1 Яна 4 разьдзел
Першае пасланьне Яна
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
Умілаваныя! ня кажнаму духу верце, але спробуйце духоў, ці ад Бога яны, бо шмат хвальшывых прарокаў зьявілася на сьвеце.
Улюбёныя! Не кожнаму духу верце, але выпрабоўвайце духаў, ці яны ад Бога, бо прыйшло ў свет многа фальшывых прарокаў.
Духа Божага пазнавайце гэтак: кажны дух, каторы вызнавае Ісуса Хрыста, прышлага ў целе, ёсьць ад Бога;
Па гэтым пазнаеце Духа Божага: кожны дух, які вызнае, што Ісус Хрыстос прыйшоў у целе, ёсць ад Бога,
А кажны дух, што не вызнавае Ісуса Хрыста, прышлага ў целе, ня ёсьць ад Бога, але гэта дух антыхрыстаў, праз каторага вы чулі, што ён прыходзе, і цяпер ёсьць ужо на сьвеце.
а кожны дух, які не вызнае Ісуса Хрыста, Які прышоў у целе, не ёсць ад Бога, але гэта дух антыхрыста, які, як вы чулі, надыходзіць і ўжо цяпер ёсць у свеце.
Дзеткі, вы з Бога, і перамаглі іх; бо вялікшы Тый, хто ў вас, за тога, хто на сьвеце.
Вы, дзеткі, ад Бога і перамаглі іх, бо Той, Хто ў вас, большы за таго, хто ў свеце.
Яны ізь сьвету, затым і гукаюць празь сьвет, і сьвет слухае іх.
Яны — ад свету, таму гавораць так, як свет, і свет іх слухае.
Мы ад Бога: хто знае Бога, слухае нас; хто ня знае Бога, ня слухае нас. З гэтага пазнаем духа праўды й духа аблуду.
Мы — ад Бога. Той, хто ведае Бога, слухае нас; хто не ад Бога, не слухае нас. Такім чынам пазнаем духа праўды і духа падману.
Умілаваныя! Мілуйма адзін аднаго, бо міласьць ад Бога, і кажны, хто мілуе, з Бога нарадзіўся й знае Бога;
Улюбёныя, будзем любіць адзін аднаго, бо любоў ад Бога і кожны, хто любіць, нарадзіўся ад Бога і ведае Бога.
Хто ня мілуе, тый не пазнаў Бога, бо Бог ё міласьць.
А хто не любіць, не пазнаў Бога, бо Бог ёсць любоў.
У тым міласьць Божая да нас аб’явілася, што Бог паслаў на сьвет адзінароджанага Сына Свайго, каб мы жылі перазь Яго.
У гэтым выявілася любоў Бога да нас, што Бог паслаў Сына Свайго Адзінароднага ў свет, каб мы жылі праз Яго.
У тым міласьць, ня што мы ўмілавалі Бога, але што Ён умілаваў нас і паслаў Сына Свайго на залашчаньне за грахі нашы.
Любоў у тым, што не мы палюбілі Бога, але што Ён палюбіў нас ды паслаў Сына Свайго ва ўміласціўленне за нашы грахі.
Умілаваныя! калі Бог так умілаваў нас, мы таксама маем мілаваць адзін аднаго.
Улюбёныя, калі Бог нас так палюбіў, дык і мы мусім любіць адзін аднаго.
Бога ніхто ніколі ня бачыў. Калі мы мілуем адзін аднаго, дык Бог перабывае ў нас, і міласьць Ягоная дасканаліцца ў нас.
Бога не бачыў ніхто ніколі; калі мы любім адзін аднаго, дык Бог трывае ў нас; і любоў Яго дасканалая ў нас.
З тога пазнаем, што мы перабываем у Ім, а Ён у нас, што Ён даў нам із Духа Свайго.
Што мы трываем у Ім, а Ён — у нас, пазнаём па тым, што Ён даў нам Духа Свайго.
І мы бачылі й сьветчылі, што Айцец паслаў Сына, Спаса сьвету.
Мы, вось, бачылі і сведчым, што Айцец паслаў Сына Збаўцам свету.
Хто вызнавае, што Ісус ё Сын Божы, у тым перабывае Бог, і ён у Богу.
Хто вызнае, што Ісус ёсць Сын Божы, у тым трывае Бог, і ён — у Богу.
І мы пазналі і ўверылі ў міласьць, каторую Бог мае да нас. Бог ё міласьць, і тый, хто трывае ў міласьці, трывае ў Богу, і Бог у ім.
І мы ўверылі і пазналі любоў, якую Бог мае да нас. Бог ёсць любоў, і хто трывае ў любові, у Богу трывае, і Бог у ім.
У тым удасканальнілася міласьць у нас, каб мы мелі адвагу ў дзень суду, бо які Ён, такія мы на гэтым сьвеце.
Дзеля таго любоў удасканалілася ў нас, каб мы мелі адвагу на дзень суда, бо як Ён, так і мы на гэтым свеце.
Няма страху ў міласьці, але міласьць дасканальная праганяе страх, бо ў страху ё мука. Хто баіцца, тый не дасканальны ў міласьці.
У любові няма страху, але дасканалая любоў вон выганяе страх, бо страх мае ў сабе кару, а хто баіцца, той не дасканалы ў любові.
Мы мілуем Яго, бо Ён уперад умілаваў нас.
Мы любім Яго, бо Ён першы палюбіў нас.
Калі хто кажа: «Я мілую Бога», а брата свайго ненавідзе, тый маныш; бо калі ня любе брата свайго, каторага бача, як можа любіць Бога, Каторага ня бача?
Калі б хто сказаў: «Я люблю Бога» і ненавідзеў бы брата свайго, той ілгун; бо хто не любіць брата свайго, якога бачыць, як можа любіць Бога, Якога не бачыць.
І мы маем ад Яго гэтае расказаньне, каб тый, хто мілуе Бога, мілаваў і брата свайго.
І маем такую пастанову ад Яго, каб той, хто любіць Бога, любіў таксама і брата свайго.