Марка 2 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

І ўзноў прышоў Ён да Капернауму за колькі дзён; і пачулі, што Ён у доме.
 
І па некалькіх днях зноў Езус наведаў Кафарнаўм, і людзі пачулі, што Ён у доме.

Зараз зьберлася шмат, ажно ўжо й ля дзьвярэй ня было месца; і Ён казаў ім слова.
 
І зыйшлося такое мноства, што нават пры дзьвярах не маглі памясьціцца, і казаў ім слова.

І прышлі да Яго, нясучы хворага на паляруш, каторага чатырох несьлі.
 
І прыйшлі да Яго са спараліжаваным, каторага несьлі чатырох.

І, як не маглі прынесьці да Яго з прычыны груду, раскрылі страху, ідзе Ён быў, і, адкрыўшы, спусьцілі ложак, на каторым ляжаў паляржаваны.
 
І калі дзеля натоўпу не маглі яго паднесьці да Езуса, дык раскрылі дах там, дзе Ён быў, і, зрабіўшы дзіру, спусьцілі насілкі, (пасьцель) на каторых ляжаў спараліжаваны.

Як Ісус абачыў веру іхную, Ён сказаў паляржаванаму: «Дзяцё, дараваны табе грахі твае».
 
А калі Езус убачыў іхнюю веру, кажа спараліжаванаму: "Сыне, адпушчаюцца табе грахі твае".

Тут сядзелі некатрыя з кніжнікаў і разважалі ў сэрцах сваіх:
 
Былі ж там некаторыя кніжнікі, каторыя сядзелі і думалі ў сэрцы сваім:

«Чаму Ён так гукае — блявузґае? хто можа дараваць грахі, толькі адзін Бог?»
 
"Што Ён кажа? Блявузгае! Хто можа адпушчаць грахі, калі ня сам Бог?"

Ісус, якга пазнаўшы ў Духу Сваім, што яны так разважаюць у сабе, сказаў ім: «Чаму гэтак разважаеце ў сэрцах сваіх?
 
А Езус, адразу пазнаўшы сваім духам, што яны так думалі, сказаў ім: "Пра што думаеце ў сэрцах вашых?

Што лацьвей? ці сказаць паляржаванаму: "Даруюцца табе грахі"? ці сказаць: "Устань, вазьмі ложак свой і хадзі"?
 
Што лягчэй сказаць спараліжаванаму: "Адпускаюцца табе грахі", ці мо: "Устань, вазьмі насілкі свае і хадзі".

Але каб вы ведалі, што ўладу мае Сын Людзкі дараваць грахі на зямлі, (кажа паляржаванаму:)
 
Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпушчаць грахі, — кажа спараліжаванаму, -:

Табе кажу: устань, вазьмі ложак свой і йдзі да дому свайго».
 
Табе кажу: Устань, вазьмі насілкі твае і вяртайся ў дом твой".

І ўстаў, і, якга ўзяўшы ложак, вышаў перад усімі, так што ўсі зумяваліся й славілі Бога, кажучы: «Ніколі нічога такога мы ня бачылі».
 
Дык ён адразу ўстаў і, узяўшы насілкі, пайшоў на дзіва ўсім, каторыя славілі Бога, кажучы: "Мы такога ніколі ня бачылі".

І вышаў ізноў над мора; і ўвесь груд пайшоў да Яго, і Ён вучыў іх.
 
І Езус зноў выйшаў да мора, а ўвесь натоўп людзей пайшоў да Яго, і Ён навучаў іх.

Праходзячы, абачыў Ён Лева Алфеявага, што сядзеў ля збору мыта, і кажа яму: «Ідзі за Імною». І, устаўшы, пайшоў за Ім.
 
І калі праходзіў, убачыў Левія Альфеявага, седзячага на мытні, дык кажа яму: "Ідзі за Мной!" І ён, падняўшыся, пайшоў за Ім.

І сталася, як Ісус узьляжаў за сталом у доме ягоным, што й шмат якія мытнікі а грэшнікі ўзьляжалі разам ізь Ісусам а з вучанікамі Ягонымі, бо шмат было, і яны йшлі за ім.
 
І здарылася, калі сядзеў пры стале ў доме ягоным, сядзела разам з Езусам і Яго вучнямі шмат мытнікаў і грэшнікаў. Было бо многа іх, і яны хадзілі за Ім.

