Мацьвея 26 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Л. Дзекуць-Малея
І сталася, калі скончыў Езус усе гэтыя мовы, казаў сваім вучням:
І сталася, калі Ісус скончыў усе́ гэтыя словы, то сказаў да вучняў Сваіх:
Вы ведаеце, што за два дні будзе Пасха і Сын чалавечы будзе выданы на ўкрыжаванне.
вы ве́даеце, што праз два дні будзе Пасха, і Сын Чалаве́чы вы́даны будзе на раскрыжава́ньне.
Тады сабраліся вышэйшыя сьвятары і старшыя народу на дварэ архісьвятара, якога звалі Кайфашам;
Тады сабраліся архірэі і кніжнікі і старшыя з народу на падворак архірэя іме́ньнем Кайяфа.
і ўмовіліся схапіць Езуса хітрасьцю ды забіць.
І ўмовіліся схапіць Ісуса хітрасьцяй і забіць.
Але казалі: Толькі ня ў свята, каб часам ня было забурэння ў народзе.
Але казалі: толькі ня ў сьвята, каб не ўзьнялося абурэньне ў народзе.
Калі-ж Езус быў у Бэтаніі, ў доме Сымона запаветранага,
Калі-ж Ісус быў у Віфаніі, у доме Сымона пракажонага,
прыступілася да яго жанчына з алябастраваю судзінкаю дарагога алейку й паліла яму на голаў, як быў за сталом.
прыступілася да Яго жанчына з аляба́страваю судзінаю з але́ем мнагацэнным і паліла Яму на галаву, як ляжаў.
Вучні-ж, бачачы гэта, сярдавалі, кажучы: Нашто гэтае марнатраўства?
Углде́зіўшы гэтае, вучні Яго гне́валіся, кажучы: на што гэткае марнава́ньне?
Бо можна было гэтае прадаць за добрую цану ды даць убогім.
Бо можна было-б прадаць гэты але́й за добрую цану і даць убогім.
А Езус ведаючы гэта, кажа ім: Нашто робіце прыкрасьць гэтай жанчыне? Яна-ж добры ўчынак для мяне зрабіла.
Але Ісус, ве́даючы гэтае, сказаў ім: на што́ робіце прыкрасьць жанчы́не? яна добры ўчынак учыніла для Мяне́.
Убогіх вы заўсёды маеце з сабою, адыж мяне маеце не заўсёды.
Бо ўбогіх заўсёды ма́еце з сабою, а Мяне́ не заўсёды ма́еце.
Бо яна, выліўшы гэты алеек на маё цела, зрабіла гэта к’ маім паховінам.
Паліўшы але́ем гэным це́ла Маё, яна ўчыніла на пахаваньне Маё.
Сапраўды кажу вам: Дзе толькі будзе абвяшчацца гэтая эванэлія па ўсім сьвеце, казацімецца й тое, што яна зрабіла, на ўспамін аб ёй.
Запраўды́ кажу вам: дзе́ будзе абвяшчацца Эвангельле гэтае па ўсім сьве́це, сказана будзе і аб тым, што́ яна зрабіла, на ўспамін аб ёй.
Тады пайшоў адзін з дванаццацёх, які зваўся Юдаш Іскарыёт, да старшых сьвятороў
Тады адзін з дванаццацёх, называны Юда Іскарыёт, пайшоўшы да архірэяў,
і сказаў ім: Што мне дасьце, а я вам яго выдам? Яны-ж вызначылі яму трыццаць сярэбранікаў.
сказаў: што́ хочаце даць мне́, і я вам вы́дам Яго? Яны вы́значылі ему трыццаць срыбнякоў.
І ад тае пары шукаў нагоды, каб выдаць.
І з таго часу ён шукаў наго́ды, каб выдаць Яго.
У першы дзень праснакоў прыступілі вучні да Езуса, кажучы: Дзе хочаш прыгатаваць табе Пасху спажываці?
У пе́ршы-ж дзе́нь праснакоў прыйшлі вучні Ісуса і сказалі Яму: дзе́ хочаш прыгатаваць Табе́ е́сьці пасху?
Езус-жа кажа: Ідзеце ў горад да аднаго чалавека й скажэце яму: «Вучыцель гавора: час мой блізкі, ў цябе зладжу Пасху з вучнямі маімі».
