Да Піліпянаў 4 разьдзел
Пасланьне да Піліпянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Антонія Бокуна
Таму вось, браты мае найдаражэйшыя ды найжаданьшыя, радасьць мая і карона мая, трывайце гэтак ва Усеспадару, наймілейшыя!
Так што, браты мае ўлюбёныя і пажаданыя, радасьць і вянок мой, стойце так у Госпадзе, улюбёныя.
Прашу Эводыю, прашу й Сынтыхэн быць аднадумнымі ва Усеспадару;
Эўводзію прашу і Сынтыхею прашу думаць гэтаксама ў Госпадзе.
дый цябе прашу, верны супрацоўніку, памагай ім, яны бо працавалі для Эванэліі зы мною і Клемэнтам ды іншымі супрацоўнікамі маімі, імёны якіх у кнізе жыцьця.
Прашу і цябе, шчыры памочніку, дапамагай тым, якія змагаліся дзеля Эва́нгельля разам са мною, і з Клемэнтам, і з іншымі супрацоўнікамі маімі, імёны якіх у кнізе жыцьця.
Радуйцеся ва Усеспадару заўсёды, йшчэ раз кажу вам, радуйцеся!
Радуйцеся заўсёды ў Госпадзе. Ізноў кажу: радуйцеся.
Скроманасьць ваша ўсім людзям хай будзе ведамай: Госпад блізка ёсьць.
Спагаднасьць вашая няхай будзе вядомая ўсім людзям. Госпад блізка!
Ня турбуйцеся ні аб чым, а патрэбы вашыя Богу паручайце ў малітвах і падзячных благаннях;
Не турбуйцеся ні пра што, але ў-ва ўсякай малітве і просьбе з падзякай няхай адкрываюцца жаданьні вашыя перад Богам,
і спакой Божы, перавышаючы ўсякае ўяўленне, сьцерагчыме сэрцы й думкі вашыя ў Хрыстусе Езусе.
і супакой Божы, які вышэй за ўсякі розум, няхай захавае сэрцы вашыя і думкі вашыя ў Хрысьце Ісусе.
І наастанку, браты, усё, што праўдзівае, што чыстае, што справядлівае, усё, што сьвятое, што любае, што шанаблівае, калі якая цнота, ці што пахвалы годнае — майце у думцы.
Нарэшце, браты, што ёсьць праўдзівае, што сумленнае, што справядлівае, што чыстае, што вартае любові, што добрай славы, калі ёсьць якая цнота і якая пахвала́, — пра тое думайце.
Чаго навучыліся, што перанялі, чулі й бачылі ў ва мне — тое спаўняйце і Бог супакою будзе з вамі.
І чаго вы навучыліся, і што прынялі, і чулі, і бачылі ў-ва мне, тое рабіце, і Бог супакою будзе з вамі.
Я вельмі быў рад ва Усеспадару, што вашы старанні аба мне зноў ажылі ў вас, як калісь, тоьлкі ня было для іх дагоднасьці.
Я вельмі ўзрадаваўся ў Госпадзе, што вы ўжо зноў ажывіліся, каб думаць пра мяне, як і раней думалі, ды ня мелі нагоды.
Кажу гэта не дзеля нястачы, бо я навучыўся задавольвацца тым, што маю:
Ня дзеля таго, што я ў нястачы, кажу, бо я навучыўся быць задаволеным тым, што ў мяне ёсьць.
умею быць і ў паніжэнні, умею і ў дастатку, ўсяго і ў ва ўсім: і насычацца і галадаваць, жыць у дастатку і ў нястачы.
Ведаю, як у паніжэньні быць, і ведаю, як у дастатку; навучыўся ўсяго і ў-ва ўсім: і насычацца, і галадаваць, мець і дастатак, і нястачу.
Усё магу ў тым, хто мяне ўзмацняе.
Усё магу ў Хрысьце, Які ўмацоўвае мяне.
Вы аднак зрабілі добра, дзелячы зы мною мае турботы.
Па-за гэтым, вы добра зрабілі, што ўдзельнічалі ў маім прыгнёце.
І вы, Філіпійцы, ведаеце самы, што на пачатку эвангэлізацыі, калі я выйшаў з Макэдоніі, акрамя вас адных, ні адна эклезія не брала удзелу ні ў даванні, ні ў прыйманні;
Вы ж ведаеце, Філіпяне, што на пачатку [абвяшчэньня] Эва́нгельля, калі я выйшаў з Македоніі, ніводная царква не далучылася да мяне праз дораньне і прыняцьцё, акрамя вас адных.
вы і ў Тэсслёніку раз і другі высылалі мне на патрэбу.
Вы і ў Тэсалоніку і раз, і два пасылалі паводле патрэбы маёй.
Ня тое, каб я шукаў дарункаў, я бо шукаю полду, што множыцца на вашую карысьць.
Ня тое, каб я шукаў да́ру, але шукаю плоду, які памнажаецца на вашу карысьць.
Я маю ўсяго ўдостань; у мяне даволі ўсяго адкалі атрымаў ад Эпафрадыта пасланае вамі: пахі чароўныя, ахвяру Богу мілую.
Я ма́ю ўсё і ма́ю дастатак; я напоўнены, атрымаўшы ад Эпафрадыта тое, што ад вас, водар салодкі, ахвяру прыемную, якая падабаецца Богу.
За гэта Бог мой хай заспакоіць усе патрэбы вашыя водле свайго багацьця ў хвале, ў Хрыстусе Езусе.
А Бог мой няхай напоўніць усякую патрэбу вашую паводле багацьця Свайго ў славе, у Хрысьце Ісусе.
А Богу й Айцу нашаму хвала на вякі вечныя! Амэн.
Богу ж і Айцу нашаму слава на вякі вякоў. Амэн.
Прывітайце кажнага сьвятога ў Хрыстусе Езусе. Вітаюць вас браты, што зы мною.
Прывітайце кожнага сьвятога ў Хрысьце Ісусе. Вітаюць вас браты, што са мною.
Вітаюць вас усе сьвятыя, асабліва тыя з цэзарскага дому.
Вітаюць вас усе сьвятыя, а найбольш тыя, што з дому цэзара.
Ласка Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса хай будзе з усімі вамі. Амэн.
Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амэн.