Выслоўяў Саламонавых 28 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
Нягодныя ўцякаюць, як ніхто не жанецца; але справядлівыя бясьпечныя, як левянё.
За выступ зямлі ё шмат князёў у ёй, але пераз чалавека розуму, веды яна даўгавечная.
Бедная людзіна, што ўціскае галечаў — лівун, што зносе і не даець еміны.
Пакідаючыя права хваляць нягодных, але тыя, што дзяржаць права, сьперачаюцца зь імі.
Благія людзі ня цямяць суду, але тыя, што шукаюць СПАДАРА, цямяць усе.
Валей бедны, што ходзе ў сваёй беззаганнасьці, чымся тый, што ходзе крывымі дарогамі, дарма што ён багаты.
Дзяржачы права — сын мудры, але прыяцель бязульных сарамаціць айца свайго.
Хто павялічае маемасьць сваю квотамі і несправядлівым прыбыткам, тый зьбірае яго бачліваму да бедных.
Хто адварачае вуха свае, каб ня чуць Права, нават малітва ягоная — агіда.
Хто прычыняе, што пасьцівыя блудзяць на благой дарозе, сам уваліцца ў яму сваю, але беззаганным спадзець дабро.
Багатыр — мудрэц у ваччу сваім, але разумны галеча раскумякае яго.
Як справядлівыя цешацца — вялікая слава; але як паўстаюць нягодныя, чалавек хаваецца.
Хто хавае выступы свае, ня будзе мець дасьпеху; але хто спавядаецца а пакідае, таму паспагадаюць.
Шчасьлівая людзіна заўсёды старожкая, але хто каляне сэрца свае, уваліцца ў ліха.
Равучы леў а мурмель-мядзьведзь — нягодны дзяржаўца над галечаю.
Князь, катораму не стаець розуму, таксама вялікі ўцісканьнік. Хто ненавідзе прагавітасьць, падоўжа дні свае.
Чалавек, ацяжараны крывёй душы, аж да ямы будзе бегчы; няхай ніхто яго не дзяржыць.
Хто ходзе пасьціва — спасёны будзе, але крутадушных дарогаў паваліцца на аднэй зь іх.
Хто робе зямлю сваю, насыціцца хлебам; але хто жанецца за пустым, насыціцца беднасьцяй.
Шмат дабраславенстваў на людзіну верную; але хто сьпяшаецца забагацець, ня будзе нявінны.
Зважаць на асобы, ня добра, ба за лусту хлеба муж выступае.
Хто сьпяшаецца забагацець, мае благое вока й ня ведае, што нястача стрэне яго.
Хто ўпікае людзіне, знойдзе потым большую ласку, чымся тый, што падлыгуе языком сваім.
Хто глабае айца свайго альбо маці сваю й кажа: «Няма выступу», тый сябра нішчыцеля.
Хто гордага сэрца, тый узрушае ваду; але хто спадзяецца на СПАДАРА, насыціцца.
Хто спадзяецца на сэрца свае, тый дурны; але хто мудра ходзе, будзе вывальнены.
Хто даець бедным, ня будзе мець нястачы; але хто зачыняе вочы свае, будзе мець шмат праклёнаў.
Як нягодныя ўзвышаюцца, чалавек хаваецца; але як яны гінуць, справядлівыя множацца.