Да Габрэяў 2 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 1999
Таму мы павінны быць надта ўніклівымі ў тое, што чулі, каб часамі не адпасьці.
Таму неабходна нам пільна сачыць за тым, што чулі, каб часам не зыйсьці з дарогі.
Калі бо слова абвешчанае Анёламі было так забавязваючым, што нарушэнне яго, няпослух, атрымоўваў справядлівую адплату,
Бо калі праз анёлаў абвешчанае слова мела такую моц, што ўсякі праступак і непаслухмянасьць атрымоўвалі справядлівую кару,
дык як уцячом мы, што ня рупіліся аб гэткім збаўленні, спачатна апавешчаным самым Госпадам і нам пераказаным, зьвераным тымі-ж, што яго чулі;
то якім чынам мы зможам ад яе ўхіліцца, калі мы занядбалі так вялікую (ласку) збаўленьня? Яно спачатку было абвешчана Госпадам, а ў нас умацавана было чуўшымі ад Яго
к таму Бог прысьветчыў знакамі, цудамі, рознымі сіламі ды й дарамі Духа Святога, раздаванымі водле свае волі.
за падцьвярджэньнем Божым знакамі, і цудамі, і ўсякімі магутнасьцямі, і дарамі Духа Сьвятога, раздаванымі паводле Яго волі.
Бо не Анёлам пакарыў Бог сьвет будучы, аб якім гаворым.
Не анёлам бо падуладніў Бог будучы сьвет, пра які мы гаворым.
Засьветчыў-жа нехта недзе, кажучы: «Чым-жа ёсьць чалавек, што памятаеш аб ім, або сын чалавечы, што яго адведваеш?»
Засьведчыў жа хтосьці ў адным месцы, кажучы: "Хто такі чалавек, што Ты памятаеш пра яго, або сын чалавечы, што Ты адведваеш яго?
«Учыніў яго малашто меншым ад анёлаў, славай і чэсьцю ўкаранаваў яго ды паставіў па-над творамі рук тваіх:
Мала панізіў Ты яго ад анёлаў, хвалою і пашанаю ўкаранаваў Яго,
ўсё паддаў пад стопы ягоныя» (Пс. 8:5−8). Калі-ж пакарыў яму ўсё, дык нічога не пакінуў яму непадданым. Цяпер-то яшчэ ня відзім усяго яму падданым;
і ўсё паклаў Ты пад ногі яго". Калі ж усё паддаў Ягонай ўладзе, то нічога не засталося непадуладным Яму. Цяпер жа бачым, што яшчэ ня ўсё падчынена Яму.
але бачымо увенчанага славаю і чэсьцю Езуса, каторы з ласкі Божай адцерпеў за ўсіх сьмерць умалены прад Анёламі.
Вось у Тым, які быў мала паніжаны ад анёлаў, бачым Езуса, замучанага сьмерцю, укаранаванага славай і пашанай, каб ласка Божая для ўсіх была выслужана сьмерцю.
Бо і дастоіла, каб той, праз якога ўсё і дзеля якога ўсё, хто ўвёў многіх сыноў у славу — даканаў гэта цярпеннем.
Належылася бо, каб Той, для якога ўсё і праз якога ўсё было створана, Таго, каторы шмат сыноў прывёў у славу, Правадыра збаўленьня іхняга, удасканаліў праз цярпеньне.
Бо і той, хто усьвячвае, і тые, што усьвячваюцца, усе ад аднаго; таму і называе іх братамі, кажучы:
Бо хто ўсьвячае і тыя, якія ўсьвячаюцца, ад Аднаго ўсе. Дзеля таго Ён не саромеецца называць іх братамі,
«Імя тваё абвяшчу братом маім, пасярод набожні славіць цябе буду» (Пс. 21:23).
кажучы: "Абвяшчу імя Тваё Маім братам, пасярод сабраньня буду славіць Цябе".
І яшчэ: «Я буду на яго спадзявацца» (Із. 8:17). Ды йшчэ: «Вось я і дзеці, якіе даў мне Бог» (Із. 8:18).
І яшчэ: "Я буду спадзявацца на Яго". Ды яшчэ: ;Вось Я і дзеці, якіх даў Мне Бог".
Калі ж дзеці сталіся супольнікамі цела й крыві, дык і ён таксама іх супольнік, каб праз сьмерць зьнішчыць таго, хто мае ўладу над сьмерцяй, гэта знача дыябла;
Дык калі дзеці сталіся ўдзельнікамі ў целе і крыві, і Ён таксама стаўся ўдзельнікам у іх (целе і крыві), каб сьмерцю зьнішчыць таго, які мае ўладу сьмерці, гэта значыць д'ябла,
і вызваліць тых, якіе з боезі сьмерці падлягалі няволі праз цэлае жыцьцё.
і каб вызваліць тых, што праз страх сьмерці на ўсё жыцьцё былі адданыя ў няволю.
Бо-ж не анёлаў прыймае ён, але насенне Абрагамава.
Бо не анёлаў Ён прыймае, але патомства Абрагама прыймае.
Мусеў дзеля гэтага ва ўсім упадобніцца да братоў, каб стацца міласэрным ды верным архісьвятаром перад Богам для уміласьціўлення грахоў народу.
Дзеля гэтага Ён павінен быў у-ва ўсім упадобніцца да братоў, каб стацца міласэрным і верным Першасьвятаром у Бога, каб ачысьціць грахі народу,
Бо як сам ён спакушаннем выпрабаваны, дык мае моц дапамогі й тым, што прайходзяць пробу.
бо таму, што Ён сам быў спакушаны і цярпеў, можа тым, якія спакушаныя, дапамагчы.