Лукаша 6 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Сабілы і Малахава

 
 

І сталася ў другую сыботу па першай, што Ён ішоў пераз збожжа, і вучанікі Ягоныя каласавалі а елі, расьціраючы рукамі.
 
Здарылася ж у суботу другуюпершую праходзіць Яму цераз пасевы, і зрывалі вучні Ягоныя каласы і елі, расьціраючы рукамі.

Некатрыя ж із фарысэяў сказалі ім: «Чаму вы робіце, чаго ня маеце права рабіць у сыботы?»
 
Нікаторыя ж з хварысэяў сказалі ім: чаму вы робіце тое, што ня дазволена рабіць у суботы?

І, адказуючы, Ісус сказаў ім: «Хіба вы ня чыталі, што зрабіў Давід, як прагнуў, і былыя зь ім?
 
І адказаўшы ім сказаў Ісус: хіба (вы) гэтага ня чыталі, што зрабіў Давід, калі згаладаўся ён і быўшыя разам зь ім?

Як ён увыйшоў да Дому Божага, і ўзяў а еў пакладзены хлеб, і даў таксама былым ізь ім, каторага ня меў права есьці ніхто, апрача адных сьвятароў?»
 
Як (ён) увайшоў у Дом Божы і ўзяў хлябы перадвыстаўленьня, і зьеў, і даў таксама тым, (што былі) разам зь ім (есьці) тое, што ня дазволена есьці, апрача адных сьвятароў?

І сказаў ім: «Сын Людзкі ё спадар і сыботы».
 
І казаў ім: Сын Чалавечы ёсьць Гаспадар і суботы.

І сталася таксама іншае сыботы, што Ён увыйшоў у бажніцу й вучыў. І быў там чалавек, у каторага правая рука была адсохшы.
 
Давялося ж Яму і ў другую суботу ўвайсьці ў сынагогу і навучаць. І быў там чалавек, і правая рука ягоная была сухая.

А кніжнікі а фарысэі ўважліва назіралі за Ім, ці ўздарове ў сыботу, каб знайсьці за што абжалаваць Яго.
 
Цікавалі ж за Ім кніжнікі і хварысэі, ці ня аздаровіць (Ён) у суботу, каб знайсьці абвінавачаньне (супраць) Яго.

Але Ён ведаў думкі іхныя. І кажа чалавеку, што меў адсохлую руку: «Устань а стань на сярэдзіне» І ён устаў і стаў.
 
Ён жа ўбачыў помыслы іхныя і сказаў чалавеку, які меў сухую руку: устань і выйдзі на сярэдзіну. Ён жа, устаўшы, выйшаў.

І сказаў ім Ісус: «Папытаюся Я ў вас адно: ці подле права належа ў сыботу дабро ці ліха рабіць? душу выбавіць ці загубіць?»
 
Тады сказаў ім Ісус: спытаюся (Я) у вас: што дазволена (рабіць) па суботах — дабро рабіць, ці зло рабіць? Душу выратаваць, ці загубіць? (Яны ж маўчалі).

І, глянуўшы навокал на ўсіх іх, кажа чалавеку таму: «Выцягні руку сваю». І ён зрабіў гэтак; і стала рука ягоная здаровая, як другая.
 
І, паглядзеўшы на ўсіх іх, сказаў таму чалавеку: выцягні руку́ тваю. І ён зрабіў так. І сталася рука ягоная здаровая, як другая.

А яны аж шалелі, і гукалі адзін аднаму, што ім зрабіць Ісусу.
 
Яны ж апанаваліся шаленствам і гаварылі між сабою: што б ім зрабіць Ісусу.

І сталася тых дзён, што Ён пайшоў на гару маліцца, і прабыў усю ноч на малітве Богу.
 
Сталася ж у тыя дні: узыйшоў (Ён) на гару памаліцца і быў усю ноч на малітве да Бога.