Ён жа сказаў: пайдзе́це ў ме́ста да такога-і-такога і скажэце яму: Вучыцель кажа: час Мой блізкі; у цябе́ зро́блю пасху з вучнямі Маімі.
І вучні зрабілі так, як ім загадаў Езус і прыгатавалі Пасху.
Вучні зрабілі, як загадаў ім Ісус; і прыгатавалі пасху.
Калі-ж настаў вечар, ён сядзеў з дванаццацьма сваімі вучнямі.
Калі-ж настаў ве́чар, Ён узьлёг з дванаццацьма вучнямі.
І калі яны елі, сказаў: Сапраўды кажу вам, адзін з вас мяне выдасьць.
І, калі яны е́лі, сказаў: запраўды́ кажу вам, што адзін з вас вы́дасьць Мяне́.
Яны глыбока зажурыліся й пачаў кожны паасобку пытаць: Ці гэта я, Спадару?
І, крэпка засумаваўшы, пачалі гаварыць Яму кожны з іх: ці ня я, Госпадзе?
А ён адказвае, гаворачы: Хто мачае са мною руку ў міску, той мяне выдасьць.
Ён жа сказаў у адказ: той, хто памачыў са Мною руку ў місе, гэты вы́дасьць Мяне́.
Сын-то чалавечы йдзе, як аб ім напісана, адыж гора таму чалявеку, праз якога Сын чалавечы будзе выданы, лепш было-б не радзіцца чалавеку тому.
Бо Сын Чалаве́чы прыходзе, як напісана аб Ім: але го́ра таму чалаве́ку, праз якога Сын Чалаве́чы прадае́цца; ляпе́й было-б гэтаму чалаве́ку не радзіцца.
Адазваўся і Юда, яго здраднік, кажучы: Ніаўжэ гэта я, Раббі? Гавора яму: Ты сказаў.
Пры гэтым і Юда, што прада́ў Яго, сказаў: ці ня, я Равві? Ісус кажа яму: ты сказаў.
А калі яны вячэралі, узяў Езус хлеб і багаславіў, і паламаў, і даў вучням сваім, ды сказаў: Бярэце й спажывайце; гэта ёсьць цела маё.
І, калі яны е́лі, Ісус, узяўшы хле́б і пабагаславіўшы, паламаў і даваў вучням ды сказаў: прыме́це, е́шце; гэта ёсьць це́ла Маё.
І ўзяўшы кіліх, учыніў падзяку і даў ім, кажучы: Пеце з гэтага ўсе;
І, узяўшы ча́ру і аддаўшы хвалу́, падаў ім і сказаў: піце з яе́ ўсе́;
гэта бо ёсьць кроў мая новага закону, якая за многіх будзе праліта на адпушчэнне грахоў,
бо гэта ёсьць кроў Мая новага запаве́ту, якая ліе́цца за многіх дзеля дараваньня грахоў.
Кажу-ж вам: Ня піціму ад гэтай пары з гэтага вінаграднага плоду аж да таго дня, калі піціму з вамі новы ў валадарсьцьве Айца майго.
Кажу-ж вам, што адгэтуль ня буду піць ад пло́ду гэтага вінаграднага да таго дня, калі буду піць з вамі новае віно ў Царстве Айца Майго.
І адправіўшы гімн, выйшлі на гару Аліўную.
І, запяяўшы, пайшлі на гару Аліўную.
Тады сказаў ім Езус: Усе вы з мяне згоршыцеся ў гэтую ноч; Бо ёсьць напісана: «Удэру пастыра і рассыплюцца авечкі стада» (Зах. 13:7).
Тады кажа ім Ісус: усе́ вы спаку́сіцеся дзеля Мяне́ ў гэту ноч, бо напісана: паражу́ пастуха́, і расьсе́юцца аве́чкі стада (Захарія 13:7).
Але потым, як згробуўстану, пайду перад вамі ў Галілею.
Па ўваскрасе́ньні-ж Маім спаткаю вас у Галіле́і.
Пётр-жа, адазваўшыся, гавора яму: Хоць-бы ўсе з цябе згоршыліся, я ніколі ня згоршуся.
А Пётр сказаў Яму ў адказ: калі і ўсе́ спаку́сяцца дзеля Цябе́, я ніколі не паддамся спаку́се.
