Да Галятаў 3 разьдзел
Пасланьне да Галятаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Анатоля Клышкi
О неразумныя Ґаляты! хто ачараваў вас ня быць паслухменымі праўдзе, у каторых перад ачыма Ісус Хрыстос уперад быў апісаны, бы ўкрыжаваны?
О неразумныя галаты, хто вас зачараваў, [каб не слухаліся праўды], вас, у якіх перад вачыма Ісус Хрыстос быў накрэслены як бы [між вас] укрыжаваны?
Адно гэта я хачу даведацца ў вас: з учынкаў Закону вы прынялі Духа, ці із слуханьня веры?
Толькі гэта хачу даведацца ў вас: ці праз учынкі закона вы атрымалі Духа ці праз пропаведзь веры?
Ці такія вы неразумныя, што пачаўшы Духам, цяпер канчаеце целам?
Ці вы такія неразумныя, што, пачаўшы духам, цяпер заканчваеце целам?
Ці гэтулькі вы выцерпелі дарма? І калі б запраўды дарма!
Гэтулькі вы пацярпелі дарэмна? Калі гэта сапраўды дарэмна?
Дык Тый, што дастаўляе вам Духа і чыне магутнасьці памеж вас, учынкамі закону чыне, ці слуханьням веры?
Дык Той, Хто дае вам Духа і робіць між вас цуды, ці праз учынкі закона гэта робіць, ці праз пропаведзь веры?
Так Абрагам паверыў Богу, і залічана яму гэта да справядлівасьці.
Як і Аўраам паверыў Богу, і гэта залічана было яму ў праведнасць.
Дык пазнайце, што вернікі ё сынове Абрагамовы.
Дык ведайце, што тыя, хто ад веры, — тыя сыны Аўраамавы.
І Пісьмо, перадбачачы, што Бог вераю аправе паган, абясьціла наперад Дабравесьць Абрагаму: «У табе будуць дабраслаўлены ўсі народы».
І Пісанне, прадбачачы, што Бог вераю апраўдае язычнікаў, загадзя дабравесціла Аўрааму: «Дабраславяцца ў табе ўсе народы».
Дык вернікі дабраславяцца зь верным Абрагамам.
Так што тыя, хто ад веры, добраслаўляюцца з верным Аўраамам.
А ўсі тыя, што здаюцца на ўчынкі Закону, тыя пад праклёнам. Бо напісана: «Пракляты кажны, хто не застаецца ў вусім, што напісана ў кнізе Закону, каб чыніць іх».
Бо ўсе тыя, хто ад учынкаў закона, знаходзяцца пад праклёнам: бо напісана: «Пракляты кожны, хто не застаецца ва ўсім, што напісана ў кнізе закона, каб усё гэта выканаць».
А што Законам ніхто ня правіцца перад Богам, гэта відавочна, бо «Справядлівы вераю жыў будзе».
А што законам ніхто не апраўдваецца перад Богам, відавочна, таму што праведны вераю будзе жыць.
А Закон ня подле веры, але хто спаўняе яго, тый жыў будзе ім.
Закон жа не ад веры, але хто выканае гэта, будзе жыць у гэтым.
Хрыстос адкупіў нас ад праклёну Закону, стаўшы за нас праклёнам; (бо напісана: «Пракляты кажны, хто вісіць на дзерве»),
Хрыстос выкупіў нас ад пракляцця закона, зрабіўшыся пракляццем за нас, таму што напісана: «Пракляты кожны павешаны на дрэве»,
Каб дабраславенства Абрагамова перазь Ісуса Хрыста магло быць на народах, каб мы прынялі абяцанага Духа вераю.
каб дабраславенне Аўраамава прыйшло да язычнікаў у Хрысце Ісусе, каб мы атрымалі абяцанага Духа праз веру.
Браты! кажу палюдзку: нават людзіною зацьверджанае змовы ніхто не касуе і не дадаець.
