Выхад 16 разьдзел

Выхад
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І крануліся зь Еліму, і прышла ўся грамада сыноў Ізраелявых на пустыню Цын, што меж Еліму й Сынаю, на пятнанцаты дзень другога месяца просьле выхаду ізь зямлі Ягіпецкае.
 
І выйшлі яны з Эліму, і ўся супольнасьць сыноў Ізраэля прыбыла ў пустыню Сін, якая знаходзіцца між Элімам і Сынаем, у пятнаццаты дзень другога месяцу ад іхняга выхаду зь зямлі Эгіпецкай.

І наракала ўся грамада сыноў Ізраелявых на Масея а Аарона на пустыні.
 
І пачала наракаць у пустыні ўся супольнасьць сыноў Ізраэля на Майсея і на Аарона.

І сказалі ім сынове Ізраелявы: «Валей бы мы памерлі ад рукі СПАДАРОВАЕ ў зямлі Ягіпецкай, як мы сядзелі ля гаршка зь мясам, як мы елі да насычэньня хлеба! бо вывялі вы нас на гэтую пустыню, каб прывесьці да сьмерці галадоўю грамаду гэту».
 
І сыны Ізраэля казалі ім: «Лепш бы мы паўміралі з рукі Госпада ў зямлі Эгіпецкай, калі сядзелі пры катлах зь мясам і калі мы елі хлеб удосталь. Навошта ты вывеў нас у гэтую пустыню, каб вынішчыць голадам усю супольнасьць?»

І сказаў СПАДАР Масею: «Вось, Я спушчу Вам, як дождж, хлеб ізь неба; і будзе выходзіць люд, і будзе зьбіраць што дня, колькі надабе на дзень, каб Імне выпрабаваць яго, ці будзе ён хадзіць у праве Маім, ці ня будзе.
 
І сказаў Госпад Майсею: «Вось, Я спашлю вам хлеб зь неба ў выглядзе дажджу; і хай народ выходзіць, і зьбірае кожны дзень паводле патрэбы дзённай. Гэтак хачу іх выспрабаваць, ці будуць яны хадзіць паводле Майго закону, ці не.

І будзе шостага дня: і прыгатуеце, што прынясуць, і будзе ўдвая супроці тога, па колькі зьбіралі дзень пры дню».
 
Але шостага дня хай згатуюць тое, што прынясуць, і хай гэта будзе ўдвая больш таго, што зьбіраюць яны штодзень».

І сказаў Масей а Аарон усім сыном Ізраелявым: «Вось, вечар, і вы пазнаеце, што СПАДАР вывеў вас ізь зямлі Ягіпецкае.
 
Дык Майсей і Аарон сказалі ўсім сынам Ізраэля: «Вечарам пазнаеце, што Госпад вывеў вас зь зямлі Эгіпецкай.

А вось, раніца, і вы абачыце славу СПАДАРОВУ, бо пачуў Ён нараканьне вашае на СПАДАРА; а мы што такое, што наракаеце на нас?»
 
На раніцы ўбачыце славу Госпада, бо Ён пачуў нараканьні вашыя супраць Госпада. Хто ж бо мы, што вы наракаеце на нас?»

І сказаў Масей: «Гэта будзе, як дасьць СПАДАР увечары вам мяса на ежу, а нараніцы хлеба насыціцца; бо СПАДАР пачуў нараканьне вашае, як вы наракалі на Яго; а мы што? не на нас нараканьне вашае, а на СПАДАРА».
 
І сказаў Майсей: «Вечарам дасьць вам Госпад мяса есьці, а раніцай дасыць хлеба ўдосталь, бо чуў Госпад нараканьні вашыя супраць Яго. Хто такія мы? Не на нас наракалі вы, але на Госпада!»

І сказаў Масей Аарону: «Скажы ўсёй грамадзе сыноў Ізраелявых: "Дабліжчася перад від СПАДАРОЎ, бо Ён пачуў нараканьне ваша"».
 
І сказаў Майсей Аарону: «Скажы ўсёй грамадзе сыноў Ізраэля: Станьце перад Госпадам, бо пачуў Ён нараканьні вашыя».

