Мацьвея 6 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Л. Дзекуць-Малея

 
 

Высьцерагайцеся даваць субожыну вашу перад людзьмі, каб яны бачылі вас, ато ня будзеце мець нагароды ад Айца вашага, што ёсьць у небе.
 
Глядзе́це, не давайце міласьціны вашае перад людзьмі з тым, каб яны бачылі вас, бо тады ня будзе вам нагароды ад Айца вашага, што ў Нябёсах.

Дык ты, калі абдараеш, ня трубі перад сабою, як гэта робяць крывадушнікі ў бажніцах і на вуліцах, каб хвалілі іх людзі. Сапраўды кажу вам: яны атрымалі сваю заплату.
 
Дык вось, калі дае́ш міласьціну, ня трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў школах і на вуліцах, каб выхвалялі іх людзі. Запраўды кажу вам: яны ўжо дастаю́ць нагароду.

А ты, як робіш дарэнне, хай левая рука твая ня ведае, што робіць правая,
 
У цябе́-ж, калі ты до́рыш, няхай ле́вая рука твая ня ве́дае, што робіць правая,

каб дарэнне тваё было ў скрытнасьці, і Айцец твой, які бачыць у скрытнасьці, аддасьць табе.
 
каб міласьціна твая была ўто́ена, і Аце́ц твой, які бачыць уто́енае, нагародзіць цябе́ яўна.

І калі моліцеся, ня будзьце, як крывадушнікі, якія любяць у бажніцах і на вуглох вуліц стоячы маліцца, каб іх людзі бачылі; сапраўды кажу вам: яны атрымалі сваю нагароду.
 
І калі молішся, ня будзь, як крывадушнікі, якія любяць у школах і на вуглах вуліцаў прыстоіваць молячыся, каб паказацца перад людзьмі. Запраўды́ кажу вам, што яны ўжо дастаю́ць нагароду сваю.

А ты як молішся, ўвайдзі ў сьвятліцу сваю і, зачыніўшы дзьверы, маліся да Айца твайго ў скрытнасьці і Айцец твой, які бачыць утоенае, аддасьць табе.
 
Ты-ж, калі молішся, увайдзі ў камору тваю і, зачыніўшыся, памаліся Айцу Твайму, які Сам ута́йне, і Аце́ц твой, вíдзячы ўто́енае, нагародзіць цябе яўна.

А молячыся не гаварэце лішне, як пагане, бо яны думаюць, што ў многаслоўі сваім будуць выслуханы.
 
А молячыся не гавары лішняга, як пагане, бо яны думаюць, што ў многасло́ўі сваім будуць пачуты.

Ня будзьце падобны да іх, бо ваш Айцец ведае, чаго вам трэба, перш, чым у яго папросіце.
 
Ня будзьце падобны да іх, бо ве́дае Аце́ц ваш, у чым вы ма́еце патрэбу, ране́й, чым папросіце ў Яго.

Малецеся-ж вось гэтак: Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё,
 
Маліцеся-ж вось гэтак: Ойча наш, каторы ёсьць у нябёсах! няхай сьвяціцца імя Тваё;

прыдзі валадарства Тваё, будзь Твая воля, як у небе, так і на зямлі.
 
Няхай прыйдзе Царства Тваё; няхай будзе воля Твая, як у не́бе, так і на зямлі.

Хлеба нашага штодзеннага дай нам сяння.
 
Хле́б наш штодзе́нны дай нам сягоньня.

і адпусьці нам віны нашы, як і мы адпушчаем вінаватым нашым
 
І даруй нам даўгі нашыя, як і мы даро́вуем даўжніко́м нашым;

і ня ўводзь нас у пакусу, але збаў нас ад злога. Амэн.
 
і ня ўводзь нас у спакушэньне, але захавай нас ад злога. Бо Тваё ёсьць Царства і сіла і слава наве́кі. Амін.

Бо калі вы адпусьціце людзям віну іхнюю, то і вам адпусьціць Айцец ваш нябесны праступкі вашы.
 
Бо, калі вы даро́вуеце лю́дзям правіннасьці іх, то і вам даруе Аце́ц ваш, што ў нябёсах;

А калі не даруеце людзям, то і Айцец ваш не даруе вам правінаў вашых.
 
а калі ня будзеце дароўваць людзям правіннасьцяў іх, то і Аце́ц ваш не даруе вам вашых правіннасьцяў.

А як посьціце, ня будзьце, як крывадушнікі, гмырлівыя, бо яны насупліваюць сваё аблічча, каб паказацца перад людзьмі, што посьцяць. Папраўдзі кажу вам, яны дасталі нагароду сваю.
 
Гэтак сама, калі посьціце, ня будзьце панурымі, быццам крывадушнікі; бо яны зьмяняюць сваё аблічча, каб паказацца перад людзьмі, што посьцяць. Запраўды́ кажу вам, што яны ўжо атрымо́ўваюць нагароду сваю.

А ты, калі посьціш, намасьць галаву сваю ды абмый твар свой,
 
А ты, калі посьціш, пама́ж галаву тваю і ўмый аблічча тваё,

каб ня людзям паказацца посьцячым, але Айцу свайму, які ёсьць у скрытнасьці, і Айцец твой, што відзіць у скрытнасьці, аддасьць табе.
 