І, як настаў дзень, пагукаў вучанікаў Сваіх і абраў зь іх двананцацёх, кагорых і назваў апосталамі:
 
І калі настаў дзень паклікаў вучняў Сваіх і выбраў зь іх дванаццаць, каторых і назваў Апосталамі:

Сымона, каторага й назваў Пётрам, і Андрэя, брата ягонага, Якава а Яана, Піліпа а Варфаламея,
 
Сымона, каторага і назваў Пятром, і Андрэя, брата ягонага, Якуба і Яана, Піліпа і Барталамея,

Мацьвея а Хаму, Якава Алфеявага а Сымона, званага Зылотам,
 
Мацьвея і Хаму, Якуба Алхвеявага, і Сымона, называнага Зілотам,

Юду Якававага а Юду Іскарыёта, што потым стаў ізраднікам.
 
Юду Якубавага і Юду Іскарыёта, каторы і стаўся здраднікам.

І ісступіўшы зь імі, стаў на раўніне, і груд чысьленых вучанікаў Ягоных, і множасьць вялікая люду з усяе Юдэі а зь Ерузаліму а з узморскіх Тыру а Сыдону, што прышлі паслухаць Яго і ўздаравіцца з хваробаў сваіх,
 
І, зыйшоўшы разам зь імі, стаў на роўным мейсцы, і мноства вучняў Ягоных, і вялікае мноства народу з усяе Юдэі і Ярузаліму і прыморскіх мейсцаў Тыру і Сідону, каторыя прыйшлі паслухаць Яго і аздаравіцца ад хворасьцяў сваіх;

І мучаныя нячыстымі духамі; і былі ўздараўляны.
 
таксама мучымыя духамі нячыстымі, і былі аздараўляемы.

І ўвесь груд стараўся даткнуцца да Яго, бо моц выходзіла зь Яго і ўздараўляла ўсіх.
 
І ўвесь народ імкнуўся дакрануцца да Яго, бо ад Яго зыходзіла сіла і аздараўляла ўсіх.

А Ён, узьняўшы вочы Свае на вучанікаў Сваіх, мовіў: «Шчасьлівыя ўбогія, бо ваша ё гаспадарства Божае.
 
І Ён, падняўшы Вочы Свае на вучняў Сваіх, гаварыў: шчасьлівыя ўбогія (духам), бо вашае ёсьць Гаспадарства Божае.

Шчасьлівыя прагнучыя цяпер, бо насыцецеся. Шчасьлівыя плачучыя цяпер, бо будзеце сьміяцца.
 
Шчасьлівыя галодныя цяпер, бо будзеце насычаны, шчасьлівыя, хто плача цяпер, таму што будзеце сьмяяцца.

Шчасьлівыя будзеце, калі вас будуць людзі ненавідзіць, і калі вылучаць вас, і будуць ганьбіць, і выкінуць імя вашае, як благое, за Сына Людзкога.
 
Шчасьлівыя вы, калі зьнянавідзяць вас людзі і калі адлучаць вас і зганьбяць (вас), і выкінуць імя вашае, як зло, за Сына Чалавечага.

Цешчася таго дня а весяліцеся, бо, гля, заплата вашая вялікая на небе. Гэтак айцове іхныя рабілі прарокам.
 
Радуйцеся ў той дзень і весяліцеся, бо вось узнагарода вашая вялікая на небе, таму што гэтак рабілі прарокам ба́цькі іхныя.

«Але бяда вам, багатым! бо вы адзяржалі пацеху сваю.
 
Але гора вам, багатыры! Бо (вы ўжо) атрымліваеце задавальненьне вашае.

Бяда вам, каторыя насыціўшыся! бо прагнуць будзеце. Бяда вам, што сьмяіцеся цяпер! бо смуціцца а плакаць будзеце.
 
Гора вам перасычаныя, бо будзеце цярпець голад. Гора вам, хто сьмяецца цяпер, бо заплачаце і зарыдаеце.

