Выхад 18 разьдзел

Выхад
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І пачуў Ітро, сьвятар Мідзянскі, цесьць Масеяў, праз усе, што зрабіў Бог Масею а Ізраелю, люду Свайму, што вывеў СПАДАР Ізраеля зь Ягіпту;
 
Калі Етра, цесьць Майсея, сьвятар Мадыянскі, пачуў пра ўсё, што Бог учыніў для Майсея і для Ізраэля, народу Свайго, і што Госпад вывеў Ізраэля з Эгіпту,

І ўзяў Ітро, цесьць Масеяў, Цыпору, жонку Масеяву, каторую быў адаслаўшы,
 
дык узяў Цыпору, жонку Майсея, каторую той раней вярнуў,

І двух сыноў ейных, з каторых аднаго імя Ґершон, бо казаў Масей: «Прыходным быў я ў зямлі чужой»;
 
і двух сыноў ягоных, з каторых адзін зваўся Гершон, бо сказаў (Майсей): «Я — прыхадзень у зямлі чужой»,

А імя аднаго Елезэр, бо казаў ён: «Бог айца майго помачай маёй і выбавіў мяне ад мяча Фараонавага».
 
а другі зваўся Эліезэр, бо казаў: «Бог бацькі майго быў ўспаможцам маім і ўратаваў мяне ад мяча фараонавага».

І прышоў Ітро, цесьць Масеяў, і сыны ягоныя, і жонка ягоная да Масея на пустыню, ідзе ён разьлёгся ля гары Божае,
 
І прыйшоў Етра, цесьць Майсеяў, і сыны ягоныя, і жонка ягоная да Майсея ў пустыню, дзе быў ён разлажыўшыся табарам каля гары Божай,

І сказаў Масею: «Я цесьць твой, Ітро, прышоў да цябе, і жонка твая, і два сыны ейныя зь ёю».
 
і сказаў паведаміць Майсею: «Я, цесьць твой Етра, прыходжу да цябе, і жонка твая, і два сыны твае разам зь ёй».

І вышаў Масей напярэймы сьцю свайму, і пакланіўся, і пацалаваў яго, і пыталіся адзін у ваднаго, як маюцца, і ўвыйшлі ў будан.
 
І выйшаў Майсей на спатканьне цесьця свайго, і пакланіўся, і пацалаваў яго, і прывіталіся яны словамі мірнымі, і ўвайшлі ў палатку,

І расказаў Масей сьцю свайму праз усе, што зрабіў СПАДАР Фараону а Ягіпцянам за Ізраеля, і праз усе цяжкасьці, каторыя стрэлі іх на дарозе, і што выбавіў іх СПАДАР.
 
І Майсей расказаў цесьцю свайму ўсё, што зрабіў Госпад фараону і Эгіпцянам дзеля Ізраэля, і пра ўсякія цяжкасьці, якія перажылі ў дарозе, і як вызваліў іх Госпад.

І радаваўся Ітро з усёга дабра, каторае СПАДАР учыніў Ізраелю, як выбавіў яго з рукі Ягіпцян.
 
І радаваўся Етра з дабрадзействаў, якія ўчыніў Госпад Ізраэлю, і з таго, як вырваў яго з рук Эгіпцянаў.

І сказаў Ітро: «Дабраславёны СПАДАР, Каторы выбавіў вас з румі Ягіпцян а з рукі Фараонавае, Каторы выбавіў народ гэты з пад рукі Ягіпцян.
 
І сказаў ён: «Дабраслаўлены Госпад, Каторы вызваліў вас з рук Эгіпцянаў ды з рукі фараона.

Цяпер ведаю я, што СПАДАР вялікі над усі багі ў тым, у чым яны наўмысьля грашылі супроці іх».
 
Цяпер я переканаўся, што Госпад магутнейшы за ўсіх багоў, таму што вырваў народ з рук Эгіпцянаў, каторыя пагарджалі ім «.

І ўзяў Ітро, цесьць Масеяў, усепаленьне а аброкі Богу; і прышоў Аарон і ўсе старцы Ізраелявы есьці хлеб ізь сьцём Масеявым перад Богам.
 
Дык Етра, цесьць Майсея, склаў Богу цэлапаленьні і ахвяры, а Аарон і ўсе старшыні Ізраэля прыйшлі і елі хлеб зь ім на віду Бога.

І было назаўтрае: і сеў Масей судзіць люд, і стаяў люд перад Масеям з раньня да вечара.
 
Назаўтра сеў Майсей судзіць народ, які стаяў перад Майсеям ад раніцы да вечара.