І як гукаў Аарон да ўсяе грамады сыноў Ізраелявых, то яны азірнуліся да пустыні, і во, слава СПАДАРОВА зьявілася ў булаку.
 
Калі вось Аарон гаварыў да ўсёй грамады сыноў Ізраэля, яны глянулі на пустыню, і вось, хвала Госпада зьявілася ім у воблаку.

І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
 
І прамовіў Госпад да Майсея ў гэтыя словы:

«Я пачуў нараканьне сыноў Ізраелявых; гукай ім, кажучы: "Адвячоркам будзеце есьці мяса, нараніцы пад’ясьце хлеба, і пазнаеце, што Я СПАДАР, Бог ваш"».
 
«Чуў Я нараканьні сыноў Ізраэля, дык скажы ім так: Вечарам будзеце есьці мяса, а раніцай наясьцёся хлеба. І даведаецеся, што Я — Госпад, Бог ваш».

І было ўвечары: узьняліся перапёлкі і ўкрылі табар, а нараніцы быў пласт расы наўкола табару.
 
І сапраўды, вечарам наляцела перапёлак, і накрылі яны табар, а назаўтра ляжала раса кругом табару.

І падняўся пласт расы, і во, на зьверху пустыні цянюсенькая луска, цянюсенькая, як шэрась на зямлі.
 
Калі адкрыўся паверх пустыні, тады паказалася нешта дробнае і зярністае, на падобнасьць шэрашы на зямлі.

І абачылі сынове Ізраелявы, і казалі адзін аднаму: «Ман гэта?» Бо ня ведалі, што гэта. І сказаў Масей ім: «Гэта хлеб, каторы СПАДАР даў вам на ежу.
 
Калі ўбачылі гэта сыны Ізраэля, пыталіся адзін аднаго: «Мангу?», бо ня ведалі, што гэта было. І сказаў ім Майсей: «Гэта хлеб, які даў вам Госпад на яду.

Во слова, што расказаў СПАДАР: "Зьбірайце зь яго кажны подле тога, колькі яму ізьесьці; па ґомору на галаву, подле ліку душаў, колькі ў яго ў будане, вазьміце"».
 
Гэта загадаў вам Госпад: Кожны з вас зьбярэ для сябе па сваёй патрэбе, па гамору на чалавека; па колькасьці душаў, што пражываюць у палатцы, возьмеце».

І зрабілі так сынове Ізраелявы, і зьберлі хто шмат, хто мала.
 
Так і зрабілі сыны Ізраэля, і сабралі адзін болей, другі меней.

І мералі ґоморам, і ня было лішніцы, хто зьбер шмат, і ня было нястачы ў тога, хто мала. Кажны зьбер подле тога, колькі яму зьесьці.
 
І мералі гаморам, і ў таго, хто сабраў многа, не было лішняга, а ў таго, хто сабраў мала, не было нястачы. І кожны сабраў, колькі яму зьесьці.

І сказаў ім Масей: «Ніхто не пакідай зь яго да раньня».
 
Пасьля сказаў ім Майсей: «Хай ніхто з гэтага не пакідае да раніцы».

Але не паслухалі яны Масея, і пакінулі зь яго некатрыя да раньня; з гэтае прычыны завяліся чэрві, і яно засьмярдзелася; і зазлаваўся на іх Масей.
 
Некаторыя не паслухалі яго, але пакінулі з гэтага да раніцы, і завяліся ў іх чэрві, і пачало сьмярдзець. І загневаўся на іх Майсей.

І зьбіралі яны рана нараніцы, кажны подле тога, колькі яму зьесьці; а як грэла сонца, то яно таяла.
 
І зьбіраў на раніцы кожны патрэбнае да яды, а калі сонца прыпякала, яно раставала.

І было шостага дня, што зьберлі хлеба ўдвая, па два ґоморы на аднаго; і прышлі ўсі начэльнікі грамады, і сказалі Масею.
 
У шосты ж дзень сабралі падвойную колькасьць яды, значыць, па два гаморы на чалавека. І сабраліся ўсе князі супольнасьці, і паведамілі Майсею.

