Адкрыцьцё 16 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Васіля Сёмухі → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

І пачуў я з храма гучны голас, які казаў сямі анёлам: ідзеце і выліце сем чараў гневу Божага на зямлю.
 

Пайшоў першы анёл і выліў чару на зямлю: і зрабіліся шкодныя і агідныя раны на людзях, якія мелі кляймо зьвера і пакланяліся вобразу ягонаму.
 

Другі анёл выліў чару сваю ў мора: і зрабілася кроў, быццам зь мерцьвяка, і ўсё жывое сканала ў моры.
 

Трэйці анёл выліў чару сваю ў рэкі і крыніцы водаў: і зрабілася кроў.
 

І пачуў я анёла водаў, які казаў: праведны Ты, Госпадзе, Які ёсьць і быў, і сьвяты, бо гэтак судзіў;
 

за тое, што яны пралілі кроў сьвятых і прарокаў, Ты даў ім піць кроў: яны вартыя таго.
 

І пачуў я другога ад ахвярніка, які казаў: так, Госпадзе Божа Ўсеўладны, праўдзівыя і справядлівыя суды Твае.
 

Чацьвёрты анёл выліў чару сваю на сонца: і дадзена яму было паліць людзей вагнём.
 

І паліла людзей моцная сьпёка; і яны клялі імя Бога, які мае ўладу над гэтымі пошасьцямі, і не дадумаліся, каб узьнесьці Яму славу.
 

Пяты анёл выліў чару сваю на трон зьвера: і зрабілася царства ягонае змрочнае, і яны кусалі языкі свае ад пакуты,
 

і клялі Бога Нябеснага ад цярпеньняў сваіх і пошасьцяў сваіх.
 

Шосты анёл выліў чару сваю ў вялікую раку Эўфрат: і высахла ў ёй вада, каб гатовы быў шлях царам з усходу сонечнага.
 

І бачыў я, як выходзілі з вуснаў цмока і з вуснаў зьвера і з вуснаў ілжэпрарока тры духі нячыстыя, падобныя на жабаў:
 

гэта дэманскія духі, што твораць азнакі; яны выходзяць да цароў зямлі ўсяго сьвету, каб сабраць іх на бітву ў той вялікі дзень Бога Ўсеўладнага.
 

Вось, іду як злодзей: дабрашчасьнік — хто чувае і захоўвае адзеньне сваё, каб не хадзіць яму голым і каб ня ўбачылі сараматы ягонай.
 

І ён сабраў іх на месца, якое называецца па-Габрэйску Армагедон.
 

Сёмы анёл выліў чару сваю на паветра: і з храма нябеснага з трона пачуўся голас, які сказаў: збылося!
 

І ўзьніклі маланкі, грымоты і галасы, і зрабілася вялікае трасеньне зямлі, якога ня бывала з таго часу, як людзі на зямлі. Такі землятрус! Такі вялікі!
 

І горад вялікі распаўся на тры часткі, і гарады язычніцкія зруйнаваліся, і Вавілон вялікі ўзгаданы перад Богам, каб даць яму чару віна лютага гневу Ягонага.
 

І счэзла кожная выспа, і гор ня стала;
 

і град, велічынёю з талант, упаў зь неба на людзей; і клялі людзі Бога за пошасьці ад граду, бо пошасьць ад яго была вельмі цяжкая.