Мацьвея 11 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І сталася, як скончыў Ісус расказаваць двананцацём вучанікам Сваім, перайшоў стуль вучыць а абяшчаць у местах іхных.
 
І сталася, як скончыў Ісус загадваць дванаццаці вучням Сваім, пайшоў адтуль вучыць і абвяшчаць у гарады іхнія.

Яан жа, пачуўшы ў вязьніцы праз учынкі Хрыстовы, паслаў двух із вучанікаў сваіх,
 
Ян жа, пачуўшы ў вязьніцы пра дзеяньні Хрыста, паслаў двух вучняў сваіх

Сказаць Яму: «Ці Ты тый, што мае прыйсьці, ці чакаць нам іншага?»
 
сказаць Яму: «Ці Ты — Той, Які прыходзіць, ці чакаць нам іншага?»

І, адказаўшы, Ісус сказаў ім: «Пайдзіце, накажыце Яану, што чуеце а бачыце:
 
І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Ідзіце, паведаміце Яну, што чуеце і бачыце:

Нявісныя празіраюць і кульгавыя ходзяць, пракажаныя ачышчаюцца і глухія чуюць, мертвыя ўскрысаюць і ўбогім абяшчаюць Дабравесьць.
 
сьляпыя бачаць і кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, мёртвыя ўваскрасаюць і ўбогім дабравесьціцца.

Шчасьлівы, хто не спакушаецца перазь Мяне».
 
І шчасьлівы той, хто ня згоршыцца праз Мяне».

Як жа яны пайшлі, Ісус пачаў гукаць грудом празь Яана: «Чаго глядзець вышлі вы на пустыню? ці трысьціны, што хістае вецер?
 
Калі ж тыя пайшлі, Ісус пачаў гаварыць да натоўпаў пра Яна: «Што глядзець хадзілі вы ў пустыню? Ці трысьціну, якую вецер хістае?

Чаго ж глядзець вышлі вы? чалавека, што адзеўшыся ў мяккія адзецьці? Гля, у палацах каралеўскіх тыя, што носяць мяккія адзецьці.
 
Але што хадзілі вы ўбачыць? Ці чалавека, апранутага ў мяккія шаты? Вось, тыя, што носяць мяккія шаты, знаходяцца ў дамах валадарскіх.

Чаго ж глядзець вышлі вы? прарокі? Але, кажу вам, і вялікшага за прароку.
 
Але што хадзілі вы ўбачыць? Прарока? Так, кажу вам, і больш за прарока.

Бо ён тый, пра каторага напісана: ’Вось, Я пасылаю ангіла Свайго перад відам Тваім, каторы прыгатуе дарогу Тваю перад Табою’.
 
Бо ён ёсьць той, пра якога напісана: “Вось, Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які пракладзе шлях Твой перад Табою”.

Запраўды кажу вам: з народжаных жанкамі не паўстаў вялікшы за Яана Хрысьціцеля, але найменшы ў гаспадарстве нябёсным вялікшы за яго.
 
Сапраўды кажу вам: Сярод народжаных жанчынамі не паўставаў большы за Яна Хрысьціцеля, але найменшы ў Валадарстве Нябесным большы за яго.

Ад дзён жа Яана Хрысьціцеля аж дагэтуль гаспадарства нябёснае здабываюць сілаю, і дужыя захапляюць яго;
 
Ад дзён Яна Хрысьціцеля дагэтуль Валадарства Нябеснае сілаю здабываецца, і людзі гвалтоўныя захопліваюць яго.

Бо ўсі прарокі а закон аж да Яана праракалі.
 
Бо ўсе Прарокі і Закон прарочылі да Яна.

І калі хочаце прыняць, ён Ільля, каторы мае прыйсьці.
 
І калі маеце прыняць, ён ёсьць Ільля, якому належыць прыйсьці.

Хто мае вушы слухаць, няхай слухае!
 
Хто мае вушы слухаць, няхай слухае.

Але да каго прыраўную род гэты? Ён падобны да дзяцей, што сядзяць на рынках і, гукаючы таварышам,
 
Да каго прыраўняю пакаленьне гэтае? Яно падобнае да дзяцей, якія сядзяць на вуліцы і клічуць да таварышаў сваіх,

Кажуць: ’Мы гралі вам на дудцы, і вы не скакалі; мы пяялі пахоўныя песьні, і вы ня плакалі’.
 
