Выхад 29 разьдзел

Выхад
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І во што маеш ты ўчыніць над імі, каб пасьвяціць іх сьвятарстваваць Імне: вазьмі адно цялёбычка з чарады і двух бараноў бяз гану,
 
Так будзеш пасьвячаць іх на сьвятароў Мне: вазьмі аднаго бычка і двух бараноў без заганы,

І хлябоў прэсных, і хлеб закрашаны прэсны, рашчынены на аліве, і пірагоў прэсных, памазаных аліваю; з мукі ценькае ўчыні іх.
 
і хлябы няквашаныя, і праснакі, запраўленыя алеем, і бондачкі прэсныя, памазаныя алеем. Сьпячэш іх з найчысьцейшай мукі пшанічнай.

І палажы іх у вадзін сутнік, дабліж іх у сутніку, і разам цялё і два бараны.
 
І, палажыўшы гэта ў кош, складзеш у ахвяру, таксама бычка і двух бараноў.

І Аарона а сыноў ягоных дабліж да ўходу ў будан збору, і абмый іх у вадзе.
 
А Аарона і сыноў яго прывядзеш да ўваходу ў Палатку Сустрэчы і абмыеш іх вадою.

І вазьмі адзецьці, і адзень Аарона ў хітон а ў рызу наплечніка а ў наплечнік а нагруднік, і паперажы яго шнюрком наплечніка.
 
Потым адзенеш Аарона ў ягоныя шаты, значыць, у споднюю шату, шату пад эфод, нагруднік, і прымацуеш яго поясам эфоду.

І ўзлажы мітру на галаву ягоную, і злажы карону сьвятасьці на мітру.
 
А ўсклаўшы яму кідар на галаву, памесьціш сьвятую дыядэму на кідары.

І вазьмі алівы памазаньня, і ўзьлі на галаву яму, і памаж яго.
 
Пасьля возьмеш алей памазаньня і выльеш яго на галаву яму, і памажаш яго.

І сыноў ягоных дабліж, і адзень іх у хітоны.
 
І прывядзеш таксама сыноў, і адзенеш іх у шаты льняныя, і падпярэжаш поясам,

І паперажы іх поясам, Аарона а сыноў ягоных, і прывяжы на іх турбаны, і будзе ім належыць сьвятарства подле ўставы вечнае; і напоўні рукі Ааронавы й сыноў ягоных.
 
і наложыш на іх мітры, і будуць яны Мне сьвятарамі па закону на вякі. І напоўніш рукі Аарона і сыноў яго.

І дабліж цялё перад будан збору, і ўзложаць Аарон а сынове ягоныя рукі свае на галаву цяляці.
 
Потым прывядзеш бычка перад Палатку Сустрэчы, і Аарон і сыны яго паложаць рукі на галаву бычка.

І зарэж цялё перад відам СПАДАРОВЫМ ля ўходу ў будан збору.
 
І заб'еш яго перад Госпадам пры ўваходзе ў Палатку Сустрэчы.

І вазьмі з крыві цяляці, і ўзлажы на рогі аброчніка палцам сваім, а ўсю кроў вылі на под аброчніка.
 
І, узяўшы крыху крыві таго бычка, памажаш пальцам рагі ахвярніка, а астатак крыві выльеш ў падставы ахвярніка.

І вазьмі ўвесь здор, што пакрывае патрыхі, і лой зь печанцоў, і абедзьве ныркі а тук, каторы на іх, і запалі на аброчніку.
 
А пазьбіраўшы тлустасьць, пакрываючую нутро, і сальнік, каторы на вантробе, і абедзьве ныркі, і тлушч на іх, спаліш гэта на ахвярніку.

А мяса цяляці, і скуру ягоную, і кал ягоны спалі на агню вонках табару. Гэта аброк за грэх.
 
А мяса бычка і яго скуру, і нячыстасьць спаліш ў агні па-за табарам. Гэта вось ахвяра за грэх.

І вазьмі аднаго барана, і ўзложаць Аарон а сынове ягоныя рукі свае на галаву барана.
 
Возьмеш потым аднаго барана, і Аарон і сыны яго паложаць рукі на галаву таго барана.

І зарэж барана, і вазьмі крыві ягонае, і пакрапі на аброчнік наўкола.
 
І заб'еш таго барана, і, узяўшы крыху крыві ягонай, пакрапіш кругом ахвярнік.

І барана расьсячы на кавалкі ягоныя, і вымый патрыхі ягоныя а галёнкі ягоныя, і палажы іх на расьсечаныя часьці ягоныя і на галаву ягоную.
 
І падзеліш барана на часткі, і, абмыўшы нутро яго і ногі, паложыш іх на іншых яго частках і на галаве.

І спалі ўсяго барана на аброчніку. Гэта ўсепаленьне СПАДАРУ, пах прыемны, аброк агняны СПАДАРУ.
 
І спаліш усяго таго барана на ахвярніку. Гэта ахвяра цэлапаленьня Госпаду, мілы пах, ахвяра, спальваная для Госпада.

І вазьмі другога барана, і ўзложаць Аарон а сынове ягоныя рукі свае на галаву барана.
 
