Выхад 11 разьдзел
Выхад
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2002
І сказаў СПАДАР Масею: «Яшчэ загубу адзіную Я навяду на Фараона а на Ягіпцян; просьле тога ён адпусьце вас адгэтуль. Як ён будзе адпушчаць вас, то канчальна а станаўко пажанець вас адгэтуль.
І сказаў Госпад Майсею: «Яшчэ адну плягу Я спашлю на фараона і на Эгіпет. Па гэтай плязе пусьціць ён вас, а нават змусіць вас выйсьці.
Кажы цяпер у вушы люду, і няхай кажны папросе ў бліжняга свайго, і кажная жонка ў бліжняй сваёй судзьдзя срэбнага а судзьдзя залатога».
Дык паведамі ўсяму народу патаемна, каб кожны мужчына ў суседа свайго, а кожная жанчына ў суседкі сваёй пазычылі залаты і серабраны посуд».
І даў СПАДАР ласку люду ў вачох Ягіпцян, дый гэты муж Масей быў вельмі вялікі ў зямлі Ягіпецкай, у вачох слугаў Фараонавых і ў вачох люду.
І Госпад даў народу мець спагаднасьць у вачах Эгіпцянаў, а Майсей таксама быў чалавекам паважаным ў зямлі Эгіпецкай слугамі фараона і ўсім народам.
І сказаў Масей: «Гэтак кажа СПАДАР: "А поўначы Я прайду пасярод Ягіпту.
І сказаў Майсей: «Гэта кажа Госпад: Апоўначы Я перайду праз Эгіпет,
І памрэць кажны пяршак у зямлі Ягіпецкай ад першака Фараонавага, каторы сядзіць на пасадзе сваім, да першака нявольніцы, каторая за жорнамі, і кажнага першака із статку.
і памрэ ўсё паршароднае ў зямлі Эгіпецкай, ад першароднага сына фараона, які сядзіць на сваім троне, аж да першароднага нявольніцы, каторая працуе пры жорнах, і ўсё першароднае жывёлы.
І будзе крык вялікі па ўсёй зямлі Ягіпецкай, што падобнага ня было і падобнага да яго не паўторыцца.
Тады ў-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай будзе вялікае бедаваньне, якога не было ніколі і якога ўжо болей ня будзе.
Але на сыноў Ізраелявых не пашаволе сабака языком сваім ад чалавека аж да статку, каб вы ведалі, што розьне СПАДАР памеж Ягіпцянаў і Ізраелцаў.
А ва ўсіх сыноў Ізраэля не забрэша сабака, ані на чалавека, ані на жывёлу, каб вы ведалі, як цудоўна аддзяляе Госпад Ізраэля ад Эгіпцянаў.
І зыйдуць усі слугі твае гэтыя да мяне, і паклоняцца імне, кажучы: ’Выйдзі ты і ўвесь люд, каторы ля ног тваіх’, і просьле гэтага я выйду"». І вышаў ад Фараона з гарачым гневам.
Тады прыйдуць усе слугі твае да мяне, і паклоняцца мне, і скажуць: «Выйдзі ты і ўвесь народ твой, каторы ідзе за табой». І потым я выйду». І выйшаў Майсей ад фараона з гневам вялікім.
І сказаў СПАДАР Масею: «Не паслухае вас Фараон, каб памнажыліся чудосы Мае ў зямлі Ягіпецкай».
І сказаў Госпад Майсею: «Не паслухае фараон вас, каб многія знакі сталіся ў зямлі Эгіпту».
І Масей і Аарон зрабілі ўсі гэтыя чудосы перад Фараонам; але закаляніў СПАДАР сэрца Фараонава, і ён не адпусьціў сыноў Ізраелявых ізь зямлі свае.
Майсей і Аарон учынілі ўсе гэтыя цуды перад фараонам, але Госпад закамяніў сэрца фараона, і ён не пусьціў сыноў Ізраэля зь зямлі сваёй.