Браты, кажу па-чалавечы: нават чалавекам зацверджанага запавету ніхто не адкідае і не дапаўняе.
Абрагаму даны былі абятніцы і семені ягонаму. Не сказана: «І сяменьню», бы праз шмат, але як праз аднаго: «І семені твайму», каторае ё Хрыстос.
Але абяцанні былі Аўрааму выказаны і яго патомку. Ён не кажа: «І патомкам», як пра многіх, а як аб адным: «І твайму патомку», Які ёсць Хрыстос.
І гэта я кажу: змова, перад Богам зацьверджаная, тарнуецца да Хрыста; а Закон, што настаў за чатырыста трыццаць год, не касуе, каб абятніца страціла сілу.
І вось што я кажу: запавету, які зацверджаны Богам раней, закон, што прыйшоў праз чатырыста трыццаць гадоў, не адмяняе, так каб было скасавана абяцанне.
Бо калі спадак із Закону, дык ужо не з абятніцы; але Абрагама Бог падараваў змоваю подле абятніцы.
Бо калі спадчына — ад закону, то ўжо не ад абяцання: але Аўрааму Бог дараваў яе праз абяцанне.
Дык нашто ж Закон? Ён прыданы з прычыны выступаў да прыходу Семені, Катораму была зроблена абятніца, загаданы ангіламі рукою пасярэдніка.
Дык навошта закон? Ён быў дададзены з-за злачынстваў, пакуль не прыйдзе патомак, якому было дадзена абяцанне, і перададзены ён быў праз Анёлаў рукою пасрэдніка.
Але пасярэднік не з адным, Бог жа адзін.
Але пасрэднік пры адным не бывае, а Бог — адзін.
Дык Закон супроці абятніцаў Божых? Няхай ня станецца так! Бо калі б такі Закон быў даны, што можа ажыўляць, тады запраўды справядлівасьць была б із Закону.
Дык закон супроць абяцанняў Божых? Зусім не. Бо, калі б быў дадзены закон, які можа ажывіць, то праведнасць была б сапраўды ад закона;
Але Пісьмо ўсіх замкнула пад грэхам, каб абятніца вернікам дана была зь веры ў Ісуса Хрыста.
але Пісанне замкнула ўсё пад грэх, каб абяцанае было дадзена вераю Ісуса Хрыста вернікам.
А да прыходу веры мы замкнёныя былі пад вартаю Закону, аж пакуль мела зьявіцца вера.
А раней, чым прыйшла вера, мы былі замкнёныя пад вартаю закона для веры, якая павінна была адкрыцца.
Так што Закон быў нашым дзяціным павадыром да Хрыста, каб мы аправіліся вераю.
Так што закон стаў нашым першаправадніком да Хрыста, каб мы былі апраўданы вераю,
Але як прышла вера, мы ўжо не пад дзяціным павадыром.
а калі прыйшла вера, мы ўжо не пад уладаю першаправадніка.
Бо ўсі вы сынове Божыя перазь веру ў Хрыста Ісуса;
Бо ўсе вы праз веру сыны Божыя — у Хрысце Ісусе.
Бо колькі ў Хрыста хрысьцілася, толькі ў Хрыста адзелася.
Бо ўсе вы, што былі хрышчаны ў Хрыста, у Хрыста апрануліся.
Няма Жыда, ані Грэка; няма нявольніка, ані вольніка; няма мужчынскага стану, ані жаноцкага стану: бо ўсі вы адно ў Хрысту Ісусу.
Няма іудзея, ні эліна, няма раба, ні вольнага, няма мужчыны, ні жанчыны; бо ўсе вы — адно ў Хрысце Ісусе.
Калі ж вы Хрыстовы, дык вы насеньне Абрагамова, спадкаемцы подле абятніцы.
Калі ж вы Хрыстовы, значыць, вы патомства Аўраамава, нашчадкі паводле абяцання.