Сказаў яму Езус: Сапраўды кажу табе, у гэту ноч, перш, чымся запяе певень, ты трэйчы ад мяне адрачэшся.
Ісус сказаў яму: запраўды́ кажу табе́, што ў гэту ноч, пе́рш, чымся прапяе́ пе́вень, тройчы адрачэшся ад Мяне́.
Гавора, яму Пётр: Калі-б навет мне трэ’ было памерці з табою, я цябе не адракуся. Так і ўсе вучні казалі.
Кажа Яму Пётр: хаця-б прышлося мне́ і паме́рці з Табою, не адраку́ся ад Цябе́. Падобнае гаварылі і ўсе́ вучні.
Тады прыйшоў Езус з імі ў сялібу, званую Гэтсэмані, і сказаў сваім вучням: Пасядзеце гэта, пакуль я пайду там памалюся.
Тады йдзе з імі Ісус на ме́сца, званае Гефсіманія, і кажа вучням: пасядзе́це тут, пакуль Я пайду памалюся там.
І ўзяўшы Пятра ды двух сыноў Зэбэдэевых, пачаў тужыць і сумаваць.
І, узяўшы з Сабою Пятра і абодвух сыноў Завядзе́явых, зачаў тужыць і сумаваць.
Сказаў тады ім: Сумная душа мая аж да сьмерці. Пабудзьце тут са мною і не драмеце.
Тады кажа ім Ісус: тужыць душа Мая аж да сьме́рці: пабудзьце тут і ня сьпіце са Мною.
І адыйшоўшыся крыху, прыпаў абліччам сваім і маліўся, кажучы: Ойча мой! Калі магчыма, хай адыйдзе ад мяне гэты кіліх, адыж не як я хочу, але як Ты.
І, адыйшоўшыся трохі, упаў на аблічча Сваё, маліўся і гаварыў: Аце́ц Мой! Калі магчыма, няхай абміне́ Мяне́ ча́ра гэтая; аднак, не́ як Я хачу, але як Ты.
І прыйходзіць да вучняў сваіх ды знайходзіць іх сплючых. І кажа Пятру: гэтак вось не маглі вы аднае гадзіны чуняць са мною?
І прыходзіць да вучняў і знаходзіць іх у сьне́, дый кажа Пятру: гэтак не маглі вы і аднае́ гадзіны ня спаць са Мною?
Ня сьпеце і малецеся, каб ня ўпасьці ў спакусу. Дух-то бадзёры, да цела немачнае.
Ня сьпіце і маліцеся, каб ня ўпасьці ў спаку́су. Дух бадзёры, це́ла-ж нядужае.
Ды зноў, другі раз адыйшоўшыся, маліўся славамі: Ойча! Калі ня можа гэты кіліх мяне абмінуць, каб ня піць мне яго, будзь воля твая!
І зноў, адыйшоўшыся другі раз, маліўся, кажучы: Аце́ц Мой! калі ня можа ча́ра гэтая абмінуць Мяне́, каб Мне́ ня піць яе́, няхай ста́нецца воля Твая!
І, вярнуўшыся, зноў застаў іх сплючы, вочы бо іх абцяжэлі.
І, прыйшоўшы, знаходзіць іх ізноў у сьне́; бо ў іх вочы абцяжэлі.
І, пакінуўшы іх, ізноў адыйшоўся й трэці раз маліўся тымі-ж самымі славамі.
І, пакінуўшы іх, адыйшоўся ізноў і маліўся трэці раз, мовіўшы тое-ж слова.
Тады прыйходзіць да вучняў сваіх і кажа ім: Спеце ўжо й адпачывайце! Вось прыйшла часіна і Сын чалавечы будзе выданы ў рукі грэшнікаў.
Тады прыходзіць да вучняў Сваіх і кажа ім: вы ўсё яшчэ сьпіцё і спачываеце; вось настаў час, і Сын Чалаве́чы выдае́цца ў рукі грэшнікаў.
Устаньце, пойдзем, вось прыбліжыўся той, што мяне выдасьць.
Устаньце, пойдзем: вось прыходзе той, што прадае́ Мяне́.