Кніжнікі а фарысэі, абачыўшы, што Ён есьць із мытнікамі а грэшнікамі, гукалі вучанікам Ягоным: «Чаму Ён есьць а п’ець із мытнікамі а грэшнікамі?»
 
І кніжнікі фарысэйскія, бачачы, што Езус есьць з мытнікамі і грэшнікамі, казалі вучням Яго: "Чаму Ён есьць і п'е з мытнікамі і грэшнікамі?"

Пачуўшы, Ісус кажа ім: «Не здаровыя патрабуюць лекара, але хворыя. Я ня прышоў прыгукаць справядлівых, але грэшнікаў да каяты».
 
Пачуўшы гэта, Езус кажа ім: "Не здаровым патрэбен лекар, але тым, што хварэюць. Я прыйшоў клікаць не справядлівых, але грэшнікаў".

Вучанікі Яанавы а фарысэйскія поставалі. Прыходзяць і кажуць Яму: «Чаму вучанікі Яанавы а фарысэйскія постуюць, а твае вучанікі ня постуюць?»
 
Вучні Янавы і фарысэі пасьцілі. Дык прыходзяць да Яго ды кажуць: "Чаму вось вучні Янавы і фарысэйскія посьцяць, а Твае вучні ня посьцяць?"

І сказаў ім Ісус: «Ці могуць поставаць сынове вясельнага палацу, як малады зь імі? Пакуль ізь імі малады, яны ня могуць поставаць.
 
Адказаў ім Езус: "Ці ж могуць пасьціць госьці вясельля, пакуль малады з імі? Дакуль маюць жаніха ў сябе, ня могуць пасьціць.

Але настануць дні, калі адыймуць у іх маладога, і тады будуць поставаць таго дня.
 
А надыйдуць дні, калі жаніха забяруць ад іх, і тады будуць пасьціць ў тыя дні.

«Ніхто ня прышывае лапіка зь няваленага сукна да старога адзецьця, бо новапрышытае аддзярэцца ад старога, і дзірка будзе яшчэ большая.
 
Ніхто не прышывае латы з новага сукна да старога адзеньня, бо новая лата разьдзярэ старое адзеньне, і дзіра зробіцца большая.

Ніхто ня ільлець віна маладога ў скураныя мяхі старыя, бо маладое віно прарвець мяхі, і віно выцяча, і мяхі зглумяцца; але віно маладое надабе ліць у мяхі новыя».
 
Ніхто таксама не ўлівае маладога віна ў старыя мяхі, бо віно разарве мяхі, і віно выцячэ, і мяхі прападуць; таму маладое віно ўліваць трэба ў мяхі новыя.

І прылучылася Яму праходзіць у сыботу пераз засеяньні, і вучанікі Ягоныя дарогаю пачалі каласаваць.
 
Прыйшлося аднойчы Езусу ў суботу праходзіць праз палеткі, засеяныя збожжам. Вучні ж Ягоныя, ідучы наперадзе, пачалі зрываць каласы.

І фарысэі сказалі Яму: «Глянь, чаму яны робяць у сыботу, што бяспраўна?»
 
Дык фарысэі казалі Яму: "Вось, што робяць у суботу, гэта ж ня сьлед рабіць!"

Ён сказаў ім: «Няго ж вы ніколі ня чыталі, што зрабіў Давід, як меў патрэбу і быў выгаладніўшыся сам а бытыя зь ім?
 
Езус жа кажа ім: "Ці вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі быў у патрэбе і галодны, ды тыя, што з ім былі?

Як увыйшоў ён у дом Божы за найвышшага сьвятара Авафара, і еў букаткі пакладаныя, каторых ня меў права есьці ніхто, апрача сьвятароў, і даў таксама бытым ізь ім?»
 
Як увайшоў у дом Божы за Абіятара першасьвятара ды еў хлябы пакладныя, каторых нельга яму было есьці, а толькі сьвятарам, і поруч даў тым, што з ім разам былі?"

І сказаў ім: «Сыбота дзеля чалавека, а не чалавек дзеля сыботы.
 
Ды казаў ім: "Субота ўстаноўлена для чалавека, а не чалавек для суботы.

Затым Сын Людзкі ё Спадаром і сыботы».
 
Вось чаму Сын Чалавечы ёсьць Гаспадар суботы".