1 да Цімафея 3 разьдзел

Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

Вернае слова: калі хто імкнецца мець нагляд, добрае працы зыча.
 
Добра сказана: калі хто біскупства жадае, добрага дзела жадае.

Але нагляднік (япіскап) мае быць беззаганны, муж аднае жонкі, цьвярозы, разумны, прыходны, гасьцінны, здольны вучыць,
 
Біскуп-жа мае быць беззаганным, жанатым толькі раз, паўстрымлівым, растропным, добрых паводзін і выгляду, чэсным, гасьцінным, навучальна-здольным,

Ня п’яніца, ня бітун, але лагодны, несьпярэчлівы, не прагавіты,
 
няісклонным да п’янства, задзірства і сваркі, але ціхім і згодалюбным, не карысталюбным і срэбралюбцам,

Што добра радзе дамову сваю, мае дзеці свае ў паслухменстве з усёй пасьцівасьцяй;
 
а ў доме сваім — гаспадарным, трымаючым яго, зь дзяцьмі, у паслухмянасьці й абычайнасьці,

Бо хто ня знае як радзіць дамову сваю, як ён можа апекавацца царквою Божай?
 
бо хто няўмелы гаспадар ва ўласным доме, якім-жа гаспадаром ён будзе ў Божай Эклезіі?

Ня мае быць нова-навернены, каб, будучы пыхаты, ня ўпаў у віну дзявальскую.
 
Не павінен быць з нованаверненых, каб ня стаў ганарыстым ды не падпаў пад абсуд з д’яблам

Але надабе, каб празь яго таксама добра сьветчылі звонку, каб ня ўпаў пад упікі і ў пастку дзявальскую.
 
Патрэбна яму такжа бездакорная рэпутацыя і ад неналежачых да Эклезіі, каб унікнуць панарды й шатанскіх цянётаў.

Дзяканы маюць таксама быць зважныя, ня двуслоўныя, не адданыя шмат віну, ня шукаючыя не справядлівае карысьці,
 
Дыяканы таксама павінны быць чэснымі, не крывадушнымі (не двуязычнымі), не прагавітымі на віно й нажыву,

Дзержачыя тайну веры з чыстым сумленьням.
 
ахоўваючые веру ў чыстым сумленьні.

Хай яны таксама спачатку будуць выпрабаваныя; тады, будучы беззаганнымі, няхай служаць.
 
І гэткіх трэ перш выпрабоўваць, потым, калі беззаганные, няхай служаць.

Жонкі таксама хай будуць зважныя, не абмоўцы, цьвярозыя, у вусім верныя.
 
Таксама і жонкі іхнія павінны трымацца годна, без абмоўніцтва, паўстрымна, верна ўва ўсім.

Дзяканы хай будуць мужы аднае жонкі, каторыя добра кіравалі б дзеці свае й дом свой;
 
Дыяканы павінны быць раз толькі жанатымі, добрымі гаспадарамі дому, узгадаваўцамі дзяцей.

Бо тыя, што добра служылі б, адзяржаць сабе добрае становішча і вялікую адвагу ў веры, каторая ў Хрысту Ісусу.
 
Тые бо, што добра выконваюць свае заданьні, выслужваюць сабе пачэсную ступень і вялікую пэўнасьць у веры ў Езуса Хрыстуса.

Гэта пішу табе, спадзяючыся неўзабаве прыйсьці да цябе,
 
Пішу табе гэта, спадзяючыся зараз к табе прыйсьці,

Але, калі забаўлюся, каб ты ведаў, як маеш паступаць у доме Божым, каторы ё Царква Бога Жывога, стоўп а под праўды.
 
каб ты, калі спазьніўся, ведаў як трэ паступаць у доме Божым, які зьяўляецца Эклезіяй (Касьцёлам) Бога Жывога, калёнай і фундамантам праўды.

І яўна вялікая тайна набожнасьці: Бог зьявіўся ў целе, аправіўся ў Духу, быў бачаны ангіламі, абяшчаны ў народах, уверылі ў Яго на сьвеце, узяты ў гарыню ў славе.
 
І, бяссумніўна, — вялікая гэта ёсьць тайніца пабожнасьці: Бог зьявіўся ў целе, апраўдаў сябе ў Духу, паказаў сябе Анёлам, абвешчаны ў народах, прыняты вераю ў сьвеце, узьнесены ў хвале.