І, калі яшчэ гаварыў ён, вось Юдаш, адзін з дванаццацёх, прыйшоў, а з ім вялікая грамада з мячамі й кіямі, ад архісьвятараў і старшых народу.
І, калі яшчэ гаварыў Ён, вось прыйшоў Юда, адзін з дванаццацёх, і з ім множства народу з мяча́мі ды кала́мі, ад архірэяў і старшых народных.
А здраднік яго даў ім знак, кажучы: каго я пацалую, той і ёсьць, бярэце яго.
Прадаючы-ж Яго, даў ім знак, сказаўшы: каго я пацалую, той і ёсьць; бярэ́це Яго.
І зараз падыйшоўшы да Езуса, сказаў: Прывет табе, вучыцелю! Ды пацалаваў яго.
І ўраз, падыйшоўшы да Ісуса, сказаў: радуйся, Равві! і пацалаваў Яго.
Езус-жа сказаў яму: Дружа, пашто ты прыйшоў? Тады прыступіўшы, кінуліся на Езуса ды ўзялі яго.
А Ісус сказаў яму: дру́жа, чаго ты прыйшоў? Тады падыйшлі і ўзлажылі рукі на Ісуса і ўзялі Яго.
І вось адзін з тых, што былі з Езусам, працягнуўшы руку, выняў меч свой і, ударыўшы слугу архісьвятара, адсек яму вуха.
І вось, адзін з быўшых з Ісусам, выцягнуўшы руку, дастаў ме́ч свой і, ударыўшы слугу архірэявага, адсе́к яму вуха.
Тады сказаў яму Езус: Схавай меч свой на месца ягона, ўсе бо, што бяруць меч, ад мяча пагінуць.
Тады кажа яму Ісус: вярні ме́ч твой на яго ме́сца; бо ўсе́, узяўшыя ме́ч, ад мяча загінуць.
Няўжэ думаеш, я не магу папрасіць Айца майго, каб даў мне цяпер болей, чым дванаццаць легіёнаў анелаў?
Ці думаеш, што Я не магу цяпе́р упрасіць Айца Майго, і Ён ня дасьць Мне́ бале́й дванаццацёх легіонаў Ангелаў?
Але як-жа споўняцца Пісаньні, што гэтак мусіць стацца?
Ды як жа збудзецца напíсанае, што гэта мусіць стацца?
У тую часіну сказаў Езус грамадам: Так як на разбойніка выйшлі вы з мячамі й кіямі, узяць мяне. Штодзень я сядзеў у вас, навучаючы ў сьвятыні, а вы не ўзялі мяне.
У той час сказаў Ісус народу: быццам на разбойніка выйшлі вы з мяча́мі ды кала́мі браць Мяне́; кожны дзе́нь сядзе́ў я з вамі, навучаючы ў сьвятыні, і вы ня бралі Мяне.
А ўсё гэта сталася, каб споўніліся Пісаньні прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы яго, паўцякалі.
Гэтае-ж усё сталася, каб збыліся пісаньні прарокаў. Тады ўсе́ вучні, пакінуўшы Яго, паўцякалі.
Яны-ж, узяўшы Езуса, павялі да Кайфаша, архісьвятара, дзе былі сабраўшыся кніжнікі й старшыны.
А ўзяўшыя Ісуса, завялі Яго да Кайяфы, архірэя, куды сабраліся кніжнікі і старшыні.
А Пётр ішоў за ім здалёк аж да панадворку архісьвятаровага і, ўвайшоўшы ў сярэдзіну, сядзеў з прыслужнікамі, каб бачыць канец.
Пётр жа сьле́даваў за Ім здалёк да падворка архірэйскага; і, увайшоўшы ў сярэдзіну, се́ў з слугамі, каб бачыць кане́ц.
Архісьвятары-ж і старшыны ды ўся Рада шукалі фальшывага сьвядоцтва супроць Езуса, каб зрабіць яму сьмерць,
Архірэі і старэйшыны ды ўве́сь сынэдрыон шукалі фальшывых сьвядоцтваў проці Ісуса, каб забіць Яго.
ды не знайшлі, хоць шмат прыходзіла фальшывых сьветкаў. Уканцы-ж прыйшлі два хвальшывыя сьветкі
І не знайшлі; і, хаця многа фальшывых сьве́дкаў прыходзіла, не знайшлі. Уканцы прыйшлі два фальшывыя сьве́дкі
і сказалі: Гэты гаварыў: «Магу разбурыць сьвятыню Божую ды за тры дні адбудаваць яе».
