Якава 1 разьдзел

Пасланьне Якава
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Ягора Прыстаўкі

 
 

Якаў, раб Бога і Госпада Ісуса Хрыста, дванаццаці родам, якія ў расьсеяньні, — радавацца!
 
Якуб, раб Бога і Госпада Ісуса Хрыста, вітае дванаццаць плямёнаў, якія знаходзяцца на чужыне!

Зь вялікай радасьцю прымайце, браты мае, калі ўпадаеце ў розныя выпрабаваньні,
 
Лічыце за вялікую радасць, браты мае, калі прыходзяць разнастайныя выпрабаванні;

ведаючы, што выпрабаваньне вашай веры робіцца цярплівасьцю,
 
ведайце, што праверка вашай веры выпрацоўвае трываласць.

а цярплівасьць павінна мець дасканалае дзеяньне, каб вы былі дасканалыя ва ўсёй паўнаце, бязь ніякай пахібы.
 
А трываласць няхай мае {такі} канчатковы вынік, каб вы былі дасканалыя, беззаганныя і ні ў чым не мелі недахопу.

Калі ж каму-небудзь з вас не хапае мудрасьці, хай просіць у Бога, Які дае ўсім проста і без дакораў, — і дасца яму.
 
Калі ж камусьці з вас не хапае мудрасці, няхай просіць у Бога (які ўсім дае проста і не папракае) — і яна будзе дадзена яму.

Але няхай просіць зь вераю, і зусім не сумняваецца, бо хто сумняваецца, падобны да марское хвалі, якую гоніць і распырсквае вецер;
 
Толькі няхай просіць з верай, без усялякіх ваганняў. Бо той, хто вагаецца, падобны да марской хвалі, якая ўздымаецца і гайдаецца ветрам.

Хай не спадзяецца такі чалавек атрымаць што-небудзь ад Госпада.
 
Таму такі чалавек,

Чалавек двудушны — ня цьвёрды на ўсіх шляхах сваіх.
 
дваісты і зменлівы на ўсіх сваіх шляхах, няхай не разлічвае атрымаць нешта ад Госпада.

Хай славіцца пакорлівы брат у высокасьці сваёй,
 
Беднаму брату варта хваліцца сваім узвышэннем,

а багаты ў пакоры сваёй, бо ён мінецца, бы краска ў траве:
 
а багатаму — сваім прыніжэннем, таму што {яго багацце} знікне як лугавая кветка.

узыходзіць сонца, настае сьпёка, і высушвае траву, краска яе ападае, прападае хараство яе; так вяне і багаты ў шляхах сваіх.
 
Узышло сонца, спёка высушыла луг, і кветка на ім звяла, а вонкавая прыгажосць згасла. Так і багаты знікне на шляхах сваіх.

Дабрашчасны чалавек, які вытрывае выпрабаваньне, бо пасьля выпрабаваньня ён атрымае вянок жыцьця, які паабяцаў Гасподзь тым, хто любіць Яго.
 
Блаславёны чалавек, які вытрымае выпрабаванне! Пасля праверкі ён атрымае вянок жыцця, які {Бог} абяцаў тым, хто Яго любіць.

У выпрабаваньні ніхто хай ня кажа: «Бог мяне спакушае»; Бог бо не спакушаецца злом і сам не спакушае нікога,
 
Няхай ніхто не кажа ў выпрабаваннях: “Бог мяне выпрабоўвае”. Бога нельга выпрабаваць злом, і сам Ëн не выпрабоўвае нікога.

а кожны спакушаецца, калі ваблены і наджаны сваім пажаданьнем;
 
Кожны ж выпрабоўваецца, панаджаны і паваблены сваёй пажадлівасцю.

а пажаданьне, зачаўшы, родзіць грэх, а ўчынены грэх родзіць сьмерць.
 
Пасля гэтага пажадлівасць зацяжарвае і нараджае грэх, а грэх, узнікнуўшы, спараджае смерць.

Не ашуквайце сябе, браты мае любасныя:
 
Браты мае ўлюбёныя, не ўводзьце сябе ў зман!

Усякае даньне добрае і ўсякі дар дасканалы зыходзіць згары, ад Айца сьвятла, у Якога няма перамены, ані ценю пераменнасьці.
 
Усякі добры гасцінец і ўсякі дасканалы дарунак паходзяць зверху, ад Бацькі святла, якому не ўласцівыя змены або {нават} намёк на пераменліваць.

Захацеўшы, спарадзіў Ён нас словам ісьціны, каб сталіся мы нейкім пачаткам Ягоных твораў.
 
Захацеўшы, Ён нарадзіў нас словам ісціны, каб мы былі пачаткам Яго стварэнняў.

Дык вось, браты мае любасныя, кожны чалавек няхай будзе борзды ў слуханьні, марудлівы ў словах, марудлівы ў гневе;
 
Ведайце, браты мае ўлюбёныя: няхай кожны чалавек будзе паспешлівы, каб слухаць, але павольны на адказ і на гнеў.

бо гнеў чалавечы ня творыць праўды Божай.
 
Бо чалавечы гнеў перашкаджае праведнасці Божай.

Таму, адклаўшы ўсялякую нячыстасьць і лішнюю злосьць, у пакоры прымеце пасеянае ў вас слова, якое можа ўратаваць вашы душы.
 
Таму адкіньце ўсякі бруд і рэшткі заганаў і рахмана прыміце пасеянае слова, здольнае выратаваць вашыя душы.

Будзьце ж выканаўцы слова, а не слухачы толькі, што ашукваюць самі сябе.
 
Будзьце ж выканаўцамі слова, а не слухачамі толькі, якія падманваюць саміх сябе.

Бо хто слухае слова і ня выконвае, той падобны да чалавека, які разглядвае прыродныя рысы аблічча свайго ў люстры:
 
Таму што той, хто толькі слухае слова і не выконвае яго, падобны да чалавека, які разглядае сваё аблічча ў люстэрку.

ён паглядзеў на сябе, адышоўся — і адразу забыўся, які ён ёсьць.
 
Убачыў ён сябе, адышоў і адразу забыў, які ён.

А хто пранікне ў закон дасканалы, закон свабоды, і застанецца ў ім, той, ня будучы слухачом забыўлівым, а выканаўцам дзеі, дабрашчасны будзе ў сваім дзеяньні.
 
А той, хто пільна ўгледзіцца ў дасканалы закон свабоды і стане не забыўлівым слухачом, а чалавекам справы — той будзе блаславёны ў сваіх дзеяннях.

Калі ж хто з вас думае, што ён пабожны, і не таймуе свайго языка, а ашуквае сваё сэрца, у таго пустая пабожнасьць.
 
Калі хто-небудзь думае, што ён пабожны, і пры гэтым не трымае ў цуглях свой язык, — ён падманвае сам сябе і яго пабожнасць не мае сэнсу.

Чыстая і беспахібная пабожнасьць перад Богам і Айцом ёсьць тое, каб дагледзець сірот і ўдоваў у іхніх скрухах і захоўваць сябе неапаганенага сьветам.
 
Чыстая і не сапсаваная пабожнасць у вачах Бога і Айца — звяртаць увагу на клопаты сірот і ўдоў, захоўваць сябе ад бруду {гэтага} свету.