2 царстваў 22 разьдзел

Другая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Л. Гарошка

 
 

І засьпяваў Давід песьню Госпаду ў дзень, калі Гасподзь выбавіў яго ад рукі ўсіх ворагаў і ад рукі Саўла, і сказаў:
 

Гасподзь — цьвярдыня мая і моц мая і збаўца мой.
 

Бог мой — скала мая; на Яго я спадзяюся; шчыт мой, рог выратаваньня майго, агароджа мая і прытулак мой; Ратаўнік мой, ад бедаў Ты выбавіў мяне!
 

Паклічу Госпада, Якому шчыра пакланяюся, і ад ворагаў маіх выратуюся.
 

Агарнулі мяне хвалі сьмерці, і патокі беззаконьня напалохалі мяне;
 

ланцугі пекла аблеглі мяне, і сеткі сьмерці аблыталі мяне.
 

Але вось у цеснаце маёй я паклікаў Госпада і Бога майго і заклікаў, і Ён пачуў з харомаў Сваіх голас мой, і енк мой дайшоў да слыху Яго.
 

Затрэслася, закалыхалася зямля, задрыжалі і парушыліся асновы нябёсаў, бо разгневаўся на іх Гасподзь.
 

Падняўся дым ад гневу Яго і з вуснаў Яго агонь пажыральны; жарнае вугольле сыпалася ад Яго.
 

Нахіліў Ён нябёсы і сышоў; і морак пад нагамі ў Яго;
 

і сеў на херувімаў, і паляцеў, і панёсься на крылах ветру;
 

і моракам пакрыў Сябе, як ценем, згусьціўшы воды хмар нябесных;
 

ад бляску прад Ім разгаралася вугольле вогненнае.
 

Загрымеў зь нябёсаў Гасподзь, і Ўсявышні даў голас Свой;
 

пусьціў стрэлы і расьсеяў іх; бліснуў маланкаю і зьнішчыў іх.
 

І адчыніліся крыніцы мора, агаліліся асновы сусьветныя ад грознага голасу Госпада, ад подыху духу гневу Яго.
 

Працягнуў Ён руку з вышыні і ўзяў мяне, і дастаў мяне з водаў многіх;
 

выбавіў мяне ад ворага майго моцнага, ад ненавісьнікаў маіх, якія былі мацнейшыя за мяне.
 

Яны паўсталі на мяне ў дзень бедства майго; але Гасподзь быў апораю мне
 

і вывеў мяне на прасторнае месца, выбавіў мяне, бо Ён дабраволіць мне.
 

Даў мне Гасподзь па праўдзе маёй, па чысьціні рук маіх узнагародзіў мяне.
 

Бо я захоўваў шляхі Госпада і ня быў грэшны прад Богам маім,
 

бо ўсе запаведзі Яго перад мною, і ад пастановаў Яго я не адступаў,
 

і быў беззаганны прад Ім, і пільнаваўся, каб не зграшыць мне.
 

І даў мне Гасподзь па праўдзе маёй, па чысьціні маёй прад вачыма Яго.
 

З мілажальным Ты — мілажальны, з чалавекам шчырым — шчыры,
 

з чыстым — чысты, а з хітрым — па хітрасьці ягонай.
 

Людзей прыгнечаных Ты ратуеш і позіркам Сваім прыніжаеш пыхлівых.
 

Ты, Госпадзе, сьвяцільня мая; Гасподзь прасьвятляе цемру маю.
 

З Табою я разьбіваю войска; з Богам маім падымаюся на сьцяну.
 

Бог! — беззаганны шлях Ягоны, чыстае слова Госпада, шчыт Ён усім, хто спадзяецца на Яго.
 

Бо хто Бог, акрамя Госпада, і хто абарона, акрамя Бога нашага?
 

Бог апаясвае мяне сілаю, пракладвае мне правільны шлях;
 

робіць ногі мае, як у аленя, і на вышынях ставіць мяне;
 

вучыць рукі мае бітве і цягліцы мае напінае, як медны лук.
 

Ты даеш мне шчыт выратаваньня Твайго, і міласьць Твая ўзьвялічвае мяне.
 

Ты пашыраеш крок мой пад мною, і ня хістаюцца ногі мае.
 

Я ганяюся за ворагамі маімі і зьнішчаю іх, і не вяртаюся, пакуль ня зьнішчу іх;
 

і зьнішчаю іх і б’ю іх, і не ўстаюць і падаюць пад ногі мае.
 

Ты апярэзваеш мяне сілаю для вайны і кладзеш перад мною тых, што паўстаюць на мяне;
 

Ты абяртаеш да мяне тыл ворагаў маіх, і я зьнішчаю ненавісьнікаў маіх.
 

Яны клічуць, але няма выратавальніка, — да Госпада, але Ён ня слухае іх.
 

Я расьсейваю іх, як пыл зямны, у гразь вулічную мну іх і тапчу іх.
 

Ты ўратаваў мяне ад мяцяжу народу майго; Ты захаваў мяне, каб быць мне галавою над іншапляменцамі; народ, якога я ня ведаў, служыць мне.
 

Іншапляменцы лісьлівяць перад мною; па чутках пра мяне падпарадкуюцца мне.
 

Іншапляменцы бляднеюць і дрыжаць ва ўмацаваньнях сваіх.
 

Жывы Гасподзь і дабраславёны абаронца мой! Хай будзе праслаўлены Бог, прытулак выратаваньня майго,
 

Бог, Які помсьціць за мяне і ўпакорвае мне народы
 

і выбаўляе мяне ад ворагаў маіх! Над паўсталымі супроць мяне Ты ўзвысіў мяне; ад чалавека жорсткага Ты выбавіў мяне.
 

За тое я буду славіць Цябе, Госпадзе, сярод іншапляменцаў і буду сьпяваць імю Твайму,
 

велікадушна ратуючы цара Свайго і творачы міласьць памазанцу Свайму Давіду і нашчадкам ягоным вечна!