Бяда вам, калі добра гукаць будуць праз вас усі людзі! бо гэтак рабілі айцове іхныя хвальшывым прарокам.
 
Гора вам, калі ўсе людзі будуць гаварыць пра вас добра, бо гэтак рабілі з хвальшывымі прарокамі ба́цькі іхныя.

«Але кажу вам, каторыя слухаеце: любіце непрыяцеляў сваіх; добра рабіце тым, што ненавідзяць вас;
 
Але вам, хто слухае, кажу: любеце ворагаў вашых, чынеце дабро нянавідзячым вас.

Дабраслаўце тых, што вас праклінаюць, і маліцеся за тых, што наругаюцца вам.
 
Багаслаўце праклінаючых вас і малецеся за крыўдзячых вас.

І таму, хто вытне цябе па шчаццэ, падстаў і другую; і таму, хто возьме тваю вопратку, не барані й адзежы.
 
Таму, хто б’е цябе па шчацэ, падстаў і другую; а таму, хто забірае ў цябе верхнюю вопратку, ня перашкаджай узяць і кашулю.

«Дай кажнаму, хто просе ў цябе, і з таго, хто возьме твае, не спаганяй назад.
 
Кожнаму ж, хто просіць у цябе, дай; і ў таго, хто забірае тваё, ня патрабуй назад.

І як хочаце, каб вам людзі рабілі, рабіце падобна вы ім.
 
І як (вы) хочаце, каб рабілі вам людзі, так і вы ім рабіце.

Бо калі любіце тых, каторыя любяць вас, якая вам падзяка? бо й грэшнікі любяць тых, што любяць іх.
 
І калі (вы) любіце тых, хто любіць вас, якая вам (за гэта) падзяка? Бо і грэшнікі любяць тых, хто іх любіць.

І калі робіце дабро тым, каторыя робяць дабро вам, якая падзяка вам? бо й грэшнікі робяць тое самое.
 
І калі робіце дабро тым, хто вам робіць дабро, якая вам (за гэта) падзяка? Бо і грэшнікі тое самае робяць.

І калі пазычаеце тым, з каторых спадзяіцеся спагнаць, якая вам падзяка? бо нават грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб спагнаць толькі ж.
 
І калі пазычаеце тым, ад каторых спадзяецёся дастаць назад, якая вам (за тое) удзячнасьць? Бо і грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб гэтулькі (ж) дастаць назад.

«Але вы любіце непрыяцеляў сваіх, і добра рабіце, і пазычайце, не спадзяючыся стуль нічога; і заплата вашая будзе вялікая, і будзеце дзецьмі Навышняга; бо Ён добры да няўдзячных а благіх.
 
Але вы любеце ворагаў вашых, і рабеце дабро, і пазычайце, ня чакаючы нічога; і будзе ўзнагарода вашая вялікая, і будзеце сынамі Найвышэйшага, бо Ён добры і да няўдзячных і злых.

Дык будзьце міласэрныя, як і Айцец вашы міласэрны.
 
Дык будзьце міласэрныя, як і Бацька ваш (Нябесны) міласэрны.

Ня судзіце, і ня будзеце суджаны; не засуджайце, і ня будзеце засуджаны; даруйце, і вам даруюць.
 
І ня судзіце, і (вас) ня асудзяць; і ня асуджайце, і ня будзеце засуджанымі; дароўвайце, і дараваныя будзеце;

Дайце, і вам дадуць: мераю добраю, уцісьненаю а ўтрэсенаю і з коптарам дадуць людзі ў вулоньне вашае; бо якой мераю мераеце, такой адмераюць вам».
 
давайце, і вам будзе дадзена: мерай добрай, утрэсенай і націсьненай і з коптарам насыплюць вам у прыпол, бо якою мераю мераеце, такою і вам адмераецца.

