Мацьвея 10 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
І пагукаўшы двананцацёх вучанікаў Сваіх, Ён даў ім моц над нячыстымі духамі, выганяць іх, і ўздараўляць усялякую хваробу і ўсялякае няўздоленьне.
І, паклікаўшы дванаццаць вучняў Сваіх, Ён даў ім уладу над нячыстымі духамі, каб выганяць іх і аздараўляць усякую хваробу і ўсякую немач.
Вось жа двананцацёх апосталаў імёны гэткія: першы Сымон, званы Пётрам, і Андрэй, брат ягоны, Якаў Зэведэяў а Яан, брат ягоны,
А дванаццаці апосталаў імёны такія: першы — Сымон, называны Пятром, і Андрэй, брат ягоны, Якуб Зэбэдэяў і Ян, брат ягоны,
Піліп а Варфаламей, Хама а Мацьвей мытнік, Якаў Алфеяў а Леўвей, каторага мянушка была Хвадзей,
Філіп і Барталамей, Тамаш і Мацьвей мытнік, Якуб Алфеяў і Леўвей, якога звалі Тадэвушам,
Сымон Каноянін а Юда Іскарыёт, што й ізрадзіў Яго.
Сымон Кананіт і Юда Іскарыёт, які і выдаў Яго.
Гэтых двананцацёх паслаў Ісус і расказаў ім, кажучы: «На дарогу да паган не хадзіце і да места Самарскага ня ўходзьце;
Гэтых дванаццаць паслаў Ісус і загадаў ім, кажучы: «На шлях паганаў не ўзыходзьце і ў горад Самаранскі не ўваходзьце,
Але валей ідзіце да загінулых авец дому Ізраелявага.
а ідзіце больш да авечак з дому Ізраіля, якія загінулі.
І ходзячы, абяшчайце, кажучы: ’Дабліжылася гаспадарства нябёснае’.
Ідучы ж, абвяшчайце, кажучы, што наблізілася Валадарства Нябеснае.
Хворых уздараўляйце, пракажаных ачышчайце, мертвых ускрышайце, нячысьцікаў выганяйце; дарма адзяржалі, дарма давайце.
Нядужых аздараўляйце, пракажоных ачышчайце, мёртвых уваскрашайце, дэманаў выганяйце. Дарма атрымалі, дарма давайце.
Не бярыце із сабою ані золата, ані срэбла, ані медзі ў чарэслы свае,
Не бярыце з сабою ані золата, ані срэбра, ані медзі ў паясы вашыя,
Ані хатуля ў дарогу, ані дзьвюх сарочкаў, ані вобую, ані посаха, бо працавень варты еміны свае.
ані торбы на дарогу, ані дзьвюх вопратак, ані сандалаў, ані кія. Бо работнік варты ежы сваёй.
Да якога места альбо селішча ня ўвыйшлі б вы, даведайцеся, хто ў ім годны, і там заставайцеся, пакуль ня выйдзеце.
А ў які горад ці мястэчка ўвойдзеце, даведайцеся, хто ў ім дастойны, і там заставайцеся, пакуль ня выйдзеце.
А ўходзячы ў дом, вітайце яго, кажучы: ’Супакой дому гэтаму’;
А, уваходзячы ў дом, вітайце яго.
І калі дом будзе годны, то супакой ваш зыйдзе на яго; а калі ня будзе годны, то супакой ваш да вас зьвернецца.
І, калі дом будзе сапраўды дастойны, супакой ваш прыйдзе на яго; а калі ня будзе дастойны, супакой ваш да вас вернецца.
А калі хто ня прыйме вас і ня будзе слухаць словаў вашых, то, выходзячы з дому альбо зь места таго, атрасіце пыл із ног сваіх.
І калі хто ня прыйме вас і ня будзе слухаць словаў вашых, то, выходзячы з дому ці з гораду таго, абтрасіце пыл з ног вашых.
Запраўды кажу вам: лягчэй будзе зямлі Садомскай а Ґоморскай у дзень суду, чымся месту таму.
Сапраўды кажу вам: лягчэй будзе зямлі Садома і Гаморы ў дзень суду, чым гораду таму.
«Вось, я пасылаю вас, як авечкі сярод ваўкоў; дык будзьце мудрыя, як гады, і нявінныя, як галубы.
Вось, Я пасылаю вас, як авечак сярод ваўкоў; дык будзьце мудрыя, як зьмеі, і шчырыя, як галубы.
Сьцеражыцеся ж людзёў, бо яны будуць выдаваць вас радам і ў бажніцах сваіх будуць біць вас.
Сьцеражыцеся людзей, бо яны будуць выдаваць вас у сынэдрыёны і ў сынагогах сваіх будуць бічаваць вас.
І павядуць вас да правадыроў а каралёў за Мяне, на сьветчаньне ім а паганам.
І павядуць вас да ваяводаў і валадароў дзеля Мяне на сьведчаньне ім і паганам.
Калі ж будуць выдаваць вас, не клапаціцеся, як або што казаць; бо ў тым часе дана будзе вам, што сказаць;
Калі ж будуць выдаваць вас, не клапаціцеся пра тое, як ці што вам гаварыць, бо вам у тую гадзіну будзе дадзена, што гаварыць.
Бо ня вы будзеце гукаць, але Дух Айца вашага будзе гукаць у вас.
Бо ня вы будзеце гаварыць, але Дух Айца вашага будзе гаварыць у вас.
«І выдасьць брат брата на сьмерць, і айцец — дзяцё; і паўстануць дзеці на бацькоў і заб’юць іх.
Выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька — сына, і паўстануць дзеці на бацькоў, і пазабіваюць іх;
І будуць усі ненавідзіць вас за імя Мае, але хто вытрывае да канца, спасецца.
і будуць вас ненавідзець за імя Маё, але хто вытрывае да канца, збаўлены будзе.
«Калі ж вас будуць гнаць у вадным месьце, бяжыце да другога. Бо запраўды кажу вам: не пасьпееце абыйсьці местаў Ізраелявых, як прыйдзе Сын Людзкі.
Калі ж будуць перасьледаваць вас у адным горадзе, уцякайце ў другі, бо сапраўды кажу вам: вы не абыйдзеце ўсіх гарадоў Ізраіля, як прыйдзе Сын Чалавечы.
Вучанік не пераходзе вучыцеля, ані слуга — гаспадара свайго.
Вучань не вышэй за настаўніка свайго, і слуга не вышэй за гаспадара свайго.
Досыць вучаніку, каб ён быў, як вучыццель ягоны, і слузе, каб ён быў, як гаспадар ягоны. Калі ж гаспадара дому назвалі вельзэвулам, пагатове — хатніх ягоных.
Досыць для вучня, каб ён стаўся як настаўнік ягоны, і для слугі, каб ён стаўся як гаспадар ягоны. Калі гаспадара дому назвалі Бэльзэбулам, тым больш хатніх яго.
Дык ня бойцеся іх, бо няма нічога схаванага, што не адкрылася б, і тайнага, праз што не даведаліся б.
Дык ня бойцеся іх, бо няма нічога прыкрытага, каб не адкрылася, ані тайнага, каб ня сталася вядомым.
Што кажу вам у цямноце, кажыце ў сьвятліні; і што чуеце на вуха, разгалашайце на стрэхах.
Што кажу вам у цемры, кажыце пры сьвятле; і што чуеце на вуха, абвяшчайце з дахаў.
«І ня бойцеся забіваючых цела, а душы ня могучых забіць; а валей бойцеся таго, хто можа душу й цела загубіць у пекле.
І ня бойцеся тых, што забіваюць цела, а душы́ забіць ня могуць; а бойцеся больш Таго, Хто можа і душу́, і цела загубіць у гееньне.
Хіба двух вераб’ёў не прадаюць за пенязь, і ні водзін ізь іх ня зваліцца на зямлю бяз волі Айца вашага;
Ці ж ня два вераб’і продаюцца за асар? І ніводзін з іх не ўпадзе на зямлю бяз волі Айца вашага.
У вас жа й валасы на галаве ўсі палічаны;
А ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны.
Дык ня бойцеся ж, бо вы пераходзіце шмат вераб’ёў.
Дык ня бойцеся, вы лепшыя за многіх вераб’ёў.
Дык кажнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, таго вызнаю й Я перад Айцом Маім, што ў нябёсах;
Дык кожнага, хто Мяне прызнае перад людзьмі, таго і Я прызнаю перад Айцом Маім, Які ў небе.
А хто адрачэцца ад Мяне перад людзьмі, ад таго адракуся й Я перад Айцом Сваім, што ў нябёсах.
А хто адрачэцца Мяне перад людзьмі, таго і Я адракуся перад Айцом Маім, Які ў небе.
«Ня думайце, што Я прышоў прынесьці супакой на зямлю; не супакой прышоў Я прынесьці, але меч;
Ня думайце, што Я прыйшоў прынесьці супакой на зямлю; не супакой прыйшоў Я прынесьці, але меч.
Бо Я прышоў пастанавіць чалавека супроці айца ягонага, і дачку супроці маткі ейнае, і нявестку супроці сьвякрыві ейнае.
Бо Я прыйшоў разлучы́ць чалавека з бацькам яго, і дачку — з маці яе, і нявестку — са сьвякрухай яе.
І непрыяцелі людзіны хатнія яе.
І ворагі чалавеку хатнія яго.
Хто любе айца альбо маці балей за Мяне, ня годны Мяне; і хто любе сына альбо дачку балей за Мяне, ня годны Мяне.
Хто любіць бацьку ці маці больш за Мяне, ня варты Мяне; і хто любіць сына ці дачку больш за Мяне, ня варты Мяне.
І хто не бярэць крыжа свайго і ня йдзець за Імною, тый ня годны Мяне.
І хто не бярэ крыжа свайго і ідзе за Мною, той ня варты Мяне.
Хто знойдзе жыцьцё свае, згубе яго; а хто згубе жыцьцё свае дзеля Мяне, знойдзе яго.
Хто знойдзе душу́ сваю, загубіць яе; а хто загубіць душу́ сваю дзеля Мяне, знойдзе яе.
Хто прыйме вас, прыймае Мяне; а хто прыймае Мяне, прыймае таго, хто паслаў Мяне.
Хто прыймае вас, прыймае Мяне, а хто прыймае Мяне, прыймае Таго, Хто паслаў Мяне.
Хто прыймае прароку ў імя прарокі, адзяржыць нагароду прароцкую; і хто прыймае справядлівага ў імя справядлівага, адзяржыць нагароду справядлівага.
Хто прыймае прарока ў імя прарока, дастане нагароду прарока; і хто прыймае праведніка ў імя праведніка, дастане нагароду праведніка.
І хто дасьць піць аднаму з малых гэтых коўню сьцюдзёнае вады ў імя вучаніка, запраўды кажу вам аніяк ня згубе нагароды свае».
І калі хто напоіць аднаго з малых гэтых толькі кубкам халоднай вады ў імя вучня, сапраўды кажу вам, ня страціць нагароды сваёй».