І сказаў ім: «Гэта тое, што сказаў СПАДАР: супакой — сьвятая сыбота СПАДАРУ заўтра; што надабе пячы — пячыце, і што надабе варыць — варыце, а што застанецца, пакіньце сабе на схоў да раньня».
 
А ён жа сказаў ім: «Гэта вось тое, што сказаў Госпад: Заўтра супачынак, сьвятая субота Госпадава. Што маеце пячы — пячыце, што маеце варыць — варыце, а што застанецца — пакіньце на раніцу».

І пакінулі тое да раньня, як расказаў Масей, і яно не засьмярдзелася, і чарвей ня было ў ім.
 
І зрабілі так, як загадаў Майсей, і не згніло яно, і чарвяк не завёўся.

І сказаў Масей: «Ежча яго сядні, бо сядні сыбота СПАДАРУ; сядні ня знойдзеце яго на полю.
 
І сказаў Майсей: «Ешце гэта сягоньня, бо гэта субота Госпадава, і ніхто хай не выходзіць на поле.

Шэсьць дзён зьбірайце яго; а сёмага дня сыбота ня будзе ў ёй».
 
Шэсьць дзён зьбірайце, але ў сёмы дзень — субота Госпадава, і ня будзе нічога ў полі».

І было сёмага дня: вышлі з народу зьбіраць, і не знайшлі.
 
І надыйшоў сёмы дзень, і некаторыя зь людзей пайшлі зьбіраць, але нічога не знайшлі.

І сказаў СПАДАР Масею: «Пакуль будзеце адмаўляцца дзяржаць расказаньні Мае і правы Мае?
 
І сказаў Госпад Майсею: «Дакуль жа ня будзеце хацець спаўняць прыказаньні Мае і закон Мой?

Глядзіце, бо СПАДАР даў вам сыботу; затым Ён даець вам шостага дня хлеба двудзеннага: сядзіце кажны на куркішках, ніхто ня выходзь ізь месца свайго сёмага дня».
 
Бачыце, што Госпад даў вам суботу, і таму ў дзень шосты дае вам яды на два дні. Дзеля таго кожны з вас хай застанецца ў сябе, і ніхто хай не выходзіць зь месца свайго ў сёмы дзень».

І супачыў народ сёмага дня.
 
І сёмага дня народ сьвяткаваў суботу.

І назваў дом Ізраеляў імя яго нае: Манна; яна была як рыяндровае насеньне, белая, а смакам, як перапечка зь мёдам.
 
І назваў дом Ізраэля хлеб той «манна,» бо была яна белая, як зерне каляндравае, а смак мела як мёд.

І сказаў Масей: «Во, што расказаў СПАДАР: "Напоўніце ґомор на схоў у роды вашы, каб бачылі хлеб, каторым я жывіў вас на пустыні, як вывеў вас ізь зямлі Ягіпецкае"».
 
І сказаў Майсей: «Гэта загадаў Госпад: Напоўніце гамор (маннаю) і захавайце яго для будучых вашых пакаленьняў, каб аглядалі яны яду, якою карміў Я вас у пустыні па выхадзе вашым зь зямлі Эгіпецкай».

І сказаў Масей Аарону: «Вазьмі адну судзіну, і палажы ў яе поўны ґомор манны, і палажы яе перад СПАДАРОМ на схоў у роды вашы».
 
І сказаў Майсей Аарону: «Вазьмі начыньне і запоўні яго гаморам манны, і пакладзі яго перад Госпадам, каб захаваць яе для будучых пакаленьня вашых».

Як расказаў СПАДАР Масею, так палажыў яго Аарон перад Сьветчаньням на схоў.
 
І як загадаў Госпад Майсею, палажыў яе Аарон для захаваньня перад (каўчэгам) Сьведчаньня.

І сынове Ізраелявы елі манну сорак год, пакуль ня прышлі да зямлі асяленьня; манну елі яны, пакуль ня прышлі да канца зямлі Канаанскае.
 
А сыны Ізраэля елі манну сорак гадоў, пакуль не прыйшлі ў зямлю абжытую; елі яны манну, аж пакуль не прыбылі да межаў зямлі Ханаан.

А ґомор ё дзясятая часьць ефы.
 
А гамор — гэта дзесятая частка эфы.