Псалтыр 45 псалом

Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Кіраўніку хору. На шошанім. Сыноў Корыных. Навука. Песьня любосьці.
 

Выліла сэрца мае слова добрае; гукаю я свае справы Каралю; язык мой, як пяро борздага пісьменьніка.
 

Ты найпазарнейшы із сыноў людзкіх; выліта зычлівасьць на вуснах Тваіх; затым Бог дабраславіў Цябе на векі.
 

Паперажы меч Свой на сьцёгны Свае, Магучы, славаю Сваёй а майстатам Сваім!
 

І ў майстаце Сваім едзь дасьпешна дзеля слова праўды, лагоднасьці, справядлівасьці, і навуча Цябе страшных рэчаў правіца Твая.
 

Войстрыя стрэлы Твае ў сэрцу непрыяцеляў каралеўскіх; люды падуць пад Табою.
 

Пасад Твой, Божа, на векі вякоў; ськіпетра пасьцівасьці ё ськіпетра каралеўства Твайго.
 

Ты ўзьлюбіў справядлівасьць і зьненавідзіў нягоднасьць, затым памазаў Цябе Бог Твой алеям радасьці над сябрамі Тваімі.
 

Мірра а алёе, кася — ўсі адзецьці Твае. З палацу сланёвае косьці струны вяселяць Цябе.
 

Каралеўскія дачкі памеж пачэсьлівых Тваіх; па правай руццэ Тваёй стаіць караліца ў шчырым золаце Офірскім.
 

Слухай, дачка, і зважай, і нахіні вуха свае, і забудзься люд свой і дом айца свайго;
 

І будзе жадаць Кароль харашыні твае, бо Ён Спадар твой, і ты пакланіся Яму.
 

І дачка Тыру з дарам, багатыя зь люду будуць маліць від Твой.
 

Уся чэсьць дачкі каралеўскае ўнутры; адзецьце ейнае із залатога гафтаваньня.
 

У вышываных уборах яе прыводзяць да Караля; за ёю дзяўчаты, таварышкі ейныя, прыводзяць да Цябе;
 

Іх прыводзяць із радасьцяй а весялосьцяй, як яны ўходзяць у палац каралеўскі.
 

Замест бацькоў Тваіх будуць сынове Твае; Ты пастановіш іх за князёў па ўсёй зямлі.
 

Я прычыню, што імя Твае будуць помнець у вусіх родах; затым люды будуць выхваляць Цябе на векі а векі.