Да Габрэяў 11 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Вера ёсьць запарукаю таго, чаго спадзяёмся, запэўненнем таго, чаго ня відзім.
Вера — гэта зарука чаканага і доказ нябачнага.
Праз яе стараветнікі здабываюць узнанне (аўтарытэт знаўцы і сьветкі мінуўшчыны), без яе наагул немагчымая былаб і навука, гісторыя.
Дзякуючы веры продкі атрымалі пасьведчаньне.
Праз веру пазнаём, што сьветы створаные ўсемагутным словам Бога= (Абсалюта), што зь нявідомых сталіся відомымі, ўсыстэматызаванымі.
Верай пазнаём, што словам Божым наладжаны вякі (сьвет) і што з нябачных паўсталі рэчы, якія мы бачым.
Праз веру Абэль злажыў Богу ахвяру лепшую, чым Каін, за якую атрымаў сьвядоцтва праведнасьці ад Бога і хоць памёр, празь веру сваю гаварыць не перастае.
Праз веру Абель прынёс Богу лепшую ахвяру, чым Каін, за што атрымаў ён пасьведчаньне, што ён справядлівы. Бог бо пасьведчыў пра яго дары, і хоць ён памёр, верай сьведчыць дагэтуль.
Вераю Гэнох быў забраны з гэтага сьвету, каб не аглядаў сьмерці. І не знайдзена яго, Бог бо забраў яго, а перад узяццем, меў сьвядоцтва, што Богу спадабаўся.
Верай Гэнох схоплены быў, каб ня бачыў сьмерці. І не знайдзены, бо забраў яго Бог: перад узяцьцем меў сьведчаньне, што мілы быў Богу.
Бяз веры бо нельга падабацца (Богу), той хто прыступае да Бога павінен моцна верыць, што Бог ёсьць ды што шукаючым Яго дае нагароды.
Без веры немагчыма падабацца Богу. Верыць трэба шукаючы Бога, бо Ён — узнагарода шукаючым Яго.
Праз веру Ноэ перасьцярэжаны Богам перад загрозаю, набачанаю шчэ, з богабоязьзю збудаваў адумысны вадаплаў для уратавання свайго дому. Празь яе асудзіў ён сьвет, а унасьледзіў справядлівасьць.
Вераю атрымаў Ной аб'яўленьне аб тым, чаго яшчэ не бачылася, з боязьні пабудаваў карабель (арку) на выратаваньне сям'і сваёй. Вераю асудзіў ён сьвет і праз веру стаўся ўдзельнікам справядлівасьці, якая верай здабываецца.
Праз веру той, каго названа Абрагамам, паслужна выйшаў да абяцанага яму ў спадчыну краю. І вырушыў шчэ няведаючы куды йдзе.
З веры Абрагам паслухаўся пайсьці на месца, якое павінен быў атрымаць у спадку. Выйшаў, ня ведаючы куды ісьці.
Вераю прабываў у абяцанай сабе зямлі, бы ў чужой, селечыся ў намётах з Ізаакам і Якубам спадкаемнікамі тагож абяцання;
Праз веру апынуўся ў Зямлі Абяцанай, як у чужой, у палатках пражываючы з Ісаакам і Якубам, са спадкапераймальнікамі таго ж самага абяцаньня.
чакаў бо места на фундамантах, закладчыкам якога і будаўнічым — сам Бог.
Спадзяваўся на горад, які меў моцныя фундаменты, будаўнічым якога і архітэктарам быў Бог.
Праз веру і Сара, хоць час ейны мінуў прыняла дужасьць пачацьця сына (ў перасьпелым веку), бо ўверыла у вернасьць таго, каторы абяцаў ёй гэта.
З веры тая самая Сара бясплодніца, ня гледзячы на ўзрост, атрымала ласку на пачацьце патомка, бо паверыла, што праўдзівы Той, Які даў абяцаньне.
І так вось з чалавека аднаго толькі, ды шчэ й згрыбелага, паўстала патомства гэтак колькаснае, як зоры на небе, як пясок краймора нязьлічымы.