і кажуць: “Мы гралі вам на жалейцы, і вы не скакалі; мы галасілі, і вы ня плакалі”.

Бо прышоў Яан, ані есьць, ані п’ець; і кажуць: ’У ім нячысьцік’.
 
Бо прыйшоў Ян, ня есьць, ня п’е, і кажуць: “Дэмана мае”.

Прышоў Сын Людзкі, есьць і п’ець; і кажуць: "Во чалавек, жарло й п’яніца, прыяцель мытнікаў а грэшнікаў’. І апраўджана мудрасьць учынкамі яе».
 
Прыйшоў Сын Чалавечы, есьць і п’е; і кажуць: “Вось, чалавек — абжора і п’яніца, сябра мытнікаў і грэшнікаў”. І апраўдана мудрасьць дзецьмі яе».

Тады пачаў Ён упікаць местам, ідзе сталася вельмі шмат магучых учынкаў Ягоных, за тое, што яны не пакаяліся:
 
Тады пачаў Ён дакараць гарады, у якіх найбольш сталася цудаў Ягоных, за тое, што яны не навярнуліся:

«Бяда табе, Хоразыне! бяда табе, Віфсаіда! бо калі б у Тыру а Сыдоне сталіся магучыя ўчынкі, сталыя ў вас, то даўно б яны ў зрэбніне а попеле пакаяліся б;
 
«Гора табе, Харазін! Гора табе, Бэтсаіда! Бо калі б у Тыры і Сідоне сталіся цуды, якія былі стаўшыся ў вас, даўно б яны ў зрэбніцы і ў попеле навярнуліся.

Але кажу вам: Тыру а Сыдону лягчэй будзе ў дзень суду, чымся вам.
 
Аднак кажу вам: Тыру і Сідону лягчэй будзе ў дзень суду, чым вам.

І ты, Капернауме, ці не аж да неба быў узьняты, аж да пеклы ськінены будзеш; бо калі б у Содоме былі зьдзеяны магучыя ўчынкі, сталыя ў табе, яна засталася б дагэтуль.
 
І ты, Капэрнаум, які да неба ўзьнёсся, у пекла скінуты будзеш, бо калі б у Садоме сталіся цуды, якія былі стаўшыся ў табе, ён застаўся б да гэтага дня.

Але, кажу вам, што зямлі Содомскай лягчэй будзе ў дзень суду, чымся табе».
 
Аднак кажу вам, што зямлі Садомскай лягчэй будзе ў дзень суду, чым табе».

У тым часе, адказуючы, Ісус сказаў: «Слаўлю Цябе, Войча, Спадару неба й зямлі, што Ты схаваў гэта ад мудрых а разумных і аб’явіў гэта бязьлеткам.
 
У той час, адказваючы, Ісус сказаў: «Вызнаю Цябе, Ойча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты схаваў гэтае ад мудрых і разумных, і адкрыў немаўлятам.

Але, Войча! бо такое было зычэньне Твае.
 
Так, Айцец, бо гэтак было даспадобы Табе.

Усе перадаў Імне Айцец Мой, і ніхто ня знае добра Сына, апрача Айца; і Айца ня знае ніхто добра, апрача Сына, і каму Сын хоча аб’явіць.
 
Усё Мне аддадзена Айцом Маім, і ніхто не спазнаў Сына, акрамя Айца; і ніхто не спазнаў Айца, акрамя Сына і каму Сын пастанавіў адкрыць.

Прыйдзіце да Мяне ўсі спрацаваныя а абцяжараныя, і Я дам вам супакой.
 
Прыйдзіце да Мяне ўсе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я дам вам супачынак.

Вазьміце йго Мае на сябе і наўчыцеся ад Мяне, бо Я ціхі й лагоднага сэрца, і знойдзеце супакой душам сваім;
 
Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я — ціхі і пакорнага сэрца, і знойдзеце супачынак душам вашым.

Бо йго Мае прыемнае, і цяжар Мой лягкі».
 
Бо ярмо Маё добрае, і цяжар Мой лёгкі».