2 да Фесаланікійцаў 2 разьдзел

Другое пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Просім вас, браты, адносна прыйсьця Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса, калі зграмадзімся к Яму,
 
Просім вось вас, браты, праз прыйсце Госпада нашага Ісуса Хрыста і нашае спатканне з Ім,

не дайцеся лёгка вывесьці сябе з раўнавагі, ані затрывожыць сябе харызматам (праз духа), ці праз навуку, або ліст які нібыто ад нас, — што дзень Госпадаў ужо надыходзіць.
 
каб вы не хісталіся паспешна розумам і не палохаліся ці то ад духа, ці то праз слова, ці то праз ліст, нібы ад нас, што быццам надыходзіць дзень Госпадаў.

Хай ніхто ніякім чынам вас не бянтэжыць; перш бо настане адступства й выявіцца чалавек граху, сын загібелі,
 
Няхай ніхто вас не зводзіць ніякім чынам, бо дзень гэты не прыйдзе, пакуль не прыйдзе перш адступленне ды пакуль не з’явіцца чалавек бязбожны, сын загубы,

які супраціўляецца й вывышаецца над усё Богам званае, ці сьвятыняй, так што навет засядзе ў сьвятыні Божай, выдаючы сябе за Бога.
 
які працівіцца і ўзвышаецца па-над усім, што называецца Богам або што ўшаноўваецца, так, што ён засядзе ў святыні Божай, выдаючы сябе за Бога.

Ці не памятаеце, як гэта гаварыў вам, яшчэ будучы ў вас?
 
Ці ж не памятаеце, што, калі я яшчэ прабываў у вас, вам аб гэтым казаў?

І ведаеце што цяпер яго сутрымоўвае выявіцца сваечасна.
 
І ведаеце цяпер, што яго трымае ад з’яўлення ў свой час.

Тайніца бо бязбожнай негадзі (беззаконня) ужэ арудуе, толькі ня зьдзейсьніцца цяпер пакуль ня будзе з-пасярод узяты той, хто яе ўстрымоўвае.
 
Таямніца нягоднасці ўжо дзейнічае; але толькі [абмежавана] да таго часу, пакуль будзе пасярод той, хто трымае цяпер.

І тады зьявіцца той бязбожнік, якога Госпад Езус усьмерціць духам сваіх вуснаў і зьніштожыць зіяннем свайго прыйсьця.
 
Тады і аб’явіцца той бязбожнік, якога Госпад Ісус заб’е духам вуснаў Сваіх і знішчыць яго магутнасцю прыходу Свайго,

А паява таго будзе пад шатанскім дзеянням з усякага роду сіламі й знакамі ды хвальшывымі цудамі,
 
таго, прыход якога намаганнем шатана [будзе] з усёю сілаю, і знакамі, і ўяўнымі цудамі,

усякай зводніцкай спакусай для гінучых затое, што ня прынялі любасьці праўды, якаяб іх збавіла.
 
і з усякімі нягоднымі ашуканствамі для тых, якім ісці на згубу, бо яны не прынялі любові праўды, каб збавіцца.

І за гэта дапусьціць Бог прымірснае дзеянне подступу, каб уверылі лгарству,
 
І дзеля таго спасылае ім Бог дзеянні подступу, каб верылі падману.

каб былі асуджаные ўсе няўверыўшые праўдзе, а ўпадабаўшые лжу.
 
Так будуць асуджаны ўсе, што не ўверылі праўдзе, а ўзлюбілі беззаконне.

Але мы заўсёды павінны дзякаваць Богу за вас, браты Богу мілые, што ён ад пачатку выбраў вас для збаўлення праз асьвяту Духа і веру праўдзе,
 
Нам жа належыцца заўжды дзякаваць Богу за вас, умілаваныя Госпадам браты, бо ад пачатку, праз асвячэнне Духа і веру праўды Бог вас выбраў на збаўленне,

да чаго і паклікаў вас нашым прапаведніцтвам Эванэліі, каб прыдбалі славу Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса.
 
да якога паклікаў вас праз Евангелле нашае на атрыманне хвалы Госпада нашага Ісуса Хрыста.

Дык стойцеж, браты й трымайцеся традыцыяў, якіх ад нас навучыліся ці-то вусна, ці лістоўна.
 
Дык вось, браты, стойце і трымайцеся традыцый, якім навучыліся ці то праз словы, ці то праз лісты нашыя.

Сам-жа Госпад наш Езус Хрыстус і Бог Айцец наш, які палюбіў нас ды даў праз ласку сваю суцеху вечную й надзею добрую,
 
Хай жа Сам Госпад наш Ісус Хрыстос і Бог, Айцец наш, Які ўзлюбіў нас і даў вечнае суцяшэнне і добрую надзею ў ласцы,

хай урадуе сэрцы вашые ды ўмацуе ў кажным добрым дзеле й добрым слове.
 
суцешыць сэрцы вашыя і ўмацуе ва ўсякай добрай дзейнасці і слове.