаго новага чалавека, сталюючы мір,
 
скасаваў закон прыказанняў вучэннем, каб стварыць у Сабе з двух аднаго новага чалавека, творачы супакой,

і ў адным целе прымірыць абодвух з Богам крыжам, забіўшы на гэтым варожасьць;
 
і прымірыць з Богам абодвух у адным целе праз крыж, Самім Сабою знішчаючы варожасць.

і, прыйшоўшы, «абвяшчаў мір вам, далёкім, і блізкім»,
 
І, прыйшоўшы, Ён абвясціў супакой вам, якія былі далёка, ды супакой тым, што былі блізка.

бо празь Яго і тыя і другія маем доступ да Айца, у адным Духу.
 
Бо праз Яго адны і другія маем доступ да Айца ў адным Духу.

Дык вось, вы ўжо ня чужынцы і ня прыхадні, а суграмадзяне сьвятым і свае Богу,
 
Дык таму вы ўжо не чужынцы і прыхадні, але суграмадзяне святых і члены сям’і Божай,

уцьверджаныя на аснове апосталаў і прарокаў, маючы Самога Ісуса Хрыста каменем вугла,
 
угрунтаваныя на падмурку апосталаў і прарокаў, дзе вуглавым каменем ёсць Сам Хрыстос Ісус,

на якім увесь будынак, моцна складаны, вырастае ў сьвяты храм у Госпадзе,
 
на Якім уся пабудова зладжана расце ў святую святыню ў Госпадзе,

на якім і вы будуецеся ў селішча Божае Духам.
 
на Якім і вы разам будуецеся на жытло Божае ў Духу.