Дзеля таго і ад аднаго кволага чалавека нарадзілася шмат "як зорак на небе, як пяску незлічонага на беразе мора".
Усе яны паўміралі зь вераю, не дачакаўшыся і не атрымаўшы абяцанага, аглядалі толькі яго й віталі здалёк, вызнаючы, што на зямлі былі пяльгрымамі й гасьцьмі.
Усе тыя памерлі ў веры, не атрымаўшы таго, што ім было абяцана, толькі здалёку аглядаючы тое абяцанае, вітаючы і вызнаючы, што на зямлі яны толькі вандроўнікі і госьці.
Тые бо, што так гавораць, паказваюць, што яны шукаюць бацькаўшчыны.
Каторыя так кажуць, значыць, шукаюць праўдзівай бацькаўшчыны.
А каліб яны памяталі аб той, зь якое выйшлі, дык меліж час вярнуцца;
Калі ж бы тую ўспаміналі, з якой выйшлі, знайшлі б магчымасьць да яе вярнуцца.
алеж бо яны сяння чуюць ностальгію да лепшай, да нябеснай; таму ім пазваляе называць сябе іхнім Богам, бо прыгатаваў ім места.
Цяпер тужаць па лепшай, гэта значыць па нябеснай. Вось таму Бог не саромецца называць сябе іх Богам, бо падрыхтаваў ім горад.
Праз веру Абрагам, пастаўлены на пробу, ахвяраваў Ізаака.
З веры ахвяраваў Абрагам Ісаака, выстаўлены на спробу, і то адзінага сына склаў на ахвяру, хаця ён і атрымаў абяцаньне.
Той, каторы атрымаў быў абяцанне, ахвяраваў адзінага сына, аб якім было сказана: «Ад Ізаака звацца будзе тваё патомства» (Быць. 21−22).
Яму было сказана: "З Ісаака будзе для цябе патомства".
думаў, што Бог моц мае і умерлых падняць з гробу, дзеля таго і дастаў яго на падобу (згробуўсталага).
Верыў жа ён, што і з памёршага зможа Бог выклікаць патомства. Дзеля таго выбраў яго на падабенства Хрыстуса.
Праз веру Ізаак багаславіў Якуба і Эзава для будучыні.
З веры ў будучае пабагаславіў Ісаак Якуба і Эзава.
Праз веру ўміраючы Якуб багаславіў кажнага із сыноў Язэпа і аддаў паклон (Богу) зьніжыўшы свой посах.
На моцы веры ўміраючы Якуб пабагаславіў кожнага з сыноў Язэпа і пакланіўся нізка перад вярхом яго палкі.
Праз веру Язэп на канцы жыцьця успомніў аб выйсьці сыноў Ізраэльскіх (з Эгіпту) і пакінуў тэстамэнт адносна касьцей сваіх.
Праз веру ўміраючы Язэп успомніў аб выхадзе сыноў Ізраіля і даў паручэньне адносна сваіх астанкаў (касьцей).
Праз веру бацькоў сваіх Майжэш быў праз тры месяцы укрываны, ведама бо была ягона прыгожасьць, і не зьлякаліся эдыкту Фараона.
Праз веру Майсей быў укрываны бацькамі сваімі на працягу трох месяцаў ад свайго нараджэньня, бо ведалі, што падобнае ёсьць дзіцятка, а не перапалохаліся загаду фараона.
Праз веру Майжэш, як вырас, запярэчыў быццамбы ён быў сынам Фараонавай дачкі,
Вырасшы Маісей праз веру запярэчыў, што ён сын дачкі фараона,
воліў зносіць прыгнобу й зьдзекі з народам Божым, чым карыстаць з грэшных дачасных роскашаў.
лепш выбіраючы прасьледаваньне разам з народам Божым, чым мець часовую прыемнасьць грэху.
Знявагі, перацерпеные за прыкладам Хрыстуса народам выбраным, уважаў за большые скарбы, чым Егіпскіе, аглядаўся бо на нагароду.
Лічыў бо за вялікае багацьце пераносіць зьнявагі дзеля Хрыстуса. Ён памятаў аб узнагародзе.