каб не перад людзьмі каза́цца посьцячым, але перад Айцом тваім, што ўто́ены, і Аце́ц твой, ба́чучы ўтоенае, нагародзіць цябе́ яўна.

Ня збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе іржа і моль з’ядае, ды дзе зладзеі падкопваюць і крадуць,
 
Ня зьбірайце сабе́ скарбаў на зямлі, дзе́ моль і іржа нішчыць, і дзе́ зладзе́і падка́пываюцца і крадуць;

але збірайце скарбы ў небе, дзе ані іржа, ані моль ня глуміць і дзе зладзеі не крадуць.
 
але зьбірайце сабе́ скарбы на не́бе, дзе́ ні моль, ні іржа ня нішчыць, і дзе́ зладзе́і не падкапываюцца і не крадуць.

Бо дзе скарб твой, там і сэрца тваё.
 
Бо дзе́ скарб ваш, там будзе й сэрца вашае.

Светачам цела твайго ёсьць тваё вока. Калі вока тваё будзе шчырае, то ўсё цела тваё будзе сьветлае.
 
Сьве́тачам це́ла ёсьць вока. Вось жа, калі вока тваё будзе яснае, то ўсё це́ла тваё будзе прасьве́тленае.

А калі вока тваё будзе нягоднае, то ўсё цела тваё будзе цёмнае. Дык калі сьвятло, што ў табе, ёсьць цемрай, то якая-ж вялікая будзе сама цемра?
 
Калі-ж вока тваё будзе нягоднае, то ўсё це́ла тваё будзе ў це́мры. І вось, калі сьвятло́, што ў табе́, ёсьць це́мра, дык якая-ж це́мра сама́?

Ніхто ня можа двом паном служыць, бо або аднаго ненавідзеціме, а другога любіціме, або да аднаго прыхінецца, а другога зняхаіць. Ня можаце Богу служыць і мамоне.
 
Ніхто ня можа служыць двом паном; бо ці пе́ршага будзе ненавідзець, а другога любіць, ці пе́ршаму пачне спрыя́ць, а аб другога нядба́ць. Ня можаце служыць Богу і маммоне.

Вось чаму і кажу вам: ня журэцеся аб жыцьці вашым што будзеце есьці, ані аб целе вашым у вошта адзецца. Ці-ж душа не важнейшая за пажыву, а цела за адзежу?
 
Вось чаму й кажу вам: ня турбуйцеся дзеля душы вашае, што́ вам е́сьці і што́ піць, ні дзеля це́ла вашага, у вошта адзе́цца. Ці-ж душа ня больш за е́жу, і це́ла за адзе́жу?

Паглядзеце на птушкі нябесныя, што ня сеюць, ані жнуць, ані збіраюць у сьверні, адыж Айцец ваш нябесны корміць іх. Ці-ж вы ня варты многа болей за іх?
 
Паглядзе́це на птушак нябе́сных, што ня се́юць, ня жнуць і ня зьбіраюць да сьвірнаў, і Аце́ц ваш Нябе́сны корміць іх; хіба́-ж вы ня ле́пшыя за іх?

Дый хто з вас можа сваёю турботай дадаць да ўласнага ўзросту адзін локаць?
 
Дый хто з вас сваёй турботай можа дадаць сабе́ росту хоць на адзін локаць?

І аб адзенні нашто турбавацца? Гляньце на лілеі ў полі, як яны растуць: не працуюць, не прадуць;
 
І аб адзе́ньне чаго турбуецеся? Паглядзе́це на палявыя ліле́і, як яны растуць: не працуюць, не прадуць;

а я вам кажу, што і Салямон ва ўсёй славе сваёй ня быў гэтак адзеты, як адна з іх.
 
а Я кажу вам, што й Салямон у-ва ўсёй сла́ве сваёй не адзяваўся так, як кожная з іх.

Калі-ж палявую траву, якая сяння ёсьць, а заўтра кідаецца ў печ, Бог так адзяе, то куды болей вас малаверных?
 
Калі-ж траву палявую, якая сягоньня ёсьць, а заўтра будзе ўкінена ў печ, Бог гэтак адзявае, дык ці не бале́й таго вас, малаве́рныя?

Дык не клапацецеся, кажучы: «Што будзем есьці, або што будзем піць, ці ў вошта адзявацімемся?»
 
Дык вось, ня турбуйцеся й не кажэце: што́ нам е́сьць? ці: што́ піць? ці: ў вошта адзе́цца?

бо ўсяго гэтага пагане шукаюць. Дый Айцец ваш ведае, што ўсяго гэтага вам патрэба.
 
Бо ўсяго гэтага шукаюць пагане, дый Аце́ц ваш Нябесны ве́дае, што ўсё гэтае вам патрэбна.

Дык шукайце перш валадарства Божага й справядлівасьці яго, а гэнае ўсё будзе вам дададзена.
 
Шукайце-ж пе́рш царства Божага і праўды Яго, а тое ўсё прыложыцца вам.

Вось-жа ня турбуйцеся пра заўтрашняе, бо заўтрашні дзень сам аб сабе турбавацімецца. Хопіць на кожын дзень свае бяды.
 
Дык ня турбуйцеся аб заўтрашні дзе́нь, бо заўтрашні дзе́нь сам будзе турбавацца аб сваё. Годзе для кожнага дня свайго ліха.