Ёны 2 разьдзел

Кніга прарока Ёны
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

І загадаў Гасподзь вялікаму кіту праглынуць Ёну; і быў Ёна ў чэраве гэтага кіта тры дні і тры ночы.
 
І загадаў Госпад рыбе вялікай праглынуць Ёну; і быў Ёна ў нутрох гэтай рыбы тры дні і тры ночы.

І памаліўся Ёна Госпаду Богу свайму з чэрава кіта
 
І маліўся Ёна Госпаду Богу свайму ў нутрох рыбы,

і сказаў: «да Госпада заклікаў я ў смутку маім, — і Ён пачуў мяне; з чэрава апраметнай я загаласіў, — і Ты пачуў голас мой.
 
і сказаў: «Да Госпада гукаў я ў горы маім і пачуў Ён мяне; із нетраў пекла я гукаў — і Ты выслухаў голас мой.

Ты ўкінуў мяне ў глыбіню, у сэрца мора, і патокі акружылі мяне, усе воды Твае і хвалі Твае праходзілі над мною.
 
Ты кінуў мяне ў глыбіні, у нетры мора, і патокі ахінулі мяне, усе воды Твае і хвалі Твае пераліваліся нада мною.

І я сказаў: адкінуты я ад вачэй Тваіх, аднак я зноў убачу сьвяты храм Твой.
 
І я сказаў: адкінуты я ад ачэй Тваіх, а ўсёжтакі я ізноў пабачу сьвяты храм Твой.

Абнялі мяне воды да душы маёй, бездань замкнула мяне; марскою травою абвіта была галава мая.
 
Ахінулі мяне воды аж да душы маёй, бяздоньне праглынула мяне. Зеліва марское спавіло галаву маю.

Да асновы гор я сышоў, зямля сваімі замкамі навек загарадзіла мяне; але Ты, Госпадзе Божа мой, душу маю выведзеш зь пекла.
 
Да падставы гораў ты зыйшоў, зямля сваімі запорамі загаціла мяне навекі; але Ты, Госпадзе, Божа мой, вывядзеш душу маю з пекла.

Калі зьнемагла ўва мне душа мая, я ўспомніў пра Госпада, і малітва мая дайшла да Цябе, да храма сьвятога Твайго.
 
Калі абязьсілела ўва мне душа мая, я ўспомніў аб Госпадзе, і малітва мая дайшла да Цябе, да сьвятога храму Твайго.

Пашаноўцы марных і фальшывых божышчаў пакінулі Мілажальнага свайго,
 
Тыя, што марных і хвальшывых багоў шануюць, пакінулі Міласернага свайго,

а я голасам хвалы прынясу Табе ахвяру; што абяцаў, выканаю. У Госпада выратаваньне!»
 
і я голасам хвалы прынясу Табе ахвяру; што прырок — выканаю, бо ратунак у Госпада!»

І сказаў Гасподзь кіту, і ён выкінуў Ёну на сушу.
 
І сказаў Госпад рыбе, і яна выплявала Ёну на сухазём.