А потым возьмеш другога барана, і Аарон і яго сыны ўзложаць рукі на галаву таго барана.

І зарэж барана, і вазьмі з крыві яго, і ўзлажы на кончык правага вуха Ааронавага і на кончык правага вуха сыноў ягоных, на вялікі палец правае рукі іхнае, і на вялікі палец правае нагі іхнае; пакрапі крывёў аброчнік наўкола.
 
І заб'еш барана, і ўзяўшы крыху яго крыві, памажаш ёю верх правага вуха Аарона і верх правага вуха яго сыноў, і вялікія пальцы правай іх рукі і нагі, і пакрапіш крывёй кругом ахвярніку.

І вазьмі з крыві, каторая на аброчніку, а алівы памазаньня, і пакрапі на Аарона а на адзецьці ягоныя, і на сыноў ягоных а на адзецьці сыноў ягоных ізь ім; і будуць пасьвячаны ён а адзецьці ягоныя, і сыны а адзецьці іхныя зь ім.
 
І возьмеш крыху крыві, каторая на ахвярніку, і алею да памазаньня, і пакрапіш Аарона і шаты ягоныя, і сыноў яго, і шаты іхнія, каб быў ён пасьвячаны разам з сваімі шатамі, а зь ім таксама сыны яго і шаты сыноў яго.

І вазьмі ад барана тук а хвост, і тук, што пакрывае патрыхі, і плеўку зь печанцоў, і абедзьве ныркі а тук, каторы на іх, правую лапатку, бо гэта баран пасьвячэньня.
 
І возьмеш тлушч барана, і хвост, і тлустасьць, пакрываючую нутро, і сальнік, каторы на вантробе, і абедзьве ныркі і тлушч, каторы на іх, і правае плячо, бо гэта баран пасьвячэньня,

І адну букатку хлеба, адзін пірог на аліве і адзін сачэнь із сутніку праснакоў, каторы перад СПАДАРОМ;
 
а таксама бохан хлеба і бондачку на алеі, і сухарык з каша праснакоў, каторыя перад Госпадам.

І палажы ўсе на далоні Аарону а на далоні сыном ягоным, і нахінай яго туды-сюды дзеля нахінанага аброку перад відам СПАДАРОВЫМ.
 
І ўсё гэта паложыш на далоні Аарона і на далоні яго сыноў, каб трэсьці іх перад Госпадам.

І вазьмі іх із рук іхных, і спалі на аброчніку з усепаленьням, на пах прыемны перад СПАДАРОМ; гэта агняны аброк СПАДАРУ.
 
І возьмеш гэта потым зь іхніх рук, і спаліш на ахвярніку як цэлапаленьне на мілы пах на віду Госпада. Гэта ахвяра агнявая для Госпада.

І вазьмі грудзіну з барана пасьвячэньня Ааронавага, і нахінай яе туды-сюды дзеля нахінанага аброку перад відам СПАДАРОВЫМ; і гэта будзе твая дзель.
 
І возьмеш грудзь барана, ахвяраванага на пасьвячэньне Аарона, і патрасеш яе перад Госпадам, і прыпадзе ён табе як частка твая.

І пасьвяці грудзіну нахінаньня і нахінаную лапатку дару, каторы ўзьнесены з барана пасьвячэньня, каторы Аарону і каторы сыном ягоным.
 
І пасьвяціш грудзь патрасаную і плячо падыманае з барана, што быў на пасьвячэньне Аарона і сыноў яго.

І будзе Аарону а сыном ягоным уставаю вечнай ад сыноў Ізраелявых; бо гэта — узьнесеньне, і ўзьнесеньне мае быць ад сыноў Ізраелявых із аброкаў іхных супакойных; узьнесеньне іхнае СПАДАРУ.
 
Мае гэта належаць як частка Аарону і сынам яго ад сыноў Ізраэля як закон вечны. Гэта вось дар сыноў Ізраэля зь іхніх ахвяраў прымірэньня, іхні дар Госпаду.

І адзецьці сьвятыя, каторыя Аарону, будуць сыном ягоным просьле яго, каб у іх памазаваць іх і напаўняць (пасьвячаць) імі рукі іхныя.
 
А шаты сьвятыя Аарона будуць па ім аддадзены сынам яго, і будуць яны ў іх ўбраныя, калі будуць памазаныя і пасьвячаныя.

Сем дзён мае адзявацца ў іх сьвятар із сыноў ягоных, каторы заступае месца ягонае, каторы будзе ўходзіць у будан збору служыць у сьвятыні.
 
Сем дзён будзе ў іх адзявацца той зь яго сыноў, каторы па ім стане сьвятаром, і будзе ўваходзіць да Палаткі Сустрэчы, каб спраўляць служэньне ў сьвятыні.

І барана пасьвячэньня возьмеш, і звары мяса ягонае на месцу сьвятым.
 
Возьмеш таксама барана, ахвяраванага пры пасвячэньні і пасьвячанага ў ахвяру, і зварыш яго мяса ў месцы Сьвятым,

І хай есьць Аарон а сынове ягоныя мяса барана гэтата і хлеб, каторы із сутніку, ля дзьвярэй будану збору.
 
