Марка 9 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

І сказаў ім: «Запраўды кажу вам: ё некатрыя із стаячых гэтта, што ніяк не паспытаюцца сьмерці, пакуль не абачаць гаспадарства Божага, у магутнасьці прыходзячага.
 
І далей казаў: "Сапраўды кажу вам: Некаторыя стаячыя тут не пакаштуюць сьмерці перш, чым будуць аглядаць Каралеўства Божае, прыходзячае ў моцы".

Дзён за шэсьць узяў Ісус Пётру, Якава а Яана, і ўзьвёў іх на гару высокую асобна адных, і адмяніўся перад імі.
 
І цераз шэсьць дзён Езус бярэ Пятра, і Якуба, і Яна, і вядзе іх адных на высокую гару. І перамяніўся перад імі.

І адзецьці Ягоныя сталі бліскучыя, вельмі белыя, як сьнег, як на зямлі ніякі бяленьнік ня можа выбяліць іх.
 
Адзеньне Яго пачало блішчэць і стала белымі, як сьнег, як на зямлі бялільшчык выбеліць ня зможа.

І зьявіўся да іх Ільля з Масеям, і яны мужавалі зь Ісусам.
 
І явіўся ім Гальяш з Майсеем, і гаварылі з Езусам.

І, адказуючы, Пётра сказаў Ісусу: «Раббі! добра нам тут быць; разапніма тры буданы: Табе адзін, Масею адзін і адзін Ільлі».
 
У адказ кажа Пётар Езусу: "Раббі, добра нам тут быць, зробім тры палаткі: Табе адну, і Майсею адну, і Гальяшу адну".

Бо ня ведаў, што адказаць, бо яны вельмі спалохаліся.
 
Сам бо ня ведаў, што гаворыць, бо надта быў спалоханы.

І зьявіўся булак, ахінаючы іх, і з булаку вышаў голас, кажучы: «Гэта Сын Мой любовы; Яго слухайце!»
 
І паявілася воблака, засланяючае іх, ды голас выйшаў з воблака, кажучы: "Гэта Сын Мой улюблены, Яго слухайце!"

І якга, глянуўшы навокал, нікога балей ня бачылі, апрача Ісуса аднаго із сабою.
 
І яны, зараз разгледзеўшыся, апрача Езуса нікога больш ня ўбачылі.

І як яны зыходзілі з гары, Ён расказаў ім, каб яны нікому не казалі праз тое, што бачылі, пакуль Сын Людзкі ня ўскрэсьне зь мертвых.
 
І калі зыходзілі з гары, загадаў ім Езус, каб нікому не расказвалі, што бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсьне.

І гэтае слова дзяржалі ў сябе, сьперачаючыся адзін із адным, што знача: «ускрэсьці зь мертвых».
 
І яны стрымалі слова, толькі між сабой разважалі, што мела значыць "Уваскрэсьне".

І пыталіся ў Яго, кажучы: «Чаму кніжнікі кажуць, што Ільля мае пярвей прысьці?»
 
Дык пыталі Езуса: "Чаму кніжнікі кажуць, што трэба, каб перш прыйшоў Гальяш?"

І Ён, адказуючы, сказаў ім: «Ільля запраўды прыйдзе пярвей і аднове ўсе; і як напісана праз Сына Людзкога, што мае шмат цярпець, і замеюць Яго за нішто.
 
А Ён адказаў ім: "Гальяш, калі прыйдзе перш, направіць усё; і як напісана аб Сыне Чалавечым, будзе шмат цярпець і будзе пагарджаны.

Але кажу вам, што й Ільля прышоў, і зрабілі яму, што хацелі, як напісана празь яго».
 
Але Я вам кажу: І Гальяш прыйшоў, і з ім зрабілі, як хацелі, як аб ім напісана".

І, прышоўшы да вучанікаў, абачылі вялікі груд навокал іх і кніжнікаў, што сьперачаліся зь імі.
 
І, вяртаючыся да вучняў, убачылі вакол іх вялікі натоўп кніжнікаў, спрачаючыхся з імі.

І зараз, абачыўшы Яго, увесь груд зумеўся, і, падбягаючы, віталі Яго.
 
Убачыўшы Езуса, увесь народ зьдзівіўся і стрывожыўся, і, падбягаючы, вітаў Яго.

Ён папытаўся ў кніжнікаў: «Праз што сьперачаецеся зь імі?»
 
І спытаўся ў іх: "Пра што спрачаецеся між сабой?"

І адзін із груду, адказуючы, сказаў: «Вучыцелю, я прывёў да Цябе сына свайго, у каторага дух нямоты.
 
І нехта з натоўпу сказаў: "Вучыцель, я прывёў да Цябе сына майго, які мае духа нямога.