Праз веру пакінуў Эгіпт, не баючыся гневу Фараона; вытрываў, як той, што Нявідомага мае прад вачыма, якбы відзеў.
З веры пакінуў Эгіпт, не збаяўся злосьці фараонскае, вытрываў, як быццам бачачы нябачнага.
Праз веру справіў Пасху і праліцьцё крыві, каб вынішчальнік першародных не крануў іх.
З веры наладзіў Пасху і апырскваньне крывёй, каб не дакрануўся той, які пазабіваў усё першароднае.
Праз веру прайшлі Мора Чырвонае, моў па сушы, а Эгіпцяне як папрабавалі гэта — затанулі.
З веры перайшлі Чырвонае Мора, як быццам па сухо зямлі, калі ж спрабавалі гэта зрабіць Эгіпцяне, патапіліся.
Праз веру рухнулі муры Ерыхонскіе па сямідзённым абойсьцю іх.
З веры паразвальваліся муры Ерыхона, калі абыходзілі іх вакруг сем дзён.
Праз веру яўнагрэшніца Рагаб ня згінула з нявернымі, прыняўшы прыязна выведнікаў (Ёз. 2:1−21; 6:1−25).
Праз веру не прапала блудніца Рахаб разам з няверуючымі, бо гасьцінна прыняла разьведчыкаў.
І штож скажу яшчэ? Бо ня хапае мне часу, каліб захацеў расказваць аб Гэдэоне і Бараку, Самсоне і Ефце, Давідзе, Самуэлю ды аб прароках,
Ды што яшчэ маю сказаць? Не хапіла б часу расказваць пра Гедэона, Барока, Самсона, Ефтэ, Давіда, Самуіла і прарокаў.
якіе вераю паканалі валадарствы, выканалі справядлівасьць, атрымалі абяцанні, затыкалі пашчы львом;
Яны праз веру перамаглі каралеўствы, аказвалі справядлівасьць, атрымалі абяцаньне, затыкалі ляпы львам,
гасілі агню магуцтва, зручна ўхіляліся ад вастрыя мяча, ачыналіся зь немачы, мужнелі на войнах, гналі палкі чужынскіе ад наскокаў.
гасілі полымя агня, усьцерагаліся сьмерці ад мяча, ачуньвалі ад немачы, былі стойкімі ў баях, змушаючы ўцякаць атрады ворагаў.
(Празь іх) жоны атрымоўвалі сваіх памерлых ускрослымі, тады як іншыя, незгаджаўшыяся на выкуп, гінулі, разрываные колам, спадзяючыся на лепшае ўскрашэнне.
Праз іх уваскрашваньне жонкі вярталі сваіх мужоў. Іншыя былі замучаны, не прыняўшы асвабаджэньня, каб атрымаць лепшае ўваскрашэньне.
А йшчэ іншые зьняважаны вострымі насьмешкамі, абкіданые каменнямі, трыманые ў цёмных вязьніцах,
Іншыя ж нацярпеліся зьдзекаў і бічаваньняў і пры тым кайданаў ды астрогаў.
піламі рэзаные й разьдзіраные, на меч кіданые, ратаваліся якмага, цяняючыся ў авечых, ці казьліных шкурах па гарах, пячорах і пустырах;
Каменявалі іх рэзалі, гінулі яны ад мяча, скрываліся ў авечых скурах і казьліных, жылі ў горы, нястачах і прыгнёце.
тые, каторых няварты быў сьвет, туляліся па ягоных пустынных вертэпах.
Не варты быў іх сьвет: блукаліся па пустынях, па горах, у земляных сховішчах.
І ўсе яны, праз веру так добра засьветчаные, не дачакаліся абецанага,
І ўсе гэтыя сьведкі веры не атрымалі абяцаньня,
Бог бо прадугледзеў нам нешта дасканалае, каб яны не без нас дасяглі лепшае долі.
дзеля таго, што Бог прадбачыў для вас нешта лепшае і не хацеў, каб яны дабіліся дасканаласьці без вас.