і будуць есьці Аарон і яго сыны мяса барана і хлеб, каторы ў кашы, ля ўваходу ў Палатку Сустрэчы.

І хай яны ядуць іх, бо пераз гэта ўчынена ачышчэньне дзеля напаўненьня (пасьвячэньня) рук іхных, каб усьвяціць іх; чужы ня мае есьці, бо яны сьвятасьць.
 
І будуць есьці тое, што было перамаленьнем за іх, каб іх пасьвяціць і аддзяліць як сьвятых. Але ніхто з чужых ня будзе есьці яго, бо гэта рэч сьвятая.

І калі застанецца зь мяса напаўненьня (пасьвячэньня) і з хлеба да раньня, і спалі астачу на агню: ня маюць есьці яго, бо гэта сьвятасьць.
 
А калі засталося нешта зь мяса (ахвяры) пасьвячэньня або з хлеба да раніцы, тады трэба гэта спаліць у агні, і нельга гэтага есьці, бо гэта рэч сьвятая.

І ўчыні з Ааронам а із сынамі ягонымі подле ўсёга, што я расказаў табе: сем дзён будзеш напаўняць (пасьвячаць) рукі іхныя.
 
З Ааронам і сынамі яго ўчыні так ва ўсім, як Я табе загадаў; сем дзён будзе працягвацца пасьвячэньне.

І цялё за грэх абракай кажны дзень дзеля ачышчэньня, і ачысьціш аброчнік ад грэху, учыніўшы ачышчэньне за яго, і памажаш яго, каб усьвяціць яго.
 
І бычка складзеш у ахвяру за грэх кожны дзень на перамаленьне, і ачысьціш ахвярнік гэтаю ахвярай за грэх, і памажаш яго, каб яго ўсьвяціць.

Сем дзён чыні ачышчэньне за аброчнік і пасьвяці яго, і будзе аброчнік сьвятое сьвятых; што дакранецца да аброчніка, усьвяціцца.
 
Сем дзён ачышчай ахвярнік і асьвячай яго, і станецца ён сьвятыняй вялікай; усё, што дакранецца да ахвярніка, стане сьвятым.

Во што будзеш ты абракаць на аброчніку: два баранчыкі аднагодкі кажны дзень штачасна;
 
І гэта будзеш рабіць на ахвярніку: два гадавыя баранчыкі будзеш ахвяроўваць штодзень і пастаянна.

Аднаго баранчыка абракай нараніцы, а другога баранчыка абракай адвячоркам;
 
Аднаго баранчыка ахвяруеш нараніцы, а другога баранчыка ахвяруеш вечарам.

І дзясятую часьць ценькае мукі, таўчонай з аліваю чэцьверці гіна, а на ўзьліваньне чэцьверць гіна віна на аднаго баранчыка.
 
Да першага баранчыка дадасі дзесятую частку эфы найчысьцейшай мукі, запраўленай чацьвёртаю часткаю гіну выціснутага алею, а як вадкую ахвяру складзеш віно ў колькасьці чацьвёртай часткі гіну.

І другога баранчыка абракай адвячоркам падобна да ранічнага дару, і подле яго ўзьліваньне прыгатуй на пах прыемны, на агняны аброк СПАДАРУ, —
 
А другога баранчыка ахвяруеш вечарам з такой самай ахвярай зь ежы і такой самай ахвярай з вадкасьці як на раніцы, як мілы пах, ахвяру агнявую для Госпада.

Усепаленьне штачаснае ў родах вашых перад дзьвярмі будану збору перад СПАДАРОМ, ідзе буду сустракацца там із вамі, каб гутарыць із табою там.
 
Гэта будзе безупыннае цэлапаленьне, складанае ў пакаленьні вашыя ля ўваходу да Палаткі Сустрэчы перад Госпадам, дзе Я буду сустракацца з вамі, каб гаварыць з табою.

І буду сустракацца там із сынамі Ізраелявымі, і ўсьвяціцца яно славаю Маёю.
 
Там буду сустракацца з сынамі Ізраэля, і гэта месца будзе асьвечанае Маёй хвалаю.

І ўсьвячу будан збору і аброчнік; і Аарона а сыноў ягоных усьвячу, каб яны сьвятарствавалі Імне.
 
І Я асьвячу Палатку Сустрэчы і ахвярнік, асьвячу Аарона і сыноў яго, каб служылі Мне сьвятарамі.

І буду вітаць сярод сыноў Ізраелявых, і буду ім Богам.
 
І буду пражываць між сыноў Ізраэля, і буду ім Богам.

І пазнаюць, што Я СПАДАР, Бог іхны, каторы вывеў іх ізь зямлі Ягіпецкае, каб Імне вітаць сярод іх. Я СПАДАР, Бог іхны.
 
І пазнаюць яны, што Я — Госпад, Бог іхні, Каторы вывеў іх зь зямлі Эгіпецкай, каб заставацца паміж іх. Я — Госпад, Бог іх.