Мацьвея 23 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Біблія Скарыны (Апосталъ)

 
 

Тады Ісус прамовіў да люду і вучняў Сваіх,
 

кажучы: на Майсеевым пасадзе селі кніжнікі і фарысэі;
 

дык вось, усё, што яны кажуць вам захоўваць, рабеце і захоўвайце; а паводле ўчынкаў іхніх не рабеце, бо яны гавораць, і ня робяць:
 

зьвязваюць цяжары важкія і непасільныя і ўскладаюць на плечы людзям, а самі ня хочуць і пальцам зрушыць іх;
 

а ўсе справы свае робяць дзеля таго, каб бачылі іх людзі; пашыраюць філактэрыі свае ды павялічваюць кутасы на адзеньні сваім;
 

а таксама любяць узьляжаць наперадзе на гасьцінах, і наперадзе сядзець у сынагогах,
 

і вітаньні на плошчах, і каб людзі клікалі іх: «Настаўнік! настаўнік!»
 

А вы не называйцеся настаўнікамі, бо адзін у вас Настаўнік — Хрыстос, а ўсе вы — браты;
 

і айцом сабе не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Айцец, Які на нябёсах;
 

і не называйцеся правадырамі, бо адзін у вас Правадыр — Хрыстос.
 

Большы з вас хай будзе вам слуга:
 

бо хто ўзвышае сябе, той паніжаны будзе; а хто паніжае сябе, той узвысіцца.
 

Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што зачыняеце Царства Нябеснае перад людзьмі; бо самі не ўваходзіце, і тых, што ўваходзяць, ня пускаеце ўвайсьці.
 

Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што паядаеце дамы ўдоваў і напаказ доўга моліцеся: за тое прымеце тым большую асуду.
 

Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што праходзіце мора і сушу, каб прыдбаць хоць аднаго нававерца; і калі гэта здараецца, робіце яго сынам геены, двойчы горшым за вас.
 

Гора вам, павадыры сьляпыя, што кажаце: «калі хто прысягне храмам, дык нічога; а калі прысягне золатам храма, дык вінаваты».
 

Неразумныя і сьляпыя! што большае: золата, ці храм, які асьвячае золата?
 

і: «калі хто прысягне ахвярнікам, дык нічога; а калі прысягне дарам, які на ім, дык вінаваты».
 

Неразумныя і сьляпыя! што большае: дар, ці ахвярнік, які асьвячае дар?
 

Дык вось, хто прысягне ахвярнікам, прысягае ім і ўсім, што на ім;
 

і той, што прысягае храмам, прысягае ім і Тым, Хто жыве ў ім;
 

і той, хто прысягае небам, прысягае тронам Божым і Тым, Хто сядзіць на ім.
 

Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што даяце дзесяціну зь мяты, анісу і кмену, і адкінулі важнейшае ў законе: суд, міласьць і веру; гэта трэба было рабіць, і таго не пакідаць.
 

Павадыры сьляпыя, што адцэджваеце камара, а вярблюда праглынаеце!
 

Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што ачышчаеце зьнешнасьць кубка і місы, а ўсярэдзіне яны поўныя пахапнасьці і няпраўды.
 

Фарысэй сьляпы! ачысьці сьпярша сярэдзіну кубка і місы, каб чыстая была і зьнешнасьць іхняя.
 

Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што прыпадабняецеся да павапленых магіл, якія звонку здаюцца прыгожымі, а ўсярэдзіне поўныя касьцей мёртвых і ўсякага бруду;
 

так і вы зьнешне здаяцеся людзям праведнымі, а ўсярэдзіне поўныя крывадушнасьці і беззаконьня.
 

Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што будуеце магільніцы прарокам і ўпрыгожваеце помнікі праведнікам.
 

і кажаце: «калі б мы былі ў дні бацькоў нашых, дык ня былі б саўдзельнікамі іхнімі ў праліваньні крыві прарокаў»;
 

тым самым вы самі сьведчыце супроць сябе, што вы сыны тых, якія забілі прарокаў;
 

дапаўняйце ж меру бацькоў вашых.
 

Зьмеі, выродзьдзе яхідніна! як унікнеце вы асуджэньня ў геену?
 

Таму, вось, Я пасылаю да вас прарокаў, і мудрых, і кніжнікаў; і некаторых зь іх вы заб’яце і ўкрыжуеце, а некаторых будзеце біць у сынагогах вашых і гнаць з горада ў горад;
 

каб апала на вас уся кроў праведная, пралітая на зямлі, ад крыві Авеля праведнага да крыві Захарыі, сына Варахіевага, якога вы забілі паміж храмам і ахвярнікам.
 

Праўду кажу вам: усё гэта ападзе на род гэты.
 

Ерусаліме, Ерусаліме, што забіваеш прарокаў і каменьнем пабіваеш пасланых да цябе! колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх, як птушка зьбірае птушанят сваіх пад крылы, і вы не схацелі!
 

Вось, застаецца вам дом ваш пусты.
 

Бо кажу вам: ня ўбачыце Мяне ад сёньня, пакуль ня ўсклікнеце: «дабраславёны Той, Хто ідзе ў імя Гасподняе!».