Мацьвея 3 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 1999
Тых дзён Яан Хрысьціцель, абяшчаючы, прыбыў на пустыню Юдэйскую,
У тыя дні паявіўся Ян Хрысьціцель, прапаведуючы ў пустыні Юдэйскай
Кажучы: «Кайцеся, бо дабліжылася гаспадарства нябёснае!»
і кажучы: "Навяртайцеся, бо наблізілася Каралеўства Нябеснае".
Бо ён тый, праз каго сказана Ісаям прарокам, кажучы: «Голас гукаючага на пустыні: гатуйце дарогу Спадарову, раўнуйце сьцежкі Ягоныя!»
А ён быў тым, пра каго прадказваў прарок Ісая, кажучы: "Голас гамонячага ў пустыні: "Прыгатуйце дарогу Госпаду, прастуйце сьцежкі Яму!"
А тый Яан меў адзецьце сабе зь вярблюджае поўсьці й дзягу на сьцёгнах сваіх; і ежаю яму была шаранча а дзікі мёд.
Сам жа Ян насіў адзеньне з вярблюдавага воласу і дзяжку скураную на паясьніцы сваёй, а ежай Яму была шаранча і дзікі мёд.
Тады выходзіў да яго Ерузалім а ўся Юдэя а ўся аколіца ёрданская.
Дык да яго выходзілі Ерузалім і ўся Юдэя, ды ўсе ваколіцы каля Ярдана,
І хрысьціліся ў яго ў Ёрдане раццэ, спавядаючыся з грахоў сваіх.
і былі ім хрышчаны ў Ярдане, вызнаючы свае грахі.
І як ён бачыў шмат каго з фарысэяў а садукеяў, што прыходзілі да яго хрысьціцца, ён казаў ім: «Родзе гадавы, хто перасьцярог вас уцякаць ад надыходзячага гневу?
А калі ўгледзеў многіх фарысэяў і садукеяў, прыходзячых да хросту свайго, сварыўся на іх: "Род зьмяіны, хто заручыўся, што ўбяжыце ад будучага гневу?
Дык давайце плады годныя каяты;
Чыніце належны плод навярненьня,
І ня думайце казаць самым сабе: ’Айцец у нас Абрагам’, бо кажу вам, што можа Бог із камянёў гэтых узьняць дзеці Абрагаму.
і ня думайце хваліцца: "Маем бацьку Абрагама". Бо кажу вам, што Бог магутны з гэтых каменьняў можа падняць сыноў Абрагаму.
І цяпер таксама сякіра да караня дзерваў прыложана; дык кажнае дзерва, што не даець добрага плоду, будзе сьсечана й кінена ў цяпло.
Бо ўжо сякера прыстаўлена да караня дрэваў; кожнае дрэва, якое не дае добрага плоду, будзе высечана і кінута ў агонь.
Я хрышчу вас у вадзе на каяту, але Тый, што йдзець просьле мяне, дужшы за мяне, чыйго вобую я ня годны панесьці; Ён будзе хрысьціць вас у Духу Сьвятым а агню.
Я вас хрышчу вадою дзеля навярненьня, але Той, Хто прыйдзе па мне, дужэйшы, чым я. Яму я ня варты насіць сандалаў. Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым і агнём.
Веялка Ягоная ў руццэ Ягонай, і ачысьце ток Свой, і зьбярэць пшонку Сваю да сьвірна, а ўмецьце спале агнём нязгасным».
Ён трымае ў сваёй руцэ веялку, і ачысьціць ток свой, ды зьбярэ пшаніцу сваю ў гумно, а мякіну спаліць незгасаемым агнём.
Тады прыбывае Ісус із Ґалілеі на Ёрдан да Яана, каб прыняць хрэст ад яго.
Тады Езус прыйшоў з Галілеі на Ярдан да Яна прыняць хрост ад яго.
Але Яан забараніў Яму, кажучы: «Я патрабую быць хрышчаным Табою, а Ты прыходзіш да мяне».
Але Ян узбараняўся дзеля Яго, кажучы: "Я павінен быць ахрышчаны Табою, а Ты ідзеш да мяне?"
Але Ісус, адказуючы, сказаў яму: «Дазволь цяпер, бо належа нам выпаўніць усю справядлівасьць». Тады ён дазволіў Яму.
Але Езус сказаў яму: "Пакінь цяпер, бо гэтак нам належыць выпаўніць усякую справядлівасьць". Тады (Ян) прыняў Яго.
І, ахрысьціўшыся, Ісус зараз вышаў з вады; і, гля, рашчыніліся нябёсы над Ім, і абачыў Духа Божага, што спушчаўся, як галуба, і зыходзіў на Яго.
А калі Езус быў ахрышчаны, зараз выйшаў з вады, і вось жа адкрыліся нябёсы, і ўбачыў Духа Божага, зыходзячага як галуба і прыходзячага на Яго.
І, гля, голас ізь нябёсаў, кажучы: «Гэта Сын Мой умілаваны, Каторага Я ўпадабаў!»
Ды голас з неба, кажучы: "Гэта Сын Мой улюблёны, Якога Я ўпадабаў сабе".