І сказаў ім прыпавесьць: «Ці можа нявісны вадзіць нявіснога? ці не абодва ўваляцца ў яму?
 
Сказаў таксама ім прыповесьць: ці можа сьляпы вадзіць сьляпога? ці ня абодва ўваляцца ў яму?

«Вучанік ня вышшы за вучыцеля, але кажны, удасканаліўшыся, будзе, як вучыцель ягоны.
 
Вучань ня вышэйшы за настаўніка свайго, удасканаліўшыся ж кожны будзе як настаўнік ягоны.

«І што глядзіш ты на стрэмку ў воку брата свайго, а бярна ў воку сваім ня цеміш?
 
Што ж (ты) разглядаеш парушынку ў воку брата твайго, бервяна ж у ўласным воку ня заўважаеш?

Альбо, як можаш сказаць брату свайму: Браце! дай, выму стрэмку з вока твайго; калі сам ня бачыш бярна ў воку сваім? Двудушніча! выкінь сьпярша бярно з вока свайго, і тады абачыш выразьліва, як выняць стрэмку з вока брата свайго.
 
Альбо як можаш казаць брату твайму: браце, дай (я) выму парушынку, што ў воку тваім, сам (жа) у воку тваім бервяна ня заўважаеш? Крывадушнік, вымі сьпярша бервяно з вока твайго, і тады добра ўбачыш, (як) вынуць парушынку, што ў воку брата твайго.

«Бо добрае дзерва ня родзе благога плоду, альбо благое дзерва ня родзе плоду добрага.
 
Бо няма дрэва добрага, якое прыносіць плод благі, таксама няма дрэва благога, якое прыносіць плод добры.

Бо кажнае дзерва пазнаюць із плоду ягонага; бо зь церня не абіраюць фіґаў ані з чупчыньніку не абіраюць вінных ягадаў.
 
Бо ўсякае дрэва пазнаецца па сваім плодзе; бо ня зьбіраюць смокваў зь цярноўнікаў, і ня зьнімаюць вінаград з калючага куста.

«Добрая людзіна з добрага скарбу сэрца свайго выносе добрае, а благая людзіна з благога скарбу сэрца свайго выносе благое; бо ад збытку сэрца гукаюць вусны.
 
Добры чалавек із добрага скарбу сэрца свайго выносіць добрае, а злы чалавек са злога скарбу сэрца свайго выносіць злое, бо ад перапоўненасьці сэрца гавораць вусны ягоныя.

«І чаму вы гукаеце Мяне: "Спадару, Спадару", а ня робіце таго, што Я кажу?
 
Што ж (вы) называеце Мяне: Госпадзе, Госпадзе, і ня выконваеце таго, што (Я) кажу?

Кажны, што прыходзе да Мяне, і слухае словы мае, і поўне іх, Я пакажу вам, да каго падобны.
 
Кожны, хто прыходзіць да Мяне і слухае Словы Мае і таксама выконвае іх, пакажу вам, каму ён падобны.

Ён падобны да чалавека, што, становячы дом, капаў а ўглыбіўся а паклаў под на скале; і, як сталася паводка, плынь чханула на тый дом, але не магла захістаць яго, бо быў закладзены на скале.
 
Ён падобны да чалавека, будуючага дом, які выкапаў і паглыбіўся, і заклаў падмурак на камені; (калі) ж здарылася паводка (і) плынь наперла на гэны дом, і ня здолела скрануць яго, бо (ён) быў заснаваны на камені,

Але тый, што пачуў, але не зрабіў, падобны да чалавека, што бяз поду пастанавіў дом на зямлі, на каторы чханула плынь, і якга ён паваліўся; і разьвярненьне таго дому было вялікае».
 
а хто пачуў і ня выпаўніў, той падобны да чалавека, які пабудаваў дом на зямлі бяз падмурку, на які наперла плынь, і (ён) адразу абваліўся, і было разбурэньне дома таго вялікае.