Быццё 37 разьдзел
Быццё
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 1999
І жыў Якаў у зямлі падарожжаваньня айца свайго, у зямлі Канаанскай.
Гэта падзеі ў Якава. Язэп, будучы семнанцацёх год, пасьціў статак із братамі сваімі, (а быў хлапцом), із сынамі Валінымі і із сынамі Зэлфінымі, жонак айца свайго. І прыносіў Язэп іхныя словы ліхія да айца іхнага.
І Ізраель любіў Язэпа болей за ўсіх сыноў сваіх, бо ён быў сын старасьці ягонае; і справіў яму хітон калярысты.
І абачылі браты ягоныя, што яго любе ацец іхны болей за ўсіх братоў, і зьненавідзілі яго, і не маглі гукаць ізь ім супакойна.
І сьніў Язэп сон, і расказаў братом сваім: і яны болей яшчэ зьненавідзілі яго.
Ён сказаў ім: «Паслухайце, калі ласка, сон гэты, каторы я сьніў:
І вось, мы вяжам снапы сярод поля; і вось, устаў мой сноп, і так стаяў; і вось, абступілі яго вашы снапы і пакланіліся майму снапу».
І сказалі яму браты ягоныя: «Нягож ты будзеш запраўды караляваць над намі? нягож запраўды будзеш радзіць нас?» І болей яшчэ зьненавідзілі яго за сны ягоныя і за словы ягоныя.
І сьніў ён яшчэ другі сон, і расказаў яго братом сваім, і сказаў: «Вось, я сьніў сон яшчэ: і вось, сонца, і месяц, і адзінанцаць гвездаў кланяюцца імне».
І ён расказаў айцу свайму і братом сваім; і павайцяў яго ацец ягоны, і сказаў яму: «Што гэта за сон, каторы ты сьніў? нягож запраўды прыду я, і маці твая, і браты твае пакланіцца табе да зямлі?»
І завідавалі яму браты ягоныя, а ацец ягоны хаваў гэтае слова.
І пайшлі браты ягоныя пасьціць статак айца свайго ў Сыхеме.
І сказаў Ізраель Язэпу: «Ці браты твае ня пасьвяць у Сыхеме? Пайдзі; я пашлю цябе да іх». Ён сказаў яму: «Во я!»
І сказаў яму: «Пайдзі ж, паглянь, ці ў супакою браты твае і ці ў супакою статак, і зьвярні імне словы». І паслаў яго з даліны Гэўронскае; і ён прышоў да Сыхему.
І знайшоў яго чалавек, і во, ён блудзе ў полю, і папытаўся ў яго тый чалавек, кажучы: «Чаго шукаеш?»
Ён сказаў: «Братоў сваіх я шукаю; скажы ж імне, ідзе яны пасьвяць?»
І сказаў тый чалавек: «Яны перагналіся адгэтуль; бо я чуў, як яны казалі: "Пайдзіма да Дофану!"» І пайшоў Язэп за братамі сваімі, і знайшоў іх у Дофане.
І абачылі яны яго здалеку, і ўперад чымся ён дабліжыўся да іх, змаўляліся яго забіць.
І сказалі брат брату: «Во, гэты сьненьнік прышоў.
І цяпер пайдзіма й забіма яго, і кіньма яго ў вадну зь ямаў, і скажам: "Злы зьвер ізьеў яго"; і пабачым, што будзе зь ягоных сноў».
І пачуў Рувін, і выбавіў яго з рук іхных, і сказаў: «Не забіма душы».
І сказаў ім Рувін: «Не разьлівайце крыві, кіньце яго ў гэту яму, каторая на пустыні, а рукі ня выцягніце на яго», каб выбавіць яго ад рукі іхнае, каб зьвярнуць яго айцу ягонаму.
І было, як Язэп прышоў да братоў сваіх, і зьдзелі яны зь Язэпа хітон ягоны, хітон калярысты, каторы на ім;
І ўзялі яго, і кінулі яго ў яму; яма ж пустая, няма ў ёй вады.
І селі яны есьці хлеб, і ўзьнялі вочы свае, і абачылі, і во, караван Ізмайлаўцаў прышоў з Ґілеаду, і вярблюды іхныя нясуць пернасьці, бальсам а міру: ідуць зьвезьці гэта да Ягіпгу.
І сказаў Юда братом сваім: «Якая карысьць, што мы заб’ем брата нашага і схаваем кроў ягоную?
Пайдзіма й прадайма яго Ізмайлаўцам, а рукі нашы няхай ня будуць на ім; бо брат наш, цела наша». І паслухалі яго браты ягоныя.
І прайшлі Мідзяняне, купцы, і выцягнулі Язэпа зь ямы, і прадалі Язэпа Ізмайлаўцам за дваццаць срэбнікаў; а яны прывялі Язэпа да Ягіпту.
І зьвярнуўся Рувін да ямы, і вось, няма Язэпа ў яме. І разарваў адзецьце свае,
І зьвярнуўся да братоў сваіх, і сказаў: «Дзяцяці няма, а я куды, куды я пайду?»
І ўзялі хітон Язэпаў, і зарэзалі казянё, і занурылі хітон у кроў;
І паслалі хітон калярысты, і прынесьлі айцу свайму, і сказалі: «Гэта мы знайшлі: пазнай жа, адзецьце сына твайго гэта, ці не?»
І ён пазнаў яго, і сказаў: «Хітон сына майго; злы зьвер ізьеў яго; разарваны, разарваны Язэп».
І разарваў Якаў адзецьце свае, і меў жалобу па сыну сваім шмат дзён.
І ўсталі ўсі сынове ягоныя і ўсі дачкі ягоныя, каб пацешыць яго, але ён адмаўляўся пацешыцца, і сказаў: «Бо зыйду да сына свайго із смуткам да шэолю». І плакаў па ім ацец ягоны.
І Мідзяняне прадалі яго ў Ягіпце Потыфару, легчанцу Фараонаваму, начэльніку старожы.