Марка 14 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 1999
За два дні ж была Пасха а Праснакі. І шукалі найвышшыя сьвятары а кніжнікі, як бы няць Яго падходам, каб маглі забіць;
А да Пасхі і сьвята Праснакоў заставалася два дні. Дык першасьвятары і кніжнікі шукалі, як Езуса схапіць хітрасьцю і забіць.
Бо гукалі: «Ня ў сьвята, каб ня сталася ўзрушэньне люду».
Казалі аднак: "Толькі не ў сьвяточны дзень, каб не дайшло да замяшаньня ў народзе".
І як Ён быў у Віфані, у доме Сымона пракажанага, і ўзьляжаў за сталом, прышла жонка з алябастравай судзіною нардавага алею, чыстага а вельмі дарагога; і, разьбіўшы алябастравую судзіну, выліла на галаву Яму.
І калі Езус быў у Бэтаніі, у доме Сымона пракажанага, і супачываў за сталом, прыйшла жанчына, маючая алябастравую пасудзінў каштоўнага алею нардовага, і, пабіўшы алябастар, выліла Езусу на галаву.
А Некатрыя абураліся мяжсобку: «Нашто гэтая страта масьці?
А некаторыя з прысутных абураліся ў сабе і казалі: "Пашто было марнаваць гэты алей?
Бо можна было б прадаць яе балей, чымся за трыста дынароў, і раздаць убогім». І гневаліся на яе.
Можна было гэты алей прадаць даражэй, чым за трыста дынараў, і надзяліць убогіх". І наракалі на яе.
Але Ісус сказаў: «Пакіньце яе; нашто робіце ёй прыкрасьць? Яна добры ўчынак зрабіла Імне.
А Езус бараніў: "Пакіньце яе! Чаму робіце ёй прыкрасьць? Яна добры ўчынак зрабіла адносна Мяне.
Бо ўбогіх маеце заўсёды із сабою і ў часе, калі захочаце, можаце рабіць ім дабро; а Мяне не заўсёды маеце.
Бо ўбогіх заўсёды маеце ў сябе і, калі захочаце, зможаце ім добра рабіць, а Мяне не заўсёды мець будзеце.
Яна зрабіла, што магла: загадзя намасьціла цела Мае да пахову.
Яна, што магла, зрабіла: намашчэньнем цела Маё прыгатавала на пахаваньне.
Запраўды кажу вам: ідзе толькі будзе абяшчана Евангеля гэтая па цэлым сьвеце, таксама, што яна зрабіла, сказана будзе на памятку яе».
Сапраўды кажу вам: Ва ўсім сьвеце, дзе толькі будзе вешчана Эвангельле, што яна зрабіла, будзе расказвацца ў памяць аб ёй".
І Юда Іскарыёт, адзін із двананцацёх, пайшоў да найвышшых сьвятароў, каб выдаць Яго ім.
А Юда Іскарыёт, адзін з Дванаццаці, пайшоў да першасьвятароў, каб Яго выдаць.
Яны ж, пачуўшы, узрадаваліся і абяцалі даць яму срэбла. І ён шукаў, як бы прыгодна ізрадзіць Яго.
Яны вельмі ўзрадаваліся і абяцалі Яму даць грошы. Ён жа шукаў, як Яго ў адпаведны час выдаць.
І на першы дзень Праснакоў, як абракалі пасхальнага баранчыка, вучанікі Ягоныя сказалі Яму: «Ідзе хочаш, каб мы, пашоўшы, прыгатавалі, каб Ты мог есьці пасху?»
У першы дзень (сьвята) Праснакоў, калі забіваецца ягнё пасхальнае, кажуць Яму вучні: "Дзе хочаш, каб мы пайшлі і прыгатавалі Табе есьці Пасху?"
І паслаў двух із вучанікаў Сваіх, і сказаў ім: «Ідзіце да места, і стрэне вас чалавек, нясучы жбан вады; ідзіце за ім.
І пасылае двух вучняў сваіх і кажа ім: "Ідзіце ў горад, і спаткае вас чалавек, які будзе несьці збан вады; ідзіце за ім.
І куды ўвыйдзе, скажыце гаспадару дому таго: "Вучыцель кажа: ідзе гасьцінны пакой Мой, у каторым Я змог бы есьці пасху з вучанікамі Сваімі?"
І, куды ўвойдзе, скажыце гаспадару дома: "Вучыцель кажа: Дзе Мне прызначана сьвятліца, у якой разам з Маімі вучнямі мог бы спажываць Пасху?"
І ён пакажа вам вялікі верхні пакой, засланы, прыгатаваны; там прыгатуйце нам».
Ён вам пакажа вялікую сьвятліцу прыгатаваную; вось там прыгатуйце месца нам".
І вучанікі Ягоныя пайшлі, і прышлі да места, і знайшлі, як Ён сказаў ім; і прыгатавалі пасху.
Дык адправіліся вучні Ягоныя ў горад ды знайшлі, як ім сказаў, і прыгатавалі Пасху.
І як зьвечарэла, Ён прыходзе з двананцацьма.
І калі настаў вечар, прыходзіць туды з Дванаццацьцю.
І, як яны ўзьляжалі а елі, Ісус сказаў: «Запраўды кажу вам, адзін із вас, каторы есьць із Імною, ізрадзе Мяне».
І калі сядзелі за сталом і елі, кажа Езус: "Сапраўды кажу вам: Адзін з вас, каторы есьць са Мною, выдасьць Мяне".
І яны пачалі смуціцца й казалі Яму адзін за адным: «Ці ня я» і другі: «Ці ня я?»
Яны пасмутнелі і адзін за другім сталі пытацца: "Ці гэта ня я?"
І Ён, адказуючы, сказаў ім: «Адзін із двананцацёх, што мачае з Імною ў місе.
Езус кажа ім: "Адзін з Дванаццаці, які мачае са Мною руку ў місе.
Сын Людзкі запраўды йдзець, як напісана празь Яго; але бяда таму чалавеку, каторым Сын Людзкі ізраджаецца; валей было б не радзіцца таму чалавеку».
Што праўда, Сын Чалавечы ідзе, як аб ім напісана. Аднак гора чалавеку, праз якога Сын Чалавечы будзе выдадзены! Лепш было б, каб той чалавек ня быў нарадзіўшыся".
І як яны елі, Ісус, узяўшы хлеб, дабраславіў, ламіў а даваў ім, кажучы: «Вазьміце, ежча; гэта ё цела Мае».
І калі яны вячэралі, Езус узяў хлеб, і, багаславіўшы, ламаў і даў ім, і казаў: "Бярыце, гэта ёсьць Цела Маё".
І ўзяўшы чару, і даўшы дзякі, падаў ім; і пілі зь яе ўсі.
І, ўзяўшы келіх, падзяку складаючы, даў ім; і пілі з яго ўсе.
І сказаў ім: «Гэта ё кроў Мая Новага Закону, за шмат выліваная.
І казаў ім: "Гэта ёсьць Кроў Мая Новага Запавету, каторая за многіх праліваецца.
Запраўды кажу вам: Я ўжо ня буду піці з плоду віннога аж да таго дня, калі буду піць новае ў гаспадарстве Божым».
Сапраўды кажу вам: Ня буду піць ужо з гэтага плоду вінаграднага аж да таго дня, калі буду піць новае (віно) ў Каралеўстве Божым".
І, запяяўшы псальму, вышлі на гару Аліўную.
І, адсьпяваўшы гімн, узьняліся на гару Аліўную.
І Ісус кажа ім: «Усі вы спакусіцеся з прычыны Мяне гэтае ночы; бо напісана: "Вытну пастыра, і рассыпяцца авечкі".
І кажа ім Езус: "У гэту ноч вы ўсе згоршыцеся з Мяне, бо напісана: "Удару пастыра і разьбягуцца авечкі",
Але, як ускрэсну, выпераджу вас да Ґалілеі».
але калі ўваскрэсну, папераджу вас у Галілеі".
І Пётра сказаў Яму: «Хоць усі спакусяцца, але ня я».
А Пётар кажа Яму: "Хоць бы ўсе згоршыліся з Цябе, але ня я".
І сказаў яму Ісус: «Запраўды кажу табе, што сядні гэтае ночы, уперад чымся пятух запяець двойчы, ты выпрашся Мяне трэйчы».
І кажа яму Езус: "Сапраўды кажу табе: Ты сёньня, у гэту ноч, перш, чым двойчы певень засьпявае, тройчы вырачашся Мяне".
Але ён станаўчэй казаў: «Калі б я меў памерці з Табою, ніколі ня выпруся Цябе». Гэтак і ўсі іншыя казалі.
Але ён тым мацней гаварыў: "Хоць бы мне трэба было памерці з Табою, ня выракуся Цябе". Падобна і ўсе яны казалі.
І прышлі на месца, званае Ґефсыманя; і Ён сказаў вучанікам Сваім: «Пасядзіце тут, пакуль Я памалюся».
І прыходзяць ў сяло, званае Гетсэманія, і кажа Езус вучням сваім: "Пабудзеце тут, пакуль Я памалюся".
І, узяўшы із Сабою Пётру а Якава а Яана, пачаў жахацца а немарасьціцца.
І бярэ з сабою Пятра, і Якуба, і Яна, і пачаў тужыць і сумаваць.
І кажа ім: «Надзвычайна смутная душа Мая аж да сьмерці; пачакайце тут і будзьце чукавыя».
І кажа ім: "Сумная душа Мая аж да сьмерці, пабудзьце тут і чувайце".
І адышоўся крыху, і паў на зямлю, і маліўся, каб, калі б гэта было магчыма, мінула Яго гадзіна гэтая.
І, крыху адыйшоўшыся, Ён упаў на зямлю і маліўся, каб, калі магчыма, абмінула Яго гэтая часіна.
І казаў: «Аўва, Войча! усе магчыма Табе, аддаль ад Мяне чару гэтую, не чаго Я хачу, адылі, але чаго Ты».
І казаў: "Абба, Ойча! Табе ўсё магчыма, ухілі ад Мяне гэту чашу, аднак ня тое, што Я хачу, але што Ты!"
І прыходзе, і засьпяець іх сьпячых, і кажа Пётру: «Сымоне, ты сьпіш? ня мог ты аднае гадзіны ня спаць?
І прыходзіць да іх, і знаходзіць іх сьпячых. Дык кажа Пятру: "Сымон, ты сьпіш? Ня мог бы ты хоць гадзіну ня спаць?
Будзьце чукавыя й маліцеся, каб не паддацца спакусе. Дух, праўда, імклівы, але цела млявае».
Чувайце і маліцеся, каб не папасьці ў спакушэньне: бо дух ахвочы, але цела кволае".
І ўзноў адыйшоўся, і маліўся, і казаў тыя самыя словы.
І, адыйшоўшыся, зноў маліўся ў гэтыя самыя словы.
І ўзноў прышоўшы, засьпеў іх ізноў сьпячых, бо вочы ў іх ацяжэлі; і яны ня ведалі, што адказаць Яму.
І, зноў вярнуўшыся, застаў іх сьпячымі, бо вочы іхнія былі сонныя, і ня ведалі, што Яму казаць.
І прыходзе трэйці раз, і кажа ім: «Сьпіце ўжо а супачывайце. Годзе! настала гадзіна; вось, Сын Людзкі выдаецца ў рукі грэшнікаў.
Ды трэці раз прыходзіць да іх і кажа ім: "Сьпіце яшчэ і адпачываеце? Даволі! Ужо прыйшла пара: вось жа Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі грэшнікаў.
Устаньце, ідзіма; гля, бліжыцца тый, што ізраджае Мяне».
Падымайцеся, ідзёмце, ужо блізка той, хто Мяне мае выдаць".
І зараз, як Ён яшчэ гукаў, прыбывае Юда, што быў адзін із двананцацёх, і зь ім груд вялікі зь мячамі а кіямі ад найвышшых сьвятароў а ад кніжнікаў а ад старцоў.
І калі Езус яшчэ гаварыў, надыйшоў Юда, адзін з Дванаццаці, а з ім вялікая грамада з мячамі і палкамі ад першасьвятароў, і кніжнікаў ды старшыняў.
І зраднік жа Ягоны даў ім знак, кажучы: «Каго я пацалую, тый ё; імайце Яго і вядзіце асьцярожна».
Здраднік жа Ягоны даў ім знак, кажучы: "Каго я пацалую, гэта Ён, хапайце Яго і вядзіце асьцярожна".
І, прышоўшы, зараз падышоў да Яго, і кажа: «Раббі! Раббі!» і горача пацалаваў Яго.
І калі надыйшоў, зараз жа прыступіўся да Езуса і кажа: "Раббі!", і пацалаваў Яго.
І яны ўзлажылі рукі свае на Яго, і нялі Яго.
Яны ж наваліліся на Яго і схапілі Яго.
І адзін із стаячых тут агаліў меч, і выцяў слугу найвышшага сьвятара, і адцяў яму вуха.
А адзін з тых, што былі з Езусам, выцягнуўшы меч, ударыў слугу першасьвятара і адсёк яму вуха.
І Ісус, адказуючы, сказаў ім: «Бы на разбойніка, вы вышлі зь мячамі а кіямі няць Мяне.
І ў адказ Езус кажа ім: "Як на разбойніка выйшлі з мячамі і палкамі, каб узяць Мяне.
Што дня я быў з вамі ў сьвятыні, навучаючы, і вы ня бралі Мяне. Але каб выпаўніліся Пісьмы».
Штодзень быў Я з вамі ў сьвятыні, вучачы, і вы ня ўзялі Мяне, але няхай зьдзейсьнілісяцца Пісаньне".
Тады, пакінуўшы Яго, усі ўцяклі.
Тады вучні Ягоныя, пакінуўшы Яго, усе паўцякалі.
Адзін жа маладзён, накінуўшы палатніну на голага, ішоў за Ім; і маладзёны нялі яго.
І адзін юнак, адзеты толькі посьцілкай на голае цела, ішоў за Ім, і яго схапілі,
Але ён, пакінуўшы палатніну, уцёк ад іх голы.
але ён выкруціўся з посьцілкі і голы ўцёк ад іх.
І завялі Ісуса да найвышшага сьвятара; і ў яго былі зьбершыся ўсі найвышшыя сьвятары а старцы а кніжнікі.
І прывялі Езуса да першасьвятара, і сабраліся першасьвятары, старшыні і кніжнікі.
А Пётра йшоў за Ім воддаль, ажно на панадворак найвышшага сьвятара; і сядзеў із паслугачымі і грэўся ля цяпла.
Пётар жа здалёку ішоў за Ім, аж увайшлі яны ў панадворак першасьвятара, і потым сядзеў са слугамі, і грэўся пры агні.
А найвышшыя сьвятары а ўвесь сынэдрыён шукалі сьветчаньня на Ісуса, каб зрабіць Яму сьмерць; і не знаходзілі.
А першасьвятары ды ўся Рада шукалі сьведчаньня супраць Езуса, каб засудзіць Яго на сьмерць, але не знаходзілі.
Бо шмат было хвальшывых сьветак на Яго, але сьветчаньні іхныя ня былі згодныя.
Бо многа фальшыва сьведчылі супраць Яго, але іх сьведчаньні не зыходзіліся.
Тады некатрыя, устаўшы, хвальшыва сьветчылі на яго, кажучы:
І некаторыя, падняўшыся, фальшыва сьведчылі супраць Яго, кажучы:
«Мы чулі, што Ён казаў: "Я абуру Дом Божы гэты, рукамі зроблены, і за тры дні іншы, ня рукамі зроблены, пастанаўлю"».
"Мы чулі, як Ён казаў: "Развалю гэту сьвятыню, пабудаваную рукамі, а па трох днях збудую іншую, якая будзе не рукамі пабудавана".
Але й гэта сьветчаньне іхнае ня было згоднае.
Але і іх сьведчаньні не зыходзіліся.
Тады найвышшы сьвятар стаў пасярод і пытаўся ў Ісуса, кажучы: «Не адказуеш Ты нічога, што гэтыя на Цябе сьветчаць?»
І першасьвятар, стаўшы пасярэдзіне, спытаўся ў Езуса: "Чаму нічога не адказваеш, што яны Табе закідаюць?"
Але Ён маўчэў і нічога не адказаў. Ізноў найвышшы сьвятар папытаўся ў Яго і сказаў Яму: «Ці Ты Хрыстос, Сын Дабраславёнага?»
Езус жа маўчаў і нічога не адказваў. Тады першасьвятар спытаўся Яго, кажучы: "Ці Ты — Хрыстос, Сын Багаслаўленага?"
І Ісус сказаў: «Я; і вы абачыце Сына Людзкога, на правіцы Моцы седзячага і прыходзячага ў булакох нябёсных».
Езус сказаў яму: "Я ёсьць, і вы ўбачыце Сына Чалавечага, седзячага праваруч Магутнасьці ды прыходзячага ў воблаках нябесных".
Тады найвышшы сьвятар, разьдзершы адзецьце свае, сказаў: «Нашто яшчэ нам сьветкі?
І першасьвятар, разьдзіраючы адзеньне сваё, кажа: "Пашто патрэбны нам яшчэ сьведкі?
Вы чулі блявузґаньне. Як вам здаецца?» Яны ж усі прызналі, што Ён варты сьмерці.
Вы чулі блюзьнерства; што думаеце?" І яны ўсе прысудзілі, што Ён варты сьмерці.
І некатрыя пачалі пліваць на Яго, і закрываць яму відзеньне, і поўшыць, і казаць Яму: «Прарачы»; і слугі білі Яго далонямі.
І некаторыя пачалі на Яго пляваць і засланяць твар Яго ды біць кулакамі, кажучы, на Яму: "Праракуй!" І слугі білі Яго па твары.
І як Пётра быў далавах на панадворку, прышла адна з паслугачых найвышшага сьвятара
І калі Пётар быў на панадворку, на вуліцы, прыходзіць адна з служанак першасьвятара
І, абачыўшы Пётру, каторы грэўся, яна глянула на яго й сказала: «І ты быў зь Ісусам Назарэцкім».
і, убачыўшы Пятра, які грэўся, прыглядаючыся яму, кажа: "І ты быў з Езусам Назарэцкім?"
Але ён выперся, сказаўшы: «Ня ведаю і не разумею, што ты кажаш». І вышаў вонкі на пярэдні панадворак; і запяяў пятух.
Але ён запярэчыў, кажучы: "Але я ня ведаю, ані разумею, пра што ты гаворыш". І выйшаў на вонкі панадворку, і засьпяваў певень.
І паслугачая, абачыўшы яго, ізноў пачала гукаць тым, што стаялі там: «Гэты зь іх».
І служанка, зноў угледзеўшы яго, пачала казаць акружаючым: "Гэта адзін з іх".
І ён ізноў выперся. І крыху пасьлей, тыя, што стаялі там, ізноў сказалі Пётру: «Запраўды ты зь іх, бо ты Ґалілеянін, і мова твая падобная».
А ён паўторна адрокся. І небавам, тыя, што там стаялі, кажуць Пятру: "Ты запраўды з іх, бо ты — Галілеец".
Але ён пачаў клясьціся а бажыцца: «Я ня знаю чалавека, праз каторага вы гукаеце».
А ён пачаў клясьціся і прысягаць: "Ня ведаю гэтага чалавека, аб якім кажаце".
І якга другі раз пятух запяяў. І Пётра прыпомнеў слова, што Ісус казаў яму: «Уперад чымся пятух двойчы запяець, ты выпрашся Мяне трэйчы».
І адразу зноў засьпяваў певень. Тады Пётар успомніў словы, якія яму казаў Езус: "Раней чым двойчы засьпявае певень, ты тры разы вырачашся Мяне", і пачаў плакаць.