І бачыў цесьць Масеяў усе, што ён робе люду, і сказаў: «Што гэта такое, што ты робіш ізь людам? Чаму ты сядзіш адзінюсенькі, а ўвесь люд стойма стаіць перад табою з раньня да вечара?»
 
Калі цесьць Майсея ўбачыў усё, што ён робіць з народам, сказаў яму: «Чаму ты сам адзін займаешся справамі народу? Чаму ты сам судзіш, а ўвесь народ мусіць стаяць перад табой ад раніцы да вечара?»

І сказаў Масей сьцю свайму: «Бо прыходзе люд да мяне пытацца ў Бога.
 
І Майсей адказаў свайму цесьцю: «Народ прыходзіць да мяне даведацца рашэньня Божага.

Як маюць якую справу, яны прыходзяць да мяне, і я рассуджаю меж чалавека й прыяцеля ягонага, і абяшчаю ўставы Божыя а правы Ягоныя».
 
Калі паміж імі ўзьнікае спрэчка, прыходзяць да мяне як да судзьдзі паміж імі, а я ім аб'яўляю прыказаньні Божыя і Яго законы».

І сказаў цесьць Масеяў яму: «Ня добры гэта парадак, ямім ты робіш.
 
І сказаў цесьць Майсею: «Нядобра ты робіш.

Чыста высілішся й ты і люд гэты, што з табою; бо лішне цяжкая гэтая справа: ты ня можаш рабіць яе адзінюсенькі.
 
Мучаешся сам і мучаеш народ гэты, які з табой. Па-над сілы твае гэты занятак, сам адзін ня зможаш зь ім справіцца.

А цяпер паслухай голасу майго; я дам табе раду, і будзе Бог із табою: будзь ты за люд перад Богам і падавай Богу справы.
 
Цяпер паслухай словаў маіх і рады маёй, і хай будзе Бог з табой: Ты сам будзь прадстаўніком свайго народу перад Богам, і выяўляй Богу яго справы,

І перасьцерагай іх праз уставы а правы, абяшчай ім дарогу, па каторай яны маюць ісьці, і ўчынкі, каторыя яны маюць рабіць.
 
і навучай народ прыказаньням, і законам, і дарозе, якою павінны ісьці, і справам, якія маюць рабіць.

І ты ж выглядзі з усёга люду людзёў здольных, багабойлівых, людзёў праўдзівых, ненавідзячых прагавітасьць, і пастанаві над ім начэльнікаў над тысячамі, начэльнікаў над сотнямі, начэльнікаў над пяцьдзясяткамі а начэльнікаў над дзесяткамі.
 
Але знайдзі сабе з усяго народу людзей здольных і багабаязных, і справядлівых, і ненавідзячых хцівасьць; і ўстанаві зь іх начальнікаў над тысячаю, над сотняю, над пяцьдзесяткай, і над дзесяткай людзей,

І няхай яны судзяць люд у кажным часе; і станецца, што кажную вялікую справу прынясуць табе, а ўсі малыя справы судзяць самы: і будзе табе лягчэй, і яны панясуць цяжар із табою.
 
каб маглі яны судзіць людзей у кожны час. Важнейшыя справы павінны табе прадстаўляць, а справы малаважныя самі павінны ладзіць. Табе будзе лягчэй, дык падзяліся зь імі цяжарам.

Калі гэта зробіш, і Бог раскажа табе, то ты зможаш вытрываць, і таксама ўвесь люд гэты прыдзе на свае месца ў супакою».
 
Калі тое зробіш, споўніш прыказаньні і волю Божую, і зможаш устаяць, а людзі задаволеныя вернуцца да сябе».

І паслухаў Масей голасу сьця свайго, і зрабіў усе, што ён казаў.
 
І паслухаўся Майсей парады цесьця, і зрабіў усё, што той яму сказаў.

І абраў Масей здольных людзёў з усёга Ізраеля, і прызначыў іх галоўнымі над людам, начэльнікамі над тысячамі, сотнямі, пяцьдзясяткамі а дзесяткамі.
 
І выбраў сабе Майсей зь Ізраэля мужоў здольных, і зрабіў іх загадчыкамі народу, начальнікамі над тысячаю, над сотняю, над пяцідзесяцёма і над дзесяцёма людзьмі,

І судзілі яны люд у кажным часе, цяжкую справу прыносілі Масею, а ўсякую малую справу судзілі самы.
 
каб яны судзілі народ у кожны час. А калі што важнейшае было, адклікаліся да яго, меншыя ж справы самі судзілі.

І адпусьціў Масей сьця свайго, і ён пайшоў да зямлі свае.
 
І адправіў Майсей цесьця свайго, і ён вярнуўся ў сваю зямлю.