і сказалі: Ён казаў: магу зруйнаваць царкву Божую і ў тры дні збудаваць яе́.
Падняўся першасьвятар і кажа яму: Нічога не адказваеш на тое, што гэтыя на цябе сьветчаць?
І, устаўшы, архірэй сказаў Яму: Ты нічога не адка́зваеш? Што яны проці Цябе́ сьве́дчаць?
Адыж Езус маўчаў. Першасьвятар тады кажа яму: Запрысягаю цябе жывым Богам, скажы нам, ці ты ёсьць Хрыстус, Сын Божы?
Ісус маўчаў. І архірэй сказаў Яму: заклінаю Цябе́ Богам жывым, скажы нам, ці Ты — Хрыстос, Сын Божы?
Езус гавора яму: Ты сказаў. Адыж гавару вам: адцяпер убачыце Сына чалавечага, сядзячага праваруч Усемагутнасьці й прыходзячага ў ваблоках нябесных.
Ісус кажа яму: ты сказаў; да таго кажу вам: адгэтуль убачыце Сына Чалаве́чага, се́дзячы з правага боку сілы і ідучы на воблаках нябе́сных.
Разарваў тады першасьвятар на сабе адзенне, кажучы: Зблюзніў! Нашто нам яшчэ сьветкі? Вось чулі-ж блюзнерства.
Тады архірэй разьдзер адзе́жы свае́ і сказаў: Ён блюзьніць: на што нам яшчэ сьве́дкі? вось жа цяпе́р вы чулі хулу́ Яго.
Як вам здаецца? Яны кажуць у вадказ: Годзен сьмерці.
Як вам здае́цца? Яны-ж сказалі ў адказ: варт сьме́рці.
І пачалі пляваць яму ў твар ды біць кулакамі, іншыя-ж давалі пашчочыны,
Тады плява́лі Яму ў аблічча і ту́залі Яго; другія-ж білі Яго па шчо́ках
кажучы: Прароч нам, Хрысьце, хто гэта цябе ўдарыў?
ды казалі: адгадай, Хрыстос, хто ўда́рыў Цябе́?
А Пётр сядзеў на дварэ вонках. І падыйшла к яму адна служніца дый кажа: І ты-ж быў з Езусам Галілейскім.
А Пётр сядзе́ў вонках на падворку, і падыйшла да яго служка ды сказала: і ты быў з Ісусам Галіле́янінам.
Адыж ён адрокся перад усімі, кажучы: Ня ведаю, што гаворыш.
Але ён адрокся перад усімі, сказаўшы: ня ве́даю, што ты гаворыш.
А як выйходзіў да брамы, спанатрыла яго другая прыслужніца й кажа тым, што там стаялі: І гэты быў з Езусам Назарэйскім.
Калі-ж ён выходзіў за вароты, уба́чыла яго другая, ды кажа быўшым там: гэты быў з Ісусам Назарэем.
І зноў адрокся, прысягаючы, што ня знае чалавека.
І ён ізноў адрокся, прысягаючыся, што ня ве́дае чалаве́ка гэтага.
Крыху пазней падыйшлі тыя, што стаялі там ды сказалі Пятру: Сапраўды і ты з іх, бо і гаворка твая цябе выдае.
Крыху паждаўшы, падыйшлі туды стаяўшыя там і сказалі Пятру: запраўды, ты з іх, бо і гутарка твая выдае́ цябе́.
Тады пачаў назаклён адманвацца, што ня знае гэтага чалавека. І воміг тут-жа запяяў певень.
Тады ён зачаў клясьціся і бажы́цца, што ня ве́дае гэтага чалаве́ка. І ўраз-жа запяяў пе́вень.
І прыпомніляся Пятру запавешчанае слова Езусава: «Перш чымся запяе певень, ты трэйчы адрачэшся мяне». І выйшаўшы вонкі, горка заплакаў.
І прыпомніў Пётр ска́занае яму Ісусам, як гаварыў: пе́рш, чымся пе́вень прапяе́, тройчы адрачэшся ад Мяне́. І, выйшаўшы вонкі, плакаў горка.