1 да Цімафея 5 разьдзел
Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Ня гань старога, але навучай, як айца; маладых, як братоў;
Старога ня гань, але прасі як бацьку, маладых — як братоў,
Старыя жанкі, як маткі; маладыя, як сёстры, з усёй чысьцінёю.
старых жанчынаў — як матак, маладых — як сёстраў, з усякай чысьцінёю.
Удовы паважай, запраўдныя ўдовы.
Удоваў шануй, тых, якія праўдзіва ўдовы.
Калі ж якая ўдава мае дзеці альбо ўнукаў, дык хай яны перш вучацца паказаць набожнасьць сваю да радзімы свае і адплачаваць бацьком, бо гэта прыемна Богу.
А калі якая ўдава ма́е дзяцей ці ўнукаў, яны перш няхай вучацца шанаваць свой дом і аддаваць належнае бацька́м, бо гэта добра і прыемна перад Богам.
Запраўдная ўдава і адзінотная спадзяецца на Бога і трывае ў маленьнях а малітвах ноч і дзень;
Праўдзівая ўдава і адзінокая спадзяецца на Бога і трывае ў малітвах і просьбах уночы і ўдзень,
Але каторая жывець патураючы самой сабе, тая жывая памерла.
а тая, што жыве ў распусьце, жывучы́, мёртвая.
І гэта загадуй ім, каб былі беззаганныя.
І гэтак загадвай, каб былі бездакорнымі.
Калі ж хто праз сваіх собскіх і асабліва праз хатніх ня рупіцца, тый выперся веры і горшы за няверніка.
А калі хто пра сваіх, і асабліва, пра хатніх ня дбае, той адрокся ад веры і горшы за бязьвернага.
Удава мае быць запісаваная да сьпісаньня ня меней, як шасьцьдзесятгодняя, каторая была жонкаю аднаго мужа,
Удава ма́е быць унесеная ў сьпіс, якой ня менш як шэсьцьдзесят гадоў, якая была жонкаю аднаго мужа,
Маючая сьветчаньне праз добрыя ўчынкі, калі выгадавала дзеці, калі частавала падарожных, калі ўмывала ногі сьвятым, калі памагала гаротным, калі ўлягала ў кажную добрую справу.
засьведчаная ў добрых учынках, калі дзяцей выгадавала, калі прыймала падарожных, калі абмывала ногі сьвятым, калі падтрымлівала прыгнечаных, калі ішла сьледам за ўсякай добрай справай.
Малодшым жа ўдовам адмаўляй, бо калі яны стануць жадлівыя напярэк Хрыста, хочуць выходзіць замуж,
А маладым удовам адмаўляй, бо калі яны, разласаваўшыся насуперак Хрысту, захочуць замуж,
І гэтак падпадалі б пад засуджэньне, бо ўзрушылі б першую веру.
атрымаюць асуджэньне, бо адкінулі ранейшую веру.
Ды ў тым самым часе яны вучацца быць дзяньгубнымі, ходзячы ад дому да дому; ды ня толькі дзяньгубнымі, але й брахлівымі, мяшаюцца ў чужыя справы, гукаючы няпрыходнае.
Да таго ж яны прывучаюцца не працаваць, цяга́ючыся па дамах; і ня толькі не працаваць, але і балбатаць, і рабіць непатрэбныя рэчы, гаворачы, чаго ня сьлед.
Дык я хачу, каб малодшыя выходзілі замуж, радзілі дзеці, кіравалі дом, не давалі праціўніку прыклепу да абмовы.
Дык хачу, каб маладыя [ўдовы] ішлі замуж, нараджалі дзяцей, кіравалі домам і не давалі супраціўніку ніякае нагоды дзеля абмаўляньня,
Бо некатрыя ўжо абярнуліся за шайтаном.
бо некаторыя ўжо збочылі ўсьлед за шата́нам.
Калі які вернік альбо верніца мае ўдовы, няхай памагае ім, а не цяжарыць царквы, каб яна магла памагаць удовам запраўдным.
Калі які верны ці верная ма́е ўдовы, няхай падтрымлівае іх і не абцяжарвае царквы, каб яна падтрымлівала праўдзівых удоваў.
Старшыя, што кіруюць добра, няхай будуць уважаны за годных падвойнай сьці, асабліва працуючыя ў слове а навуццы.
Старосты, якія кіруюць добра, дастойныя падвойнае пашаны, асабліва тыя, якія працуюць у слове і навучаньні.
Бо Пісьмо кажа: «Ня кілзай вала малоцячага»; і: «Працавень годны заплаты свае».
Бо Пісаньне кажа: «Не заке́лзай вала́, які малоціць», і: «Работнік варты нагароды сваёй».
На старшых ня прыймай вінаваньня, хіба з дзьвюма альбо трыма сьветкамі.
Абвінавачваньне на старосту не прыймай, хіба што пры двух ці трох сьведках.
Тых, што грэшаць, вінуй перад усімі, каб і засталыя страх мелі.
Тых, якія грашаць, дакарай перад усімі, каб і іншыя страх мелі.
Асьвятчаю перад Богам а Хрыстом Ісусам а абранымі ангіламі, каб ты дзяржаў гэта без засуджэньня наперад, нічога ня робячы з прыхіннасьці.
Перад Богам і Госпадам Ісусам Хрыстом і выбранымі анёламі сьведчу [табе], каб ты захаваў гэтае без перадузятасьці, нічога ня робячы паводле прыхільнасьці.
Не сьпяшайся на нікога ўскладаць рук і ня будзь учасьнікам у грахох іншых. Захавай сябе чыстага.
Ру́кі хутка ні на кога не ўскладай і ня будзь супольнікам у чужых грахах; захоўвай сябе чыстым.
Наперад пі не адну ваду, але ўжывай троху віна дзеля трыбуха свайго і частых няўздоленьняў сваіх.
Больш ня пі ваду, але ўжывай крыху віна дзеля страўніка твайго і частых тваіх немачаў.
Грахі некатрых людзёў яўныя, вядучы да суду, а грахі іншых ідуць за імі.
Грахі некаторых людзей відочныя і вядуць на асуджэньне, а за некаторымі ідуць сьледам.
Аднолькава й добрыя ўчынкі яўныя, а калі не таковыя, ня могуць быць схаваныя.
Гэтаксама і добрыя ўчынкі відочныя; і калі іначай, схавацца ня могуць.