І йдзелень імае яго, дзярэць яго, і ён пушчае пену, і скрыгоча зубамі сваімі, і сохне. І казаў я вучанікам Тваім, каб яны выгналі яго, і яны не маглі».
 
І ён, дзе наваліцца на яго, кідае яго на зямлю, і пеніцца ён, і скрыгоча зубамі ды пруцянее. Дык прасіў вучняў Тваіх, каб яго выгналі, але яны не маглі".

Адказуючы яму, сказаў: «О родзе няверны! пакуль буду з вамі? пакуль буду цярпець вас? прывядзіце яго да Мяне».
 
Ён жа ў адказ кажа ім: "О родзе няверлівы, дакуль буду Я між вас? Як доўга буду вас цярпець? Прынясіце яго да Мяне".

І прывялі яго да Яго; і як ён абачыў Яго, якга дух турзаў яго; і ён паваліўся на зямлю, і качаўся, пушчаючы пену.
 
І прынесьлі яго. І калі ён убачыў Езуса, зараз жа дух пачаў ім тузаць ды, кінуўшы на зямлю, качаў яго, выціскаючы пену.

І папытаўся ў вайца ягонага: «Як даўно гэта сталася зь ім?» Ён сказаў: «З маленства.
 
І запытаўся ў бацькі: "Як даўно гэта яму здарылася?" А ён сказаў: "Ад дзяцінства;

І шмат разоў дух кідаў яго ў вагонь і ў ваду, каб загубіць яго; але, калі што можаш, памажы нам, зжалься над намі».
 
і часта кідаў яго ў агонь і ў ваду, каб яго загубіць, але, калі можаш, ратуй нас, зжалься над намі".

Ісус сказаў яму: «Калі можаш верыць, усе магчыма верачаму».
 
Езус сказаў яму: "Калі можаш". Усё магчыма веручаму".

І якга айцец дзяцюкоў гукнуў ізь сьлязьмі: «Веру, Спадару! памажы маёй няверы».
 
Тады бацька хлопца, плачучы, сказаў у голас: "Веру, дапамажы майму недаверству".

Ісус, бачачы, што зьбягаецца гурба, зганіў духа нячыстага, кажучы яму: «Немы й глухі душа! Я расказую табе, выйдзі зь яго і наперад ня ўходзь у яго».
 
І калі Езус убачыў, што набягае натоўп людзей, забараніў нячыстаму духу, кажучы яму: "Духу глухі і нямы! Я загадваю табе, выйдзі з яго і больш не ўваходзь у яго".

І, крыкнуўшы а шмат разоў турзануўшы яго, вышаў; і ён быў, бы мертвы, так што шмат хто казаў: «Ён памер».
 
І той, крычучы і моцна тузаючы ім, выйшаў з яго. І (хлопец) зрабіўся як мёртвы, так што многія гаварылі, што ён памёр.

Але Ісус, узяўшы яго за руку, падняў яго, і ён устаў.
 
Езус жа, узяўшы яго за руку, падняў яго, і ён устаў.

І, як увыйшоў у дом, вучанікі Ягоныя асобна пыталіся ў Яго: «Чаму мы не маглі выгнаць яго?»
 
І калі Езус вярнуўся дамоў, вучні Ягоныя ўжо адны пыталіся ў Яго: "Чаму мы не маглі яго выгнаць?"

І сказаў ім: «Гэты род ня можа высьці ад нічога, адно ад малітвы а посту».
 
І Ён сказаў ім: "Гэты род ніяк ня можа выйсьці, адно толькі праз малітву і пост".

І, вышаўшы стуль, праходзілі пераз Ґалілею; і Ён не хацеў, каб хто ведаў.
 
І, выйшаўшы адтуль, праходзілі праз Галілею, і Езус не хацеў, каб хто пра гэта ведаў.

Бо навучаў вучанікаў Сваіх і казаў ім, што Сын Людзкі будзе выданы ў рукі людзкія, і заб’юць Яго, і па забіцьцю на трэйці дзень ускрэсьне.
 
Бо навучаў вучняў сваіх і казаў ім: "Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі людзей і заб'юць Яго, але забіты праз тры дні ўваскрэсьне".

Але яны не разумелі гэтага слова і баяліся пытацца ў Яго.
 
Але яны словаў гэтых не разумелі ды баяліся Яго пытацца.

І прышлі да Капернауму; і, будучы ў доме, папытаўся ў іх: «Праз што вы сьперачаліся мяжсобку ў дарозе?»
 
І прыбылі ў Кафарнаўм. І калі былі ў доме, спытаўся іх Езус: "Аб чым вы ў дарозе разважалі?"

Але яны маўчэлі, бо ў дарозе сьперачаліся мяжсобку, хто найвялікшы.
 
Але яны маўчалі, бо ў дарозе спрачаліся паміж сабой, хто з іх найбольшы.

І, сеўшы, гукнуў двананцацёх, і сказаў ім: «Калі хто хоча быць першы, няхай будзе з усіх апошні і ўсіх слугою».
 
І Езус, сеўшы, паклікаў Дванаццаць, і кажа ім: "Калі хто хоча быць першым, будзь з усіх апошнім ды ўсіх слугою".

І, узяўшы дзецянё, пастанавіў яго сярод іх, і, абняўшы яго, сказаў ім:
 
І, узяўшы дзіця, паставіў яго паміж іх, ды, прытуліўшы яго, сказаў ім:

«Хто прыйме адно з гэтых дзяцей у імя Мае, Мяне прыйме; а хто прыйме Мяне, не Мяне прыйме, але таго, хто паслаў Мяне».
 
"Калі хто ў імя Маё прыйме адно з такіх дзяцей, Мяне прыймае, а хто Мяне прыймае, дык не Мяне прыймае, але Таго, хто Мяне паслаў".

І Яан адказаў Яму, кажучы: «Вучыцелю! мы бачылі аднаго, каторы выганяе нячысьцікаў імям Тваім, а ён ня ходзе за намі; і забаранілі яму, бо ня ходзе за намі».
 
Сказаў Яму Ян: "Вучыцель, мы бачылі некага, які ў імя Тваё выганяў дэманаў, і мы забаранілі яму, бо ня ходзіць з намі".

Ісус жа сказаў: «Не бараніце яму, бо ніхто, што ўчыне магучы ўчынак у імя Мае, ня можа ўборзьдзе гукаць блага на Мяне.
 
Езус жа кажа: "Не забараняйце яму, бо ніхто, хто чыніць цуды у імя Маё, ня можа зараз жа блага гаварыць пра Мяне.

Бо хто ня супроці нас, тый з намі.
 
Бо хто ня супраць нас, той з намі.

І хто дасьць вам піць коўню вады ў імя Мае, затым што вы Хрыстовы, запраўды кажу вам, ніяк ня страце заплаты свае.
 
Бо хто падасьць вам кубак вады напіцца ў імя Маё, таму што вы — Хрыстовыя, сапраўды кажу вам, ня страціць заплаты сваёй.

А хто спадманець аднаго з малых гэтых, што вераць у Мяне, вале й было б таму, калі б павесілі яму жоран на шыю і кінулі яго ў мора.
 
А хто згоршыць аднаго з гэтых малых, веручых у Мяне, такому лепш было б прычапіць млынавы камень на шыю яго і кінуць у мора.

А калі спакушае цябе рука твая, адатні яе: валей табе калекаму ўвыйсьці ў жыцьцё, чымсязь дзьвюма рукамі ўвыйсьці ў Ґегенну, у вагонь няўгасны,
 
І калі рука твая горшыць цябе, адсячы яе. Бо лепш табе калекаю ўвайсьці ў жыцьцё, чым, маючы абедзьве рукі, папасьці ў пекла, у агонь нязгасны,

Ідзе чарвяк іх ня здыхае, і агонь ня гасьне
 
дзе чарвяк іх не памірае ды агонь не згасае.

І калі нага твая спакушае цябе, адатні яе: валей табе ўвыйсьці ў жыцьцё кульгаваму, чымся зь дзьвюма нагамі быць укіненым у пеклу, у вагонь няўгасны,
 
І калі нага твая згаршае цябе, адсячы яе. Лепш табе храмому ўвайсьці ў жыцьцё, чым, маючы абедзьве нагі, быць укінутым у пекла,

Ідзе чарвяк іх ня здыхае, і агонь ня гасьне.
 
дзе чарвяк іх не памірае ды агонь не згасае.

І калі вока твае спакушае цябе, вырві яго: валей табе з адным вокам увыйсьці ў гаспадарства Божае, чымся з двума ачыма быць укіненым у пеклу агняную,
 
І калі вока тваё горшыць цябе, выдзяры яго, бо лепш табе ўвайсьці ў Каралеўства Божае аднавокім, чым, маючы двое вачэй, быць укінутым у пекла,

Ідзе чарвяк іх ня здыхае, і агонь ня гасьне.
 
дзе чарвяк іх не памірае ды агонь не згасае.

Бо кажны агнём пасоліцца, кажны аброк сольлю пасоліцца.
 
Бо кожны будзе агнём пасолены.

Соль — добрая; але, калі соль не салоная стане, чым вы яе пасоліце? Майце ў сабе соль, і супакой майце мяжсобку».
 
Соль добрая, а калі соль зьвятрэе, дык чым яе прыправіць? Мейце ў сабе соль